Частку Полацкага малочнага камбіната, які выпускаў вядомыя сыркі з пандай, выставілі на аўкцыён.

Інфармацыя пра таргі з'явілася на пляцоўцы «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу». На продаж выставілі прадпрыемства ў складзе маёмасці, якая належыць ААТ «Полацкі малочны камбінат». Лот уключае вытворчы корпус плошчай амаль 11 тысяч квадратных метраў, адміністрацыйныя памяшканні і іншыя будынкі рознага прызначэння, піша Realt.by.
Прадпрыемства прадаюць у сувязі з прызнаннем яго банкрутам. Некалькі месяцаў таму маёмасны комплекс на полацкай пляцоўцы ААТ «Полацкі малочны камбінат» выкупіў «Савушкаў прадукт» больш чым за 32 мільёны рублёў.

Цяпер яшчэ адну частку Полацкага малочнага камбіната прадаюць з пачатковым коштам 44 418 897 рублёў (гэта каля 15 мільёнаў даляраў). Аўкцыён запланаваны на 11 снежня.
Полацкі малочны камбінат славіўся сваёй прадукцыяй. Менавіта там выраблялі, у тым ліку, глазураваныя сыркі «Мі-Шу!», якія з-за ўпакоўкі празвалі проста «сыркамі з пандай».
Сыркі, якія ўжо сталі своеасаблівым сімвалам Беларусі, цяпер выпускае «Савушкаў прадукт».
Каментары