Перамога дэмакратаў у ЗША напалохала інвестараў у ШІ. Фірмы на біржы Nasdaq страцілі 2,5 трыльёна, кампаніі Маска — 300 мільярдаў
На наступны дзень пасля перамогі Дэмакратычнай партыі на выбарах у Кангрэс ЗША цэны акцый высокатэхналагічных фірмаў на біржах ЗША і Азіі абрынуліся на трыльёны даляраў. Інвестары асцерагаюцца, што дэмакраты ўзмоцняць кантроль над развіццём штучнага інтэлекту і затармозяць яго, піша Бі-бі-сі.

Індэкс Nasdaq composite у чацвер знізіўся на 5,52%. Гэта, па падліках Dow Jones data, азначае, што ўключаныя ў яго акцыі кампаній высокіх тэхналогій сумарна страцілі ў цане каля 2,5 трыльёна даляраў.
Страхі з-за перамогі дэмакратаў наклаліся на агульныя асцярогі інвестараў, што велізарныя сродкі, укладзеныя ў ШІ, могуць і не акупіцца. Індэкс Nasdaq з-за гэтых асцярог зніжаецца ўжо месяц.
«Уол-стрыт накрыла новая паніка з нагоды гандлю акцыямі ШІ-кампаній, — сказала галоўны спецыяліст па інвестыцыйных стратэгіях фірмы Wealth Club Сюзанна Стрытэр. — Да страхаў, што аддача ад велізарных сум, выдаткаваных на інфраструктуру ШІ, можа аказацца не такой, на якую разлічвалі інвестары, цяпер дадалася перспектыва рэзкага запаволення тэмпаў будаўніцтва дата-цэнтраў».
Кампаніі Маска — у мінусе на 300 мільярдаў
Гэтая паніка ўдарыла перш за ўсё па кампаніях, цесна звязаных з будаўніцтвам дата-цэнтраў для ШІ — вытворцам чыпаў і паўправаднікоў.
Акцыі Nvidia ўпалі больш чым на 9%, у выніку чаго кампанія патаннела на 400 мільярдаў долараў. Іншыя вытворцы чыпаў пацярпелі яшчэ больш: акцыі AMD і Micron упалі больш чым на 17%, акцыі Intel — на 10,3%.
Акцыі кампаній Ілана Маска SpaceX і Tesla таксама ўпалі — на 8% і амаль 11% адпаведна — і іх кошт рухнуў на 300 мільярдаў.
Ілан Маск выдаткаваў на перадвыбарчую кампанію рэспубліканцаў, якая скончылася правалам, амаль 450 млн даляраў, уключаючы 45 мільёнаў на кампанію кандыдата ў сенатары ад Тэхаса Кена Пэкстана. Традыцыйна рэспубліканскі Тэхас абраў дэмакратаў.
Іншыя амерыканскія біржавыя індэксы ў чацвер таксама знізіліся: Dow Jones Industrial Average страціў 3,4%, S&P 500 — 4,4%.
Азія таксама падае
У Азіі індэксы, якія ўключаюць кампаніі высокіх тэхналогій, страцілі яшчэ больш, чым амерыканскія.
Паўднёвакарэйскі індэкс Kospi ў пачатку таргоў раніцай у пятніцу абваліўся на 8,5%, з-за чаго біржа прыпыніла таргі, каб утаймаваць паніку. Акцыі вытворцы чыпаў SK Hynix упалі на 11,5%, акцыі Samsung — амаль на 10%.
Японскі Nikkei 225 у пачатку таргоў у пятніцу знізіўся амаль на 6%, уключаныя ў яго акцыі вытворцаў чыпаў Kioxia і Tokyo Electron страцілі ў цане 12,6% і 9,5%.
Многія кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі падчас перадвыбарчай кампаніі абяцалі затармазіць будаўніцтва дата-цэнтраў і развіццё ШІ. На іх думку, гэтая галіна развіваецца занадта хутка і бескантрольна.
Так, напрыклад, абраная губернатарам Тэхаса Джына Інахоса абяцала абвясціць мараторый на будаўніцтва новых дата-цэнтраў.
Цяпер, атрымаўшы большасць у абедзвюх палатах Кангрэса і такія высокія пасады, як тая, што зойме Інахоса, дэмакраты цалкам могуць выканаць свае абяцанні.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары