Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін
Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв’ю «Нашай Ніве», у якім мы абмеркавалі палітычныя вынікі працы яе Офіса за год, закранулі праблемы легалізацыі беларусаў за мяжой і тое, калі чакаць чарговага вызвалення палітвязняў.
Закранулі і асабістае — спорт, музыку, дзяцей і тое, што дазваляе трымацца ў такім шалёным рытме без псіхолагаў і антыдэпрэсантаў. А таксама Сяргея Ціханоўскага, які ў стрымах выступае з крытыкай і абразамі на адрас жонкі.
Публікуем частку размовы, поўнае інтэрв’ю з’явіцца на сайце пазней.

«Наша Ніва»: У сваім апошнім стрыме на чатыры гадзіны Сяргей падымае ідэю стварэння Офіса аб'яднаных дэмакратычных сіл. Там шмат крыўды пра тое, што менавіта вы нібыта адмовіліся ў гэтым удзельнічаць першай, і таму ўсё пасыпалася. Ці праўда гэта?
Святлана Ціханоўская: У нас цяпер пабудаваная такая архітэктура дэмакратычных сіл, што я ўпэўненая, што кожны, хто хоча рабіць унёсак у працу, у перамогу, можа знайсці сабе месца. Я разумею, што нашы структуры недасканалыя, шмат можна працаваць і над аб’яднаннем, і над празрыстасцю, і над нейкімі стратэгічнымі рашэннямі, але я лічу, што такое ўзаемадзеянне можа будавацца толькі на ўзаемнай павазе.
Ведаеце, аб’яднанне — гэта не пра тое, што ўсе людзі думаюць аднолькава. Гэта пра тое, што людзі з рознымі поглядамі могуць сесці і, гледзячы адзін аднаму ў вочы, дамовіцца пра супрацоўніцтва на супольную мэту пра Беларусь.
Так, Сяргей звярнуўся да мяне, я з ім размаўляла. Я не ведаю, чаму ён, напрыклад, не зачытаў майго адказу — я яму проста сказала, што калі ты бачыш і адчуваеш у сабе моц абмяркоўваць стратэгічныя кірункі, стратэгічныя рашэнні, то гэта магчыма, толькі калі ты перастанеш абражаць людзей навокал. Такі быў мой адказ. Гэта не тое што ўмова, але я б хацела, канечне, каб змяніўся тон гэтых прамоваў.
А агулам я не супраць і перамоваў, і супольных стратэгічных сесій. Але калі я разумею, што людзі туды прыйдуць і будуць чуць абразы, я так працаваць не змагу. Нават калі гэта мой муж.

«НН»: Выглядае, што з боку Сяргея ёсць нейкая крыўда. Што яе справакавала менавіта на ваш адрас? Які момант мог стаць пераломным, ёсць разуменне?
СЦ: Я не магу казаць за Сяргея, але першапачаткова ён мае такі асабісты характар.
Я вельмі-вельмі чакала яго з турмы, і калі ён выйшаў, я думала, што мы станем побач, мы разам будзем працаваць на супольныя мэты. Я разумею, што ён кажа, што яму ніхто нічога не прапаноўваў і гэтак далей. Я не буду ў гэтым капацца, бо заўжды ёсць у кожнага свая праўда.
Але ёсць па фактах, што ён пачаў аддаляцца. Ён не хацеў са мной інтэрв'ю даваць, тыпу «ну я асобны» — добра, ты асобны. Потым ён вырашыў паехаць у Амерыку для ўдасканальвання мовы, вучыцца — добра. Але ж, ведаеце, што я заўважыла? Што тыя патэрны паводзін, якія ў яго былі ў нашай сям'і да 2020 года, паўтараюцца. А з такім я ўжо мірыцца не магу.

«НН»: Ідзе гаворка пра пазіцыю сілы з яго боку?
СЦ: Без падрабязнасцяў, але стыль і камунікацыі, і паводзінаў…
Я чамусьці для сябе вырашыла, што гэта зменіцца. Яно не змянілася.
І я аднойчы з ім пагаварыла, што не бачу, што мы можам працягваць адносіны, калі ты сябе так паводзіш. Ён прапанаваў узяць перапынак, вызначыць перыяд у шэсць месяцаў, каб паглядзець, як мы зможам далей рухацца. Я маю на ўвазе ў рамках сям'і, у асабістых адносінах. А потым здарыўся жнівень, ці калі ён там пачаў тыя абразы ў мой бок… То-бок тут ужо зразумела, што гэтыя паводзіны не толькі не змяніліся, яны, можа, нават пагоршалі.
«НН»: Учора Сяргей на сваім ютуб-канале паабяцаў, што прысвяціць цэлы асобны эфір вашым адносінам — ці вы ў курсе яго памкненняў? Ці вы камунікуеце як муж і жонка, каб, магчыма, паўплываць на яго? Ці ўвогуле з вашага боку ёсць жаданне прадпрымаць нешта для ратавання і нармалізацыі гэтых адносін?
СЦ: Я не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за яго стрымы, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных адносін. Я маю на ўвазе сямейных. Бо палітычна — калі ёсць агонь, калі ёсць пэўны паважлівы тон, то можна, канечне, працаваць. Сяргей мае талент даносіць пазіцыю, мае талент размаўляць з беларусамі. І калі б гэта было ў канструктыўным рэчышчы ў рамках агульнай стратэгіі, то гэта магчыма. А што тычыцца асабістага, то я не ўпэўненая.
Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна
Ціханоўскі заявіў, што дамовіўся з Бабарыкам і Калеснікавай пра ўдзел у «Аб'яднаным Офісе». Тыя адмаўляюць гэта
Якім Ціханоўскі бачыць «Аб'яднаны Офіс»? Засядаюць 14 чалавек, а Ціханоўскую праз год чакаюць выбары
Каментары
Вся надежда на то, что он изменился и прочее - улетучилась после истории в НЙ на Генассамблее ООН, когда он себя повёл как последний ***.
Детей - жаль, они не заслужили такого отца.
Светлану - жаль, но. Светлана - большой вам респект что не терпите это и можете поставить точку ради своего будущего и нормального будущего ваших детей.
Максимальная вам поддержка, и не обращайте внимания на оскорбления в комментариях.