«Хто як працуе, той так і есць». Зміцер Дашкевіч паказаў сваю ссабойку ад каханай
Пасля публікацыі «Нашай Нівы» пра завадчаніна з Гомеля, які стаў зоркай тыктоку дзякуючы аглядам сваіх абедаў, Зміцер Дашкевіч таксама вырашыў паказаць, што ў яго ў кантэйнерах. Заадно павіншаваў выданне з днём нараджэння.

«Змагары і змагаркі, усім прывітанне! Як мы ведаем, цяпер у трэндзе ссабойкі. Пра гэта нам паведаміла першая беларуская газета з рысункамі, якую, дарэчы, сёння мы віншуем з днём народзінаў», — пачынае Дашкевіч сваё відэа ў Threads.
Далей ён дастае сваю ссабойку «ад каханай».
«Ну не бяды! Во, калі ласка: халва бабруйская, наша любімая, у пачцы. Такую ў ПКТ замовіш адну, дзве — думаеш, што ты ў раі».
Там жа цукеркі «Вільнюс» і «Рамонак». Ёсць і яблыкі — «напэўна, беларускія, а можа, польскія».
Далей чарга асноўнай стравы.
«Оба-на! Так, рысік з чырвонай рыбкай, набытай у Lidl, па зніжцы, канешне. Гуркі маласольныя. Ну, я лічу, што так няблага — ну, хто як працуе, той так і есць», — падсумоўвае Дашкевіч.
Раней «Наша Ніва» расказала пра зорку тыктоку Руслана Багдановіча, які працуе на двух заводах і здымае агляды ссабоек, сабраных жонкай. Мужчына раскладвае кантэйнеры на газеце і на трасянцы з захапленнем пералічвае свае абедзенныя багацці: ад смажанай мойвы і бліноў да цешчыных агурочкаў.
Каментары