Архіў

Народы Расеi

з новай кнігі а.Аляксандра Надсана пра біскупа Чэслава Сіповіча

У 1951 годзе ў Заходняй Эўропе было шэсьць беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Зь ix да ўсходняга (бізантыйскага) абраду належалі чатыры: Чэслаў Сіповіч у Англіі, Леў Гарошка ў Францыі, Міхась Маскалік у Паўночнай i Ўладзімер Салавей у Паўднёвай Нямеччыне; а да рымскага (лацінскага) абраду — двое: Пётра Татарыновіч у Рыме i Францішак Чарняўскі ў Францыі. У Рыме вучыліся таксама два клерыкі (сэмінарысты). На жаль, ніхто не адказваў за ўсю пастырскую працу сярод беларусаў i не каардынаваў дзейнасьці паасобных сьвятароў. Гэтае пытаньне закраналася на першым тыдні студыяў Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднаньня «Рунь», што адбыўся 16—21 ліпеня 1951 году ў бэнэдыктынскім кляштары ў Шэвэтоні ў Бэльгіі. Ha тыдні прысутнічалі тры сьвятары: Чэслаў Сіповіч, Леў Гарошка i Міхась Маскалік, — а таксама біскуп Баляслаў Слоскан (Слосканс), апостальскі адміністратар Менскі i Магілёўскі, які жыў тады на выгнаньні ў Бэльгіі, латыш паводле нацыянальнасьці, паходзіў з Латгаліі, дзе жыло мяшанае беларуска-латыскае насельніцтва. Казалі, што ягоная маці была беларускай.

Ha тыдні студыяў прысутныя там сьвятары зьвярнуліся да Слоскана з просьбай стаць апостальскім візытатарам для беларусаў. […]

Слоскан хоць i ня выказаў вялікага энтузіязму, але й не адмовіўся. Таму беларускія сьвятары пастанавілі прасіць Сьвятога Айца прызначыць яго апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў абодвух абрадаў. Гэта яны зрабілі ў лісьце за 11 верасьня 1951 году. Каб не дзяліцца пры малым ліку сьвятароў i вернікаў, яны прасілі аднаго візытатара для ўсіх, а ня двух — для «ўсходнікаў» i «лаціньнікаў». Дарэчы, той самай думкі трымалася Ўсходняя Кангрэгацыя. […]

25 сакавіка 1952 году ў Лювэне адбылася ўрачыстасьць — пасьвячэньне новага беларускага студэнцкага дому. Каб выканаць пасьвячэньне, адмыслова прыехаў з Рыму кардынал Тысэран. Прысутныя на ўрачыстасьці айцы Сіповіч, Гарошка i Чарняўскі пастанавілі скарыстаць з нагоды i зноў паспрабаваць зрушыць справу з апостальскім візытатарам. […]

Праз два з паловаю месяцы беларускія сьвятары атрымалі ад біскупа Слоскана лісты з датаю 13 чэрвеня 1952 году з паведамленьнем, што «Сьвяты Айцец назначыў мяне Апостальскім Візытатарам для беларусаў і рускіх усходняга абраду ў краінах Заходняй Эўропы за выняткам Італіі». Слоскан прасіў не распаўсюджваць гэтай весткі, пакуль не атрымае з Рыму інструкцыяў адносна ягонай кампэтэнцыі.

Беларускія сьвятары былі ня тое нават слова што расчараваныя i прыгнобленыя. Яны атрымалі ўсё, чаго баяліся: беларусаў-«усходнікаў» укінулі зноў у адзін кацёл з расейцамі, аддзяліўшы ад ix перш «лаціньнікаў».

Як быццам гэтага мала, 5 ліпеня 1952 году, у дзень сьвятых апосталаў славянаў Кірылы і Мятода ў рымскім календары, выйшаў у сьвет «Апостальскі Ліст да ўсіх народаў Расеі» Папы Пія XII. У лісьце Папа пасьвяціў «народы Расеі» бязьвіннаму сэрцу Марыі, Маці Божай. Вось ягоныя словы: «Падобна як некалькі гадоў таму мы пасьвяцілі Бязьвіннаму Сэрцу Багародзіцы Дзевы ўвесь людзкі род, так цяпер у асаблівы спосаб пасьвячаем i аддаём пад апеку Ейнаму Бязьвіннаму Сэрцу ўсе народы Расеі».

Ліст прывёў беларусаў i ўкраінцаў у шок. Не таму, што Папа аддаў Расею пад апеку Маці Божае, а таму, што ён карыстаўся падазронай палітычнай тэрміналёгіяй. Сапраўды, фраза «народы Расеі» вельмі ж нагадвала старую формулу «Вялікая, Малая i Белая Русь», такую дарагую расейскім імпэрыялістам усіх колераў, якія не прызнавалі беларусаў i ўкраінцаў за асобныя нацыі i адмаўлялі ім у праве на незалежнае існаваньне. Цяпер выглядала, што яны мелі падтрымку з боку Галавы Каталіцкай Царквы. Прынамсі, так зразумела Апостальскі ліст расейская эміграцыйная прэса і, доўга не чакаючы, аднадушна яго ўхваліла. У Рыме ў сьпешным парадку выйшаў вялікім накладам расейскі пераклад ліста.

Рэакцыя беларусаў i ўкраінцаў на ліст «да народаў Расеі» вагалася ад разгубленасьці да абурэньня. Беларускія каталіцкія сьвятары апынуліся ў цяжкім становішчы: застаючыся вернымі сынамі Каталіцкай Царквы, яны не маглі маўчаць, калі дзеялася крыўда іхнаму народу. Аднак цалкам значэньне папскага дакумэнту яны ўсьвядомілі не адразу.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Друкуецца скарочана.

Прэзэнтацыя кнігі, што выходзіць у выдавецтве «Тэхналёгія», адбудзецца 8 сьнежня ў дольнай залі Чырвонага касьцёлу з удзелам а.Аляксандра Надсана. Пачатак у 18.00.

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя37

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя

Усе навіны →
Усе навіны

Маладую б'юці-майстарку адправілі за краты за «распальванне варожасці»3

Кіберпартызаны: Мы ўзламалі сайт КДБ пасярод ночы. Яны за гэты час бегла сабралі нараду і дамовіліся, каго будуць падстаўляць?7

«Урад у выгнанні — гэта каргакульт». Палітолаг Андрэй Ягораў крытыкуе Офіс Ціханоўскай9

«Матэрыялісты» — рамантычная камедыя, якая хоча размаўляць пра складаныя рэчы

«Заехаў у кватэру і адкрыў там бізнэс». Як пакараць шумнага суседа паводле закона?2

Археолагі раскапалі падземны ход у Заслаўскім замку

Сяляне на вазах. Як маладым амерыканцам паказваюць Беларусь25

Пяць мутных момантаў у гісторыі пра даносчыка Бялюціна і «спецаперацыю» КДБ8

УСУ нанеслі ракетны ўдар па Данецку2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя37

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць