26‑гадовага пінчука пахавалі як загінулага на вайне супраць Украіны, але сястра сцвярджае, што ён у палоне
Ураджэнца Пінска Вадзіма Рака пахавалі ў верасні без ДНК-экспертызы — вайскоўцы сказалі родным, што апазналі цела па фота. Цяпер яго сястра шукае брата ў чатах зніклых і лічыць, што хлопца проста «абнулілі» па дакументах.

Вадзім Рак нарадзіўся ў маі 2000 года ў Пінску, адвучыўся ў мясцовай школе №3. Паводле расійскіх баз даных, у лістападзе 2025 года ён атрымаў новы беларускі пашпарт, а ў ліпені 2026‑га аформіў расійскі СНІЛС. Як расказвае яго сястра Таццяна, на вайну брат сышоў праз Калугу, дзе падпісаў кантракт, пасля чаго ўсе звесткі пра яго зніклі — застаўся толькі сам кантракт.
Вадзім ваяваў на Красналіманскім кірунку і знік 16 жніўня 2026 года. Ужо на наступны дзень родным паведамілі пра яго гібель. 12 верасня аддзел ЗАГС Кастрычніцкага раёна Растова-на-Доне выдаў пасведчанне аб смерці беларуса з датай гібелі 16 жніўня. 15 верасня сям'я яго пахавала. Пры гэтым, паводле слоў сястры, экспертызу не рабілі і ўзоры ДНК у сваякоў не бралі — ім проста заявілі, што цела апазналі па фота.
Праз два месяцы пасля пахавання жанчына заявіла, што брат насамрэч жывы і знаходзіцца ў палоне. Яна сцвярджае, што Вадзім спрабаваў выйсці на сувязь, а пазней яна самастойна пакрысе сабрала інфармацыю пра яго лёс, бо ніхто не хацеў нічога тлумачыць. У якім менавіта палоне ён цяпер знаходзіцца, сястра не ведае.
Сваячка беларуса таксама расказала пра «поўны бардак», прыніжэнні і вымагальніцтва грошай у падраздзяленні, дзе служыў Вадзім. На яе думку, хлопца «абнулілі» свае ж — наўмысна запісалі ў мёртвыя, каб выкарыстоўваць як гарматнае мяса.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары