Культура

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Андрэй Каравянскі параўнаў выключэнне Аляксандра Мінькова з савецкімі ганеннямі на мастакоў. Няўдалы твор і тым больш твор, які падабаецца заказчыка — гэта не падстава для выключэння і рэпрэсій, піша Каравянскі.

Скульптура «Бард-рыбака», адкрытая ў 2026 годзе пад Чачэвічамі Быхаўскага раёна. У партфоліа Аляксандра Мінькова ёсць сапраўды цікавыя творы, аднак праславіўся ён няўдалай спробай паўтарыць па заказе быхаўскіх уладаў, падобна, згенераваны нейрасеткай эскіз ідэалагічнай скульптуры. Фота: Sb.by

Беларускі ландшафтны архітэктар і ўрбаніст Андрэй Каравянскі, які апублікаваў копію ліста Беларускага саюза мастакоў пра патрабаванне Магілёўскага аблвыканкама выключыць са складу арганізацыі аўтара «Быхаўскай мадонны» Аляксандра Мінькова, публічна заступіўся за скульптара.

Каравянскі — вядомы ў прафесійным асяроддзі спецыяліст. Выпускнік архітэктурнага факультэта БНТУ і міжнароднай Нясвіжскай акадэміі, у 2010‑я гады ён быў адным з арганізатараў мінскага фестывалю Minsk Design Week і працаваў над буйнымі расійскімі праектамі, у тым ліку над рэканструкцыяй азелянення ВДНГ і парку «Астанкіна» ў Маскве.

Аляксандр Мінькоў каля пераробленай скульптуры «Жанчыне-маці» ў Быхаве. Фота: скрыншот з сюжэта АНТ

У сваім допісе перад пасяджэннем па справе Мінькова 23 лістапада Каравянскі апісаў працэдуру як вяртанне савецкіх практык: «Сёння будуць а 16:30 грамадска ганіць, рапартаваць, а потым «паедуць у лазню з камсамолкамі»… Нічога не мяняецца ў гэтым савецкім свеце».

Калі сам Мінькоў паведаміў у каментарах, што амаль усе калегі прагаласавалі супраць яго са словамі «мы за цябе павінны аддзімацца», архітэктар назваў БСМ «флюгерным саюзам кан’юнктуршчыкаў», а ўсю сітуацыю — «брыдкай гісторыяй».

Ад Радэна і Малевіча да якуцкага майстра скульптур з гною

Помнік Анарэ дэ Бальзаку працы Агюста Радэна (1898). Заказчыкі адпрэчылі працу, назваўшы яе «бясформеннай глыбай» і «мяшком з вуглём», але пазней яе прызналі адным з галоўных скульптурных твораў XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons 

Значную частку паста Каравянскі прысвяціў гістарычным прыкладам ганенняў і крытыкі ў адрас вядомых скульптараў ды мастакоў. Ён нагадаў, як заказчыкі адпрэчылі помнік Анарэ дэ Бальзаку працы Агюста Радэна, назваўшы яго «бясформеннай глыбай» і «мяшком з вуглём», хоць у 1969 годзе брытанскі мастацтвазнаўца Кенэт Кларк прызнаў гэтую працу найвялікшым скульптурным творам XIX стагоддзя.

«Птушка ў прасторы» Канстанціна Бранкузі. У 1926 годзе амерыканская мытня адмовілася прызнаваць скульптуру творам мастацтва і паспрабавала абкласці яе пошлінай як звычайны кавалак металу — справа дайшла да суда, які Бранкузі выйграў. Фота: Wikimedia Commons

У той жа шэраг аўтар паставіў Канстанціна Бранкузі, чыю «Прынцэсу X» знялі з выставы ў Парыжы, а «Птушку ў прасторы» амерыканская мытня спрабавала абкласці пошлінай як звычайны кавалак металу, а таксама Аніша Капура, Джэфа Кунса і Зураба Цэрэтэлі.

Помнік Міхаілу Бакуніну працы скульптара-авангардыста Барыса Каралёва ў Маскве (1919). Кубафутурыстычны манумент выклікаў абурэнне людзей і бальшавіцкага кіраўніцтва — яго так і не адкрылі афіцыйна, пасля чаго дэмантавалі. Архіўнае фота

Асобна Каравянскі пералічыў савецкіх авангардыстаў і нонканфармістаў: расстраляных Аляксандра Дрэвіна, Веру Ермалаеву, Густава Клуцыса і Міхаіла Байчука, апальных Барыса Каралёва, Веру Мухіну, Аляксандра Мацвеева, Вадзіма Сідура, Эрнста Неізвеснага і ўдзельнікаў «Бульдозернай выставы» 1974 года.

«Бітва на Нямізе» (1922) — адна з самых вядомых работ Міхаіла Філіповіча (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі). Праз цікавасць да беларускай даўніны і мадэрнісцкія пошукі мастака абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне» і «фармалізме», пасля чаго ён быў вымушаны паехаць з Мінска

Успомніў архітэктар і пра гісторыю Саюза мастакоў БССР, дзе ў савецкія гады ціску і абвінавачанням у «фармалізме» ды «нацыянал-дэмакратызме» падвяргаліся Міхаіл Філіповіч, Мікалай Тарасікаў, Гаўрыла Віер, а пазней — прадстаўнікі беларускага нонканфармізму Ізраіль Басаў і ўдзельнікі аб’яднання «Форма».

«Мы зусім вярнуліся?» — запытаўся Каравянскі.

У каментарах сам Аляксандр Мінькоў падзяліўся фотаздымкамі іншых сваіх работ — дэкаратыўных каменных львоў і зайцоў, і некалькі карыстальнікаў адзначылі, што гэтыя працы выглядаюць таленавіта. Падтрымку скульптару выказалі і асобныя прадстаўнікі культурнай сферы.

Беларускі дызайнер Юра Таўбкін, даўні калега Каравянскага па Minsk Design Week, дадаў, што бачыў падобны «шабаш» у Саюзе дызайнераў, дзе, паводле яго слоў, «двух слоў звязаць не могуць».

Адна з вялікіх работ у камені, выкананая Міньковым на сімпозіуме ў армянскім Апаране.  Фота: фэйсбук Андрэя Каравянскага

Аднак параўнанне аўтара «Быхаўскай мадонны» з сусветнымі класікамі і расстралянымі мастакамі спадабалася не ўсім. Аўтару допіса з іроніяй прапанаваў «абавязкова дапоўніць гэты доўгі спіс годных і паважаных творцаў Міхаілам Бапосавым — скульптарам з Якуціі, які стаў легендай яшчэ пры жыцці».

Бапосаў — расійскі народны ўмелец, які праславіўся ў інтэрнэце тым, што штогод ляпіў вялізныя навагоднія скульптуры сімвалаў года з каровінага гною.

Станковая скульптура працы Мінькова. Фота: фэйсбук Андрэя Каравянскага

Іншыя адзначылі падмену паняццяў, бо непасрэдна па скульптуры жанчыне-маці ў Быхаве аўтар допіса не сказаў нічога: 

«Ніхто не хейціў аўтара за прадстаўленыя тут і цяпер скульптуры. Калі гэта была абстракцыя, то, вядома, можна ўнесці аўтара ў адзін спіс з прадстаўленымі ў посце аўтарамі».

«Сітуацыя важная не з працай, а з пазіцыяй калег»

У адказ на гэтую заўвагу Андрэй Каравянскі патлумачыў, што ягоны допіс тычыцца не ацэнкі мастацкай вартасці быхаўскага помніка, а механізму выключэння скульптара па загадзе ўлад.

«Трэба раздзяляць — грамадская крытыка за адну з работ, зразуметую ці незразуметую, і прафесійная ацэнка Саюза ўсёй дзейнасці аўтара згодна з указам зверху чыноўнікаў Мінкульта. Саюз, на мой погляд, не павінен на гэта рэагаваць выключэннем», — адказаў архітэктар.

Станковая скульптура працы Мінькова. Фота: фэйсбук Андрэя Каравянскага

У якасці прыкладу Каравянскі прывёў уласную прафесійную сферу. Паводле яго слоў, калі ў архітэктара ўзнікаюць праблемы з заказчыкам і той выстаўляе прэтэнзіі, спрэчка вырашаецца ў судовым парадку, але 

з Саюза архітэктараў чалавека не выключаюць нават тады, калі пабудаваны ім будынак не падабаецца грамадскасці, — хоць такое адбываецца пастаянна.

«Саюз — гэта творчае аб’яднанне розных людзей, з рознымі талентамі і магчымасцямі. На жаль, колькі з Саюза мастакоў выключылі за апошні час, колькі ўнесена ў чорныя спісы, колькі вымушана было выехаць? Сітуацыя тут для мяне важная не з працай Аляксандра, а з пазіцыяй яго калег у прафаб’яднанні. Гэта шлях, па якім наша культура рухаецца цяпер», — напісаў Каравянскі.

Сваю занепакоенасць станам культурных інстытуцый архітэктар звязаў і з іншай нядаўняй падзеяй — афіцыйнай ліквідацыяй Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску. НЦСМ, які працаваў у сталіцы 11 гадоў і быў адной з галоўных дзяржаўных пляцовак для актуальнага мастацтва, канчаткова спыніў існаванне 29 кастрычніка 2026 года паводле пастановы Савета міністраў і загада Міністэрства культуры.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Усе навіны →
Усе навіны

Кушнер назваў «галоўны прыз» у перамовах па Украіне6

Мядзведзі насамрэч не спяць усю зіму, а вавёркі памятаюць, дзе схавалі арэхі. Тры міфы пра жыццё жывёл зімой2

Чаму правае паўшар'е мозга кіруе левым бокам цела? З'явілася новая тэорыя

Кароль Карл ІІІ вырашыў добраахвотна плаціць «падатак на асабнякі»6

У Польшчы беларуса асудзілі на 5 з паловай гадоў зняволення. Ён кіраваў групай, якая перапраўляла ў Еўропу тысячы мігрантаў5

Як змагацца з каларадскім жуком у лістападзе?2

Памёр Аляксандр Калядзенка

Памятаеце Зімоўскага? Ён паздзекаваўся з гібелі карвета «Меркурый»30

Беларус з Кобрына, які ваяваў за Расію, скончыў на фронце жыццё самагубствам5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць