16‑гадовы беларус кіраваў групай, якая забяспечвала махляроў акаўнтамі
У Беларусі спынілі дзейнасць групы, якая пастаўляла акаўнты ў месенджарах замежным махлярскім кол-цэнтрам.

Кіраваў гэтай схемай 16‑гадовы жыхар Мінскага раёна, а ў створаных ім Telegram-чатах было больш за 10 тысяч чалавек, паведаміў СК.
Паводле звестак следства, група дзейнічала з 2024 года. Новых удзельнікаў шукалі ў тым ліку праз TikTok, дзе размяшчалі рэкламу з абяцаннямі лёгкага заробку. Людзям тлумачылі, што іх акаўнты ў месенджарах патрэбныя для прасоўвання тавараў паўсядзённага попыту. Насамрэч жа ўліковыя запісы перадавалі махлярскім кол-цэнтрам, якія, як сцвярджаюць у Следчым камітэце, працавалі з тэрыторыі Украіны.
Унутры супольнасці былі размеркаваныя абавязкі: адны ўдзельнікі займаліся адміністраваннем чатаў, іншыя — праверкай акаўнтаў і прыцягненнем новых карыстальнікаў. Непаўналетні кіраўнік групы кантраляваў працу чатырох Telegram-чатаў і размяркоўваў грошы, атрыманыя ад продажу ўліковых запісаў.
На гэты момант следчыя ўстанавілі больш за 30 пацярпелых — усе яны грамадзяне Расіі. У адной з жанчын махляры скралі больш за мільён расійскіх рублёў (каля 35 тысяч беларускіх), скарыстаўшыся перададзеным ім акаўнтам у WhatsApp.
Вобыскі прайшлі ў больш як 40 удзельнікаў Telegram-чатаў у Мінску, ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу іншых гарадоў. На канфіскаванай тэхніцы выявілі сляды масавай рэгістрацыі і перапродажу акаўнтаў WhatsApp, Telegram і Viber, а таксама праграмы для ўзлому ўліковых запісаў.
Затрыманыя пяць чалавек ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў. Непаўналетняму жыхару Мінскага раёна выставілі абвінавачанне ў крадзяжы маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі, учыненым арганізаванай групай у буйным памеры.
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, падлетак цалкам прызнаў сваю віну.
Каментары