Грамадства

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна сталі лаўрэатамі прэміі «Індэкс цэнзуры»

Беларусы атрымалі ўзнагароду 25 лістапада ў Лондане. Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі адзначаныя спецыяльнай узнагародай Рады брытанскай арганізацыі Index on Censorship («Індэкс цэнзуры»), піша БАЖ.

«Андрэй — частка сям’і Index, і тое, праз што давялося прайсці яму і яго жонцы Ірыне — працяглы час у турмах Лукашэнкі за падтрымку суайчыннікаў-беларусаў, — стала ўдарам па свабодзе выказвання, — адзначыла кіраўніца «Індэкса цэнзуры» Джэмайма Стайнфелд. — З іншага боку, іх дзеянні, з‑за якіх яны апынуліся пад прыцэлам рэжыму Лукашэнкі, — гэта тое, што заслугоўвае ўшанавання.

Нават у самыя змрочныя часы яны працягвалі адстойваць свае перакананні і ствараць. Для нас было гонарам апублікаваць вершы, напісаныя Андрэем у зняволенні, і сёння для нас вялікі гонар ушанаваць яго і Ірыну. Разам з тым мы далучаемся да іх заклікаў да неадкладнага вызвалення ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі. Гэтае святкаванне — толькі частковае, пакуль столькі людзей застаюцца за кратамі».

«Для мяне гэта вельмі асаблівая ўзнагарода. Як вы ведаеце, я быў штатным супрацоўнікам Index on Censorship, таму магу сказаць, што цяпер быў з абодвух бакоў гэтай прэміі, — сказаў Андрэй Аляксандраў падчас цырымоніі. — Мяне заўсёды ўзрушвалі і захаплялі гісторыі журналістаў, мастакоў, пісьменнікаў, грамадскіх актывістаў з розных краінаў свету, якія станавіліся пераможцамі і намінантамі прэміі «Індэкса».

Гісторыі мужных людзей, якія аддана рабілі сваю працу, бо ведалі, што без свабоды выказвання немагчымае нармальнае існаванне чалавечага грамадства. Для мяне яны заўжды былі прыкладам, натхненнем і вялікай матывацыяй. Для мяне вялікі гонар стаць у адзін шэраг з гэтымі людзьмі».

Падчас цырымоніі Андрэй назваў імёны 16 журналістаў, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

«Яны застаюцца для мяне натхненнем і матывацыяй да дзеянняў, — адзначыў Аляксандраў. — Я назваў іх, каб гэтыя людзі хаця б сымбалічна апынуліся разам з намі — бо іх месца тут побач са мной, а не ў турме. Гэтая ўзнагарода — для ўсіх іх. Для ўсіх тых, хто адмаляецца маўчаць, калі бачыць несправядлівасць, тыранію і гвалт. Сёння я маю гонар быць іх голасам — таксама, як «Індэкс» і шмат хто з маіх калегаў былі маім голасам апошнія шэсць гадоў».

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі асуджаныя па «справе БелаПАН» і адбылі ў зняволенні болей за пяць год і восем месяцаў. Таму свабода слова ніколі не была для іх абстрактным паняццем, сказала падчас цырымоніі Ірына. У яе ёсць кошт, і сёння каля тысячы чалавек у Беларусі працягваюць яго плаціць.

«Майго мужа арыштавалі ў адзін дзень са мной. Калі ён выйшаў на волю амаль праз шэсць гадоў зняволення, першае, пра што ён спытаў у Джона Коўла: калі будуць вызваляць людзей, якія засталіся за кратамі. Пазней хтосьці прадставіў яго як «былога журналіста», на што ён мякка запярэчыў: былых журналістаў не бывае. Думаю, ён мае рацыю, — адзначыла Ірына Злобіна. — Нават у турме людзі знаходзяць спосабы збіраць навіны, правяраць іх і перадаваць далей — без тэлефонаў, інтэрнэту і рэдактараў. Гэта дапамагае людзям захоўваць здаровы розум і сумленнасць у разуменні таго, што іх чакае наперадзе».

Паводле былой палітзняволенай, найбольш каштоўны рэсурс у цяперашнім свеце — гэта не нафта, а давер.

«Усё большая доля гэтага даверу пераходзіць ад людзей да алгарытмаў. Многія з тых, хто больш не давярае палітыкам, без ваганняў давяраюць сваёй стужцы навін, — сказала Злобіна. — Турма даволі хутка вучыць адрозніваць адно ад другога. Інфармацыя без даверу — гэта проста шум, а давер без інфармацыі — гэта толькі вера. Нам патрэбныя людзі, якія правяраюць факты і гатовыя паставіць пад імі сваё імя. Менавіта на гэтым заўсёды будаваліся нашы супольнасці. Тэхналогіі самі па сабе не займаюць нічыйго боку. Яны служаць тым, хто карыстаецца імі мэтанакіравана і адказна».

«Мой муж кажа, што былых журналістаў не бывае. Я б дадала, што не бывае і «былога» свабоднага слова. Яно жыве, пакуль нехта працягвае яго вымаўляць. Таму, калі ласка, давайце не будзем спыняцца», — падсумавала Ірына Злобіна.

Index on Censorship («Індэкс цэнзуры») — брытанская арганізацыя, якая праводзіць кампаніі за свабоду выказвання. Яна была заснаваная ў 1972 годзе. Ад 2001 году яна ўручае штогадовыя Freedom of Expression Awards — узнагароды ў галіне свабоды выказвання. Лаўрэаты вызначаюцца ў чатырох намінацыях: «Мастацтва», «Грамадская кампанія», «Журналістыка», а таксама Спецыяльная ўзнагарода Рады апекуноў арганізацыі. У мінулыя гады ларэатамі прэміі ў апошняй намінацыі станавіліся прэзідэнт Украінскага ПЭН Андрэй Куркоў (2022), пісьменнік Салман Рушдзі (2023), расейская праваабаронца Яўгенія Кара-Мурза (2024) і лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская (2025). 

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўская расказала пра адносіны з Польшчай, наступнае вызваленне палітвязняў і сям'ю. І звярнулася да сілавікоў і чыноўнікаў16

Ціханоўская расказала пра адносіны з Польшчай, наступнае вызваленне палітвязняў і сям'ю. І звярнулася да сілавікоў і чыноўнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Украінская тэнісістка Эліна Світоліна ацаніла віншаванне з боку расіянкі Андрэевай як правакацыю7

У Браславе расказалі, як збіраюцца выкарыстоўваць сядзібу ў Відзах-Лаўчынскіх4

Z-блогер Раманаў аб’явіўся пасля амаль месяца маўчання і чутак пра затрыманне6

Украіна ўдарыла па расійскай авіябазе «Саваслейка». Генштаб УСУ паведаміў пра пяць падбітых самалётаў5

На краі Сонечнай сістэмы можа хавацца велізарная планета. Што знайшлі навукоўцы2

Гудзенне ў трубах перашкаджае спаць — жыхары аднаго са шматпавярховікаў у Барысаве не могуць дамагчыся цішыні

Лукашэнка пра пачатак вайны: У 2022‑м амерыканцы папярэджвалі… І правільна папярэджвалі!21

У Польшчы памёр 27‑гадовы беларускі былы палітвязень4

Лукашэнка заявіў, што Бог вырашыць, калі яму сыходзіць з пасады34

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская расказала пра адносіны з Польшчай, наступнае вызваленне палітвязняў і сям'ю. І звярнулася да сілавікоў і чыноўнікаў16

Ціханоўская расказала пра адносіны з Польшчай, наступнае вызваленне палітвязняў і сям'ю. І звярнулася да сілавікоў і чыноўнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць