Свет

«Страчаны працоўны дзень». Што вядома пра глабальны збой Microsoft

Маштабны глабальны збой у працы сістэм Microsoft прывёў да непаладак у працы — а ў шэрагу выпадкаў і да поўнага адключэння — цэлага шэрагу сэрвісаў, уключаючы электронную пошту і прадукты на базе штучнага інтэлекту, піша Бі-бі-сі.

Фота: Scott Olson/Getty Images

Паводле звестак сайта для адсочвання збояў Downdetector, пік паведамленняў пра праблемы з паштовым сэрвісам Outlook прыпаў на вечар чацвярга, 20:00 па Мінску: было зафіксавана каля 140 000 скаргаў па ўсім свеце.

У Microsoft заявілі, што прычынай збою не быў інцыдэнт з кібербяспекай, аднак спробы ліквідаваць непаладкі пакуль не прынеслі істотных вынікаў.

Вось што да цяперашняга моманту вядома пра тое, якія сэрвісы пацярпелі і што менавіта пайшло не так.

Што не працуе?

«Праблемы з падключэннем» закранулі службы Microsoft 365, у тым ліку Teams, Outlook і праграмнае забеспячэнне на базе штучнага інтэлекту Microsoft Copilot.

Карыстальнікі скардзіліся, што не могуць адпраўляць ці атрымліваць электронныя лісты, праглядаць пэўныя файлы або даныя ў сваіх каляндарных праграмах.

Пры гэтым некаторыя карыстальнікі па-ранейшаму могуць паўнавартасна працаваць у Teams, абменьвацца паведамленнямі і праводзіць анлайн-сустрэчы ў звычайным рэжыме.

Колькі карыстальнікаў закранута?

Дакладны маштаб збояў пакуль не пацверджаны, аднак паводле звестак Downdetector, на праблемы ў чацвер вечарам скардзіліся каля 140 000 чалавек з 74 краін. На наступны дзень раніцай (каля 07:00 па Грынвічы) было 43 000 паведамленняў пра праблемы з Microsoft Outlook.

Згодна з сайтам Microsoft, праграмамі пакета Microsoft 365 карыстаюцца больш за 430 мільёнаў чалавек.

Гэтае праграмнае забеспячэнне выкарыстоўваюць кампаніі па ўсім свеце, таму чакаецца, што збой можа адбіцца і на працы іншых сэрвісаў.

Пра праблемы, выкліканыя збоем, паведамілі таксама тэхналагічныя кампаніі OpenAI і Anthropic.

У кампаніі OpenAI, якая стварыла ChatGPT, заявілі, што вывучаюць непаладкі, якія закранаюць падключэнне да сэрвісаў Microsoft — праз іх некарэктна працуюць некаторыя інструменты.

З цяжкасцямі сутыкнуліся і дзяржаўныя ведамствы — у прыватнасці, урад Сінгапура і аўстралійская спецслужба. У Японіі збоі закранулі ўрадавыя структуры і шматлікія буйныя кампаніі. Намеснік генеральнага сакратара кабінета міністраў Масанаа Адзакі папярэдзіў, што праца агульнай ІТ-інфраструктуры ўрада, якая выкарыстоўвае рашэнні Microsoft, сутыкнулася з перабоямі. Мясцовыя СМІ паведамілі, што некаторыя банкі і фінансавыя арганізацыі былі вымушаныя выкарыстоўваць факсы для пацвярджэння транзакцый.

Пра магчымыя цяжкасці папярэдзілі брытанскія паліклінікі і кабінеты сямейных лекараў, некаторыя з іх просяць пацыентаў звяртацца па тэрміновых пытаннях па тэлефоне, а не праз электронную пошту ці вэб-формы. Брытанская паліцыя таксама заклікала тэлефанаваць, а не карыстацца анлайн-формай.

Як піша Financial Times, швейцарская група кампаній Richemont, уладальнік брэндаў Cartier і Chloé, была вымушаная адкласці публікацыю сваіх паўгадавых фінансавых вынікаў у пятніцу, а амерыканскі вытворца электрычных грузавікоў Workhorse Group перанёс прадстаўленне квартальнай справаздачнасці, запланаванае на чацвер.

Што пайшло не так?

У Microsoft выключылі версію пра кібератаку і патлумачылі збой, які адбыўся, «падвышанай нагрузкай» на інфраструктуру.

Гэты тэрмін азначае, што серверы працуюць ва ўмовах значна больш высокай нагрузкі, чым звычайна.

Паводле заявы кампаніі, падчас збою вялікая колькасць сервераў «нечакана стала недаступнай», праз што ўзрос паток запытаў да астатніх сервераў, што прывяло да іх перагрузкі.

У апошнім абнаўленні кампанія паведаміла, што з'явіліся «першыя прыкметы» стабілізацыі сістэм, аднак іх стан пакуль недастаткова стабільны. Прапускная здольнасць сэрвісаў «яшчэ не вярнулася да нармальнага ўзроўню».

«У межах гэтых мер мы павялічваем час чакання дастаўкі электронных лістоў (timeout window) да 48 гадзін. Гэта дазволіць захаваць паведамленні, затрыманыя праз збой, пакуль працягваецца аднаўленне працы сэрвісаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Пад «часам чакання дастаўкі» (email timeout window) у гэтым кантэксце разумеецца перыяд, на працягу якога паштовы кліент — напрыклад, Outlook — будзе чакаць атрымання ўваходнага ліста.

Microsoft робіць гэты крок, каб пазбегнуць сітуацыі, пры якой лісты, адпраўленыя з іншых сістэм (напрыклад, з Gmail або іншых сэрвісаў, не закранутых збоем), маглі б быць страчаныя, калі б яны паступілі ў сістэму ў момант, калі яна яшчэ не цалкам адноўленая.

Раней у карпарацыі заяўлялі, што зробленыя спробы выправіць сітуацыю «не далі чаканага выніку».

Што кажуць эксперты?

Аўстралійскі эксперт па кібербяспецы Трой Хант заявіў у каментары Бі-бі-сі, што гэты збой можа мець далёкасяжныя наступствы.

«Microsoft — найважнейшая частка інфраструктуры інтэрнэту. Тое, што адбылося, нагадвае нам пра тое, наколькі крытычна важнай застаецца электронная пошта. Збой не толькі не дае людзям працаваць, але і перашкаджае выконваць іншыя задачы: узгадняць сустрэчы, рабіць пакупкі, якія патрабуюць верыфікацыі, ствараць акаўнты або атрымліваць да іх доступ», — адзначыў ён.

Пол Спейн з новазеландскай кансалтынгавай кампаніі Gorilla Technology дадаў, што праз недаступнасць электроннай пошты і іншых сэрвісаў кампаніі фактычна «страцілі працоўны дзень», што «фрустравала» карыстальнікаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі34

У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі

Усе навіны →
Усе навіны

У Крамлі пракаментавалі вынікі сустрэчы з амерыканскімі перамоўнікамі2

Наступны раўнд перамоў па Украіне мае прайсці на наступным тыдні3

Іларыёнаў: Пуцін пойдзе на саступкі тады, калі спыніцца прасоўванне расійскай арміі9

Муж меркаванай кітайскай шпіёнкі Эліс Хуанг сам пазнаёміў яе з кіраўніком Nvidia8

Пуцін, верагодна, стаў дзедам чацвёрты раз. Хлопчыка назвалі Адрыянам1

«Я быў у ГУБАЗіКу, быў у Мінкульце. Куды яшчэ схадзіць?» Віталя Артыста прызналі дармаедам9

Масква згадзілася на ўдзел Еўропы ў перамовах па Украіне11

Мегатоп упершыню выпусціў абутковы адвент-каляндар1

«Вы — мяса». 37‑гадовы будаўнік з Пінска паехаў на заробкі ў Пецярбург, а апынуўся ў штурмавой групе пад Суджай9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі34

У рамках «новай архітэктуры бяспекі» Масква прапануе вывесці ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі — інфармацыя пра перамовы ў Абу-Дабі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць