Лукашэнка пра пачатак вайны: У 2022‑м амерыканцы папярэджвалі… І правільна папярэджвалі!
«Я нічога не ведаў. Але чаму я павінен быў расіян спыняць?» На інтэрв’ю французскаму Le Point Аляксандр Лукашэнка зноў прынёс карту Беларусі — гэтым разам, каб давесці, што не мае дачынення да расійскага ўварвання ва Украіну.

Журналістка нагадала Лукашэнку, што ў 2022 годзе ён дазволіў выкарыстаць Беларусь як тылавую базу для расійскіх ваенных аперацый.
Ён назваў такую фармулёўку «абсалютна недакладнай» і стаў паказваць карту.
«Вось я спецыяльна ўзяў карту Беларусі, каб вы разумелі», — сказаў Лукашэнка і паказаў месцы ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, дзе перад уварваннем праходзілі беларуска-расійскія вучэнні.
Ён прызнаў, што амерыканскія папярэджанні пра небяспеку вайны былі слушнымі.
«Амерыканцы трубілі ў вас, крычалі, што можа пачацца вайна, і папярэджвалі Украіну, што тут сканцэнтраваныя ў нас…»
«Правільна папярэджвалі…» — сказала журналістка.
«Правільна папярэджвалі. Я, напрыклад, не верыў, што гэта можа быць», — пагадзіўся Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, пасля вучэнняў расіяне пачалі выводзіць войскі не ў той бок. Ён так апісаў наступ на ўкраінскую сталіцу:
«Потым гэтыя войскі, якія былі тут ужо сканцэнтраваныя, чамусьці павярнулі на Кіеў і вырашылі праз Кіеў вывесці свае войскі. Ну я так жартам кажу».
Пасля гэтага ён некалькі разоў паўтарыў, што не нясе адказнасці за пачатак уварвання.
«Я абсалютна не маю ніякага дачынення да пачатку гэтай вайны. Вы зразумейце мяне! Мы да гэтай вайны не маем дачынення! Я не ведаў пра пачатак вайны, і Генштаб Расіі мяне ў гэта не пасвячаў. І правільна — гэта іх была аперацыя», — сказаў Лукашэнка.

На пытанне пра ўласную ролю Лукашэнка адказаў, што яго можна спытаць, чаму ён не спыніў расіян. І адказаў:
«А давайце так па-чалавечы: чаму я павінен быў расіян спыняць і змагацца за Украіну? Украіна ўжо была ў стане вайны з Беларуссю», — даў ён сваё бачанне.
«Станам вайны» ён назваў санкцыі, якія ўвяла Украіна супраць Беларусі пасля выбараў 2020 года.
Лукашэнка пералічыў закрыццё паветранай прасторы для беларускіх самалётаў, арышт вагонаў, а таксама затрыманне, паводле яго слоў, 75 беларускіх кіроўцаў і іх грузавікоў (Аляксандр Лукашэнка пры гэтым схлусіў, што Украіна арыштавала беларускія вагоны і фуры з кіроўцамі да пачатку вайны. Насамрэч, гэта здарылася пасля нападу на Украіну).
«Ну вы мяне зразумейце, чаму я павінен быў іх абараняць, калі пачалася гэтая вайна?» — паўтарыў ён.
Да ўварвання і адразу пасля яго Лукашэнка гаварыў пра магчымую вайну іншым тонам.
5 лютага 2022 года ў інтэрв’ю Уладзіміру Салаўёву ён дапускаў вайну з Украінай і няўдала прагназаваў, што ў выпадку вайны баявыя дзеянні працягнуцца тры-чатыры дні, бо ва Украіне нібыта няма каму ваяваць.
А 11 сакавіка 2022 года на сустрэчы з Пуціным у Маскве Лукашэнка ўжо «кампетэнтна» тлумачыў уварванне «прэвентыўным ударам».
«А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», — заявіў ён тады. Лукашэнка сцвярджаў, што без удару па чатырох пазіцыях Украіна атакавала б беларускія і расійскія войскі, якія былі на вучэннях.
Каментары