Эканоміка

Stadler перанакіруе заказы з іншых заводаў у Фаніпаль для дазагрузкі магутнасцяў

Stadler Rail Group плануе перанакіраваць заказы з іншых заводаў кампаніі ў Фаніпаль (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) для дазагрузкі вытворчых магутнасцяў, паведаміў 10 лютага падчас прэс-канферэнцыі на ЗАТ «Штадлер Мінск» старшыня праўлення і ўладальнік швейцарскай кампаніі Петэр Шпулер.

Негатыўна паўплывала на дзейнасць завода «Штадлер Мінск» значнае падзенне рынкаў краін СНД з-за зніжэння цэн на нафту і газ, дэвальвацыі рубля, а таксама санкцый супраць Расіі. У гэты момант магутнасці прадпрыемства ў Фаніпалі загружаныя на 30-40%.

Сваю ролю тут адыгралі праблемы з фінансаваннем буйной замовы расійскай кампаніі «Аэраэкспрэс». Першапачаткова бакі падпісалі кантракт на 25 цягнікоў. Затым заказ быў скарэктаваны да 24 цягнікоў. Цяпер расійская кампанія гатовая купіць 11 цягнікоў.

«Кантракт складзены ў еўра. У снежні 2014 года наш кліент звярнуўся да нас і паведаміў, што яму будзе праблематычна аплаціць гэты заказ з-за эканамічных прычын, бо ў выніку абвалу рубля нашы цягнікі для іх сталі ў два разы даражэйшыя», — адзначыў Шпулер.

На працягу года кампанія вяла актыўныя перамовы з «Аэраэкспрэсам», банкамі, якія даюць крэдыты, таксама з кампаніяй, што страхуе рызыкі, і ў выніку бакі прыйшлі да таго, што 11 электрацягнікоў будуць перададзеныя «Аэраэкспрэсу».

«Мы ўжо атрымалі першыя плацяжы большага памеру. І што яшчэ важна — у нас ёсць таксама страхаванне экспартных рызык згодна з гэтым кантрактам. Швейцарская кампанія, якая страхуе рызыкі, падвоіла тэрмін выплаты крэдыту, які ў выніку складае больш за 20 гадоў. Гэта прывяло да таго, што штогадовы фінансавы цяжар для «Аэраэкспрэса» зараз прымальны», — падкрэсліў уладальнік Stadler Rail Group.

Адгрузіць 11 цягнікоў «Аэраэкспрэсу» плануецца ў сёлета. Астатнюю частку замовы «Штадлер Мінск» плануе прадаць у Азербайджан і іншыя краіны СНД.

«Тры цягнікі ўжо ў Азербайджане, два гатовыя да адпраўкі. Таксама існуе магчымасць, што яшчэ пяць цягнікоў будуць прададзеныя ў Азербайджан. Застаюцца яшчэ тры цягнікі. Я думаю, што яны будуць рэалізаваныя іншым замоўцам у СНД, таму мы можам сказаць, што вырашым праблему без магчымай шкоды», — сказаў Шпулер.

Для дазагрузкі вытворчых магутнасцяў плануецца ў тым ліку перадаць заказы з іншых заводаў Stadler Rail Group на завод у Фаніпалі.

«Мы перакананыя, што сёлета здолеем запоўніць магутнасці. Мы робім сур'ёзныя намаганні, каб інтэнсіфікаваць наш продаж на рынках. Таксама на гэты момант ідуць інтэнсіўныя перамовы з нагоды таго, каб асобныя заказы перанесці з іншых заводаў на завод у Фаніпалі», — адзначыў уладальнік Stadler Rail Group.

Швейцарская кампанія працягне інвестыцыі ў завод. Сёлета плануецца накіраваць 4-5 млн. еўра на закупку абсталявання для механічнай апрацоўкі алюмініевых профіляў.

«Мы ўпэўненыя ў гэтым заводзе, яго размяшчэнні. Узровень яго супрацоўнікаў проста выдатны. Акрамя таго, мы заўсёды атрымлівалі ўсёабдымную падтрымку як з боку ўрада, так і мясцовых уладаў. Мы таксама перакананыя, што палітычныя і эканамічныя крызісы калісьці павінны скончыцца і рынкі на Усходзе зноў павінны заквітнець», — сказаў Шпулер.

Праект па стварэнні вытворчасці электрацягнікоў у Фаніпалі стартаваў у снежні 2011 года. Тады ў Беларусі было створана ААТ «Электрычны транспарт». 60% акцый кампаніі належала Stadler Rail Group, астатняя частка ў выглядзе актываў холдынга «Белкамунмаш» — Мінаблвыканкаму.

У 2014 годзе кампанія Stadler выкупіла 40-працэнтную долю ў беларускіх уладаў і стала адзіным уладальнікам акцый прадпрыемства. Спачатку яно было пераўтворанае ў ААТ «Штадлер Мінск», а затым — у ЗАТ з такой жа назвай. У красавіку 2014 года ў Фаніпалі было завершанае будаўніцтва завода па вытворчасці электратранспарту. У яго стварэнне Stadler інвеставаў 50 млн еўра.

Каментары

Цяпер чытаюць

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю14

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць расійскіх дронаў ляцелі прамым курсам на базу НАТА ў Польшчы5

Мікола Статкевіч доўга быў адзін у нейтральнай зоне на мяжы, а пасля знік ФОТЫ5

Аб'яўлены збор на падтрымку вызваленых палітвязняў8

Польшча разгортвае на мяжы з Беларуссю 40 тысяч вайскоўцаў2

Поўны спіс 52 вызваленых палітвязняў12

Журналіст Манцэвіч, блогеры Казлоў і Вінаградаў, палітык Кучук. паплечнікі Аўтуховіча і Статкевіча. Хто яшчэ з палітвязняў вызваліўся сёння?2

Ціск Польшчы даў вынік: на свабоду масава выйшлі журналісты «Белсата». Але пакуль не Пачобут8

ФОТА з беларуска-літоўскай мяжы проста зараз. Найхутчэй, у кадры Мікола Статкевіч12

Вызвалілі палітвязня Яўгена Афнагеля3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю14

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць