Букет ружаў у мінчанкі стаў вянуць праз дзве гадзіны пасля дастаўкі. Яна гэта так не пакінула
Жыхарка Мінска праз суд дамаглася вяртання грошай за букет з 65 ружаў, які завяў ужо праз дзве гадзіны пасля дастаўкі. У выніку прадавец павінен выплаціць амаль 4,8 тысячы рублёў — прыкладна ў 27 разоў больш за першапачатковы кошт кветак.

У студзені жанчына заказала ў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Р» дастаўку 65 зрэзаных ружаў і заплаціла за іх 176 рублёў. Аднак неўзабаве пасля атрымання букет пачаў вянуць. Пакупніца напісала прадаўцу ў месенджары з просьбай вярнуць грошы, але атрымала адмову.
Пасля гэтага мінчанка накіравала кампаніі афіцыйную прэтэнзію, а пазней звярнулася ў грамадскае аб’яднанне па абароне правоў спажыўцоў. Яно таксама даслала прадаўцу дасудовую прэтэнзію. Абодва звароты засталіся без адказу.
Тады грамадскае аб’яднанне падало пазоў у суд Ленінскага раёна Мінска. Яно патрабавала скасаваць дамову куплі-продажу, вярнуць кошт букета, спагнаць няўстойку, кампенсацыю маральнай шкоды, а таксама выдаткі аб’яднання і штраф.
Суд задаволіў гэтыя патрабаванні і пастанавіў спагнаць з кампаніі агулам 4783 рублі. З іх 541,76 рубля належыць пакупніцы: 176 рублёў за букет, 265,76 рубля няўстойкі за парушэнне тэрмінаў задавальнення яе патрабаванняў і 100 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Яшчэ 3052 рублі кампанія павінна выплаціць грамадскаму аб’яднанню ў якасці кампенсацыі панесеных выдаткаў. Акрамя таго, з прадаўца спагналі штраф у памеры 541,76 рубля і 647,63 рубля дзяржаўнай пошліны.
Кампанія абскардзіла рашэнне, аднак судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда не задаволіла апеляцыйную скаргу. Пастанова набыла законную сілу.
Каментары