У Барселоне акцыі пратэсту завяршыліся сутыкненнямі з паліцыяй і рабаваннямі
Сутыкненні пачаліся пасля завяршэння асноўных акцый пратэсту, прымеркаваных да першай за 14 гадоў усеагульнай забастоўкі. На вуліцы Барселоны выйшла больш за 50 тысяч чалавек, а пасля асноўнай дэманстрацыі людзі ў масках сталі падпальваць смеццевыя бакі і разбіваць вітрыны крам, піша Бі-бі-сі.

Асноўны маршрут дэманстрацый праходзіў праз Пасеа-дэ-Грасія, галоўны праспект Барселоны. Днём там сышліся пратэстоўцы, з розных калон. Як адзначае выданне El País, марш прайшоў хутчэй у святочнай атмасферы. Паводле ацэнак паліцыі Барселоны, у ім узялі ўдзел 55 тыс. чалавек; у прафсаюзаў іншыя, значна больш унушальныя лічбы — 400 тыс. удзельнікаў.
Нагодай для забастоўкі стаў зацяжны жыллёвы крызіс у Іспаніі. Пратэсты сумесна падтрымалі два найбуйнейшыя прафсаюзы Іспаніі UGT і CCOO, а таксама іншыя прафсаюзныя арганізацыі і асацыяцыі арандатараў, абураныя ростам арэнднай платы і высяленнямі.
Паводле звестак цэнтральнага банка, у Іспаніі назіраецца дэфіцыт прыкладна 750 тыс. дамоў. Як чакаецца, да 2028 года ў краіне будзе не хапаць больш за мільён дамоў.
Пасля афіцыйнага заканчэння забастоўкі група людзей разбіла вітрыны крам уздоўж Пасеа-дэ-Грасія, разрабавала некаторыя з іх і падпаліла крамы.
Больш за іншых пацярпела крама цацак Lego, фасад якой быў пашкоджаны. Таксама былі заўважаны пратэстоўцы, якія спрабавалі пранікнуць у краму Apple, паведамляюць карэспандэнты Бі-бі-сі.
На вуліцы былі падпалены дзясяткі смеццевых кантэйнераў, адбыліся сутыкненні з паліцыяй.
Карэспандэнт Бі-бі-сі пагутарыў з удзельніцай пратэстаў у Барселоне: паводле яе слоў, у цэлым акцыя праходзіла вельмі мірна і нават «радасна». Жанчына расказала, што прыйшла выказаць пратэст супраць высокіх цэн на жыллё, дадаўшы, што «там было шмат дзяцей і пажылых людзей».
Увечары яна знаходзілася ў раёне бульвара Рамбла і бачыла на вуліцах вогнішчы. «Агонь быў паўсюль, абстаноўка была вельмі напружанай», — расказала яна.
Прэзідэнт Жэнералітата Каталоніі (вышэйшага органа кіравання аўтаноміі) Сальвадор Ілья асудзіў беспарадкі. «Ні гвалт, ні вандалізм не адлюстроўваюць пазіцыю людзей, якія мірна дэманстравалі на працягу ўсяго дня. У Каталоніі тыя, хто здзяйсняе злачынствы, заплацяць за гэта», — напісаў Сальвадор Ілья ў сацсетцы X.
Паводле звестак мэра Барселоны Жаўмэ Кальбоні, паліцыя Каталоніі арыштавала 50 чалавек у сувязі з інцыдэнтамі. Ён таксама абвясціў, што гарадскі савет далучыцца да судовага разбору з нагоды прычыненай шкоды.
Агульнанацыянальная забастоўка стала вынікам некалькіх тыдняў акцый пратэсту, выкліканых высяленнем і наступнай смерцю 87‑гадовай жанчыны ў Мадрыдзе.
У кастрычніку парламент Іспаніі адхіліў урадавы дэкрэт, накіраваны на тое, каб стрымаць колькасць высяленняў за нявыплату і абмежаваць нястрымны рост кошту арэнды жылля. Нароўні з працяглымі пратэстамі гэта вымусіла прэм'ер-міністра Педра Санчэса прызначыць датэрміновыя выбары на 29 лістапада.
Сацыялісты на чале з Педра Санчэсам падтрымалі акцыі пратэсту, а віну за жыллёвы крызіс усклалі на правую апазіцыю.
Каментары