«Гэта ўсё роўна што нехта сказаў бы такое пра Гітлера». Зяленскі пракаментаваў словы Трампа пра Пуціна
«Ён не можа быць сябрам. Проста не можа».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў інтэрв’ю карэспандэнтцы Бі-бі-сі Сары Рэйнсфард, у якім, сярод іншага, пракаментаваў нядаўнія словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Уладзіміра Пуціна.
Сара Рэйнсфард спытала Зяленскага, што ён адчуў, калі ўбачыў фатаграфію Пуціна з Трампам і подпісам «Мой сябар», апублікаваную ў сацыяльных сетках кіраўніка Белага дома. На гэтым здымку расійскі і амерыканскі прэзідэнты паказаныя падчас нядаўняй сустрэчы ў Кітаі.

«Безумоўна, гэта справа прэзідэнта ЗША, але… Гэта дзіўна. [Пуцін] — агрэсар і забойца. Ён прынёс фашызм у XXI стагоддзе. Ён не можа быць сябрам. Проста не можа. Гэта ўсё роўна што нехта сказаў бы падчас Другой сусветнай вайны, што Гітлер — добры сябар», — адказаў Зяленскі.
«Магчыма, у іх асабістыя адносіны і ўсё такое. Ён можа сказаць гэта без журналістаў, — працягнуў прэзідэнт Украіны. — Бо гэта вельмі балюча для сем’яў, якія страцілі сваіх дачок і сыноў. І яны разлічваюць на прэзідэнта ЗША. Мы разлічваем на нашы адносіны і на нашых саюзнікаў. Мы на гэта разлічваем! Як мы можам глядзець на забойцу, калі ЗША кажуць, што гэта добры сябар? Не, ён не сябар».
Каментары