На піку славы вакол жывапісца раптоўна ўзнікла халодная пустэча, якая астудзіла стаўленне да яго многіх віленчукоў. «Наша Ніва» ўзнавіла гэту малавядомую гісторыю з урыўкаў тагачасных публікацый.

Двухтомны «Dziennik» Фердынанда Рушчыца выйшаў у Варшаве ў 1994—1996 гадах пасля шасцідзесяці гадоў захоўвання ў сямейным архіве. У першым томе, які ахоплівае перыяд з 1894 па 1919 год, у запісах за 1909—1911 гады пастаянна фігуруе дзяўчына, якую аўтар называе выключна мянушкай «Mała» («Малая»).
Мастак ні разу не называе яе сапраўднага імя. У паказальніку асобаў і кароткай зносцы сын жывапісца і ўкладальнік выдання Эдвард Рушчыц патлумачыў гэты псеўданім адным радком: «Залуская Марыя, «Малая», памерла ў 1913 годзе — хатняя настаўніца, выхавальніца; памерла трагічна».
На момант пераезду з Кракава ў Вільню пры канцы 1908 года Фердынанду Рушчыцу было 38 гадоў. Спадчынны шляхціц з маёнтка Багданава сучаснага Валожынскага раёна і аўтар вядомых у Еўропе палотнаў «Зямля» ды «Nec mergitur» заставаўся халасцяком. Ягоны віленскі сябра і фатограф Ян Булгак у выдадзенай у 1939 годзе пасмяротнай манаграфіі «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło» пісаў, што
саракагадовы мастак «меў у пані незвычайны поспех, пра які ў Вільні гаварылі шмат і не заўсёды з належнай бесстароннасцю».
Булгак тлумачыў гэта выключнай знешнасцю сябра: «размашыстая палавая расліннасць [на твары] і светлы хвалісты чуб заўсёды надавалі ягонай галаве скандынаўскі характар», а сам «вытанчаны, зіхатлівы прыгажосцю» мастак «міжволі ўздзейнічаў на жаночую ўразлівасць і авалодваў уяўленнем з першага погляду». У Вільні яму адкрыта «зайздросцілі трыумфам, якіх ён дасягаў дзякуючы сваёй прыгажосці і незвычайным знешнім даным».
Паводле дзённікавых запісаў канца лета і восені 1909 года, паміж 39‑гадовым прафесарам і 20‑гадовай Марыяй Залускай, якая тады давала прыватныя ўрокі ў Вільні, завязаліся блізкія адносіны. Рушчыц сустракаўся з ёй у доме віленскага доктара Баляслава Ганусовіча, праводзіў яе вечарамі і шпацыраваў з ёй удвох па наваколлях горада.
Запіс ад 28 жніўня 1909 года фіксуе, як пасля экспертызы на выставе мастак зайшоў да Ганусовіча, адкуль разам з «Малой» правёў дадому жонку свайго сябра дзяцінства Рэлю Вяжынскую. А 10 верасня 1909 года Рушчыц занатаваў:

«У Ганусовічаў. З Малой у Звярынцы. Кажа мне, што атрымала ад Юзя Вяжыньскага «дыплом на чалавека». Ідзём берагам Вяллі ў бок Каралінак. Плывуць плыты. Лес на другім беразе ў цёплым пасляпаўдзённым сонцы. Хтосьці там з вудай. Гэтак жа, як, можа, на поўначы — у Нарвегіі. Сядзім побач. Потым адводжу яе на Новы Свет на ўрок. А 8‑й выязджаю».
Наступны, 1910 год стаў часам найбольшай актыўнасці віленскага літаратурна-мастацкага гуртка «Банда», які збіраўся па панядзелках у кватэры Рушчыца ў доме № 24 на беразе Вілейкі на Зарэччы. Гэта быў і перыяд ягонага найбольшага збліжэння з Марыяй Залускай ды беларускімі дзеячамі Вільні.

Аднак менавіта за ўвесь 1910 год у варшаўскім выданні дзённікаў надрукавана толькі паўтары старонкі ўрыўкавых нататак. Эдвард Рушчыц паведаміў, што запісы з кішэнных календароў бацькі за гэты год «загінулі падчас дзвюх сусветных войнаў».
Пры гэтым сам Фердынанд Рушчыц вылучаўся выключнай архіўнай педантычнасцю. Як сведчыў у манаграфіі 1939 года Ян Булгак, мастак да апошніх дзён жыцця ў Багданаве захоўваў у асобных пачках з апісаннямі кожны свой нататнік, кожны ліст, газетную выцінку, афішу і тэатральную праграмку з 1894 па 1932 год.
На фоне захаванасці дзясяткаў іншых сшыткаў знікненне запісаў менавіта за 1910 год — гэтаксама як і адсутнасць у апублікаваным томе любых запісаў за першыя тры тыдні сакавіка 1913 года, пра якія пойдзе гаворка далей, — выглядаюць вельмі зручным для захавання сямейнай таямніцы Рушчыцаў.
Беларускі хор Рагоўскага
У каментарыях да дзённіка Марыя Залуская названая толькі «хатняй настаўніцай і выхавальніцай». Аднак успаміны лідара беларускага нацыянальнага руху Антона Луцкевіча, надрукаваныя ў лістападзе 1936 года ў віленскім выданні «Przegląd Wileński», і газетныя некралогі 1913 года даюць значна шырэйшую біяграфію дзяўчыны.
Марыя Залуская паходзіла з заможнай віленскай сям’і — яе маці валодала лецішчам у прадмесці Звярынец каля Вяллі. Дзяўчына адвучылася ў у Маскоўскай кансерваторыі і атрымала прафесійную музычную адукацыю.
Пасля вяртання з Масквы ў Вільню яна ўвайшла ў багемнае кола Рушчыца. Адным з найбліжэйшых паплечнікаў мастака па віленскай «Бандзе» быў кампазітар і дырыжор Людамір Міхал Рагоўскі, чыя жонка, паэтка Людміла Рагоўская, паводле запісу ў дзённіку Рушчыца, насіла ў паўсядзённым жыцці «русінскі строй».
У 1910 годзе Людамір Рагоўскі ўзначаліў у Вільні беларускі хор, напісаў «Сюіту беларускую» на аснове народных мелодый і ўпершыню паклаў на музыку знакаміты верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Марыя Залуская стала спявачкай гэтага беларускага хору, праз што яе добра ведалі ўсе віленскія беларускія дзеячы.
У 1909—1911 гадах сам Фердынанд Рушчыц актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Наша Ніва». Як згадваў у 1936 годзе Антон Луцкевіч, яны пазнаёміліся ў 1909‑м на банкеце ў бацькоў паэта Ежы Янкоўскага, пасля чаго жывапісец наведаў рэдакцыю «Нашай Нівы» і агледзеў беларускія старажытнасці са збораў Івана Луцкевіча.

У адказ мастак запрасіў Антона Луцкевіча на касцюмаваную вечарыну «Банды» ў сваю кватэру на Зарэччы. Луцкевіч прыйшоў туды ў пазычаным у тэатры «Лютня» строі часоў Людовіка XVI, а гаспадар паказваў яму ў майстэрні палатно «Nec mergitur».
Менавіта ў 1909—1910 гадах Рушчыц бясплатна выканаў некалькі мастацкіх работ для беларускіх выданняў, якім варта прысвяціць асобны артыкул.
У захаваных нататніках Рушчыца за вясну і лета 1911 года сустрэчы з Антонам Луцкевічам і спатканні з «Малой» ідуць запар. Запіс ад 2 (15) мая фіксуе: «Ян Булгак, новыя здымкі. Луцкевіч заязджае па мяне. Аглядаем месца для плябаніі пры касцёле святога Міхала. У пана Ігнація Турскага. Запрашаю яго да камісіі этнаграфічнай выставы. «Панядзелак» — 21 асоба».

Назаўтра, 3 мая, пасля пасяджэння камісіі па арганізацыі «Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі» Рушчыц разам з «Малой», Ганусовічамі, Булгакам і Садкоўскім едзе за горад на Каралінкі, адкуль яны вяртаюцца а першай гадзіне ночы.
Праз тры дні, 6 мая, мастак удвох з «Малой» наведвае пасмяротную выставу Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, а 22 мая запісвае: «А 8‑й гадзіне сход моладзі ў справе этнаграфічнай выставы. Рэферуем: Міхал Ромер, Луцкевіч і я. Больш за 40 асобаў».
Краёвец Ромер быў вялікім прыхільнікам беларускага руху, любіў бываць у рэдакцыі «Нашай Нівы», адзначаючы глыбокую адданасць справе, якой супрацоўнікі газеты літаральна жылі. Так што Рушчыц быў у вельмі неблагой, прабеларускай кампаніі.
У жніўні і верасні 1911 года лірычная сувязь паміж мастаком і харысткай працягвалася. 8 жніўня Рушчыц занатаваў у Вільні:
«Увечары гавару з Малой пра тое, як мала ўсведамляюць нават блізкія прыяцелі, што я іх прызываю да службы».
А 8 (21) верасня 1911 года ў Багданаве, адчуваючы прыступ адзіноты, 40‑гадовы жывапісец запісаў: «Часта ўцякае думка да Малой. Сёння яе дзень».
У каментары да выдання дзённіка сын мастака патлумачыў гэты запіс менавіта як «дзень імянінаў Малой (Марыі Залускай)».
Тут трэба адзначыць, што на землях былога Вялікага Княства Літоўскага паводле ўказа імператара Паўла I ад 26 ліпеня 1799 года і адмысловага папскага дазволу з 1 студзеня 1800 года да лістапада 1915 года нават рыма-каталіцкі касцёл адзначаў свае святы паводле юліянскага календара ў адзін дзень з праваслаўнымі. Таму свята Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і імяніны Марыі ў Віленскай дыяцэзіі тады прыпадалі менавіта на 8 верасня старога стылю, што адпавядала 21 верасня паводле новага календара.
Новая 20‑гадовая абранніца
Навучальны 1911/1912 год Марыя Залуская сустрэла ў Варшаве — яна паступіла ў драматычную (так званую аплікацыйную) школу пры варшаўскіх урадавых тэатрах. Дзяўчына апынулася на адным курсе з усяго дванаццаці вучаніц, дзе пад першым нумарам у спісе значылася Апалонія Халупец — будучая сусветная зорка нямога кіно Пола Негры. Да пачатку 1913 года Залуская вучылася ўжо на другім курсе. Выкладчыкі адзначалі яе сцэнічную прыгажосць і прадказвалі поспех у лірычным рэпертуары.
Тым часам у сакавіку 1912 года на катку ў Вільні 41‑гадовы Фердынанд Рушчыц пазнаёміўся з Рэгінай — Гінай — Роўк, дачкой дырэктара віленскага аддзялення страхавога таварыства Оскара Роўка.

Як і Марыя Залуская ў пачатку іхніх адносінаў, новая абранніца Гіна Роўк была больш чым удвая маладзейшая за мастака: яна нарадзілася ў 1892 годзе, і ёй толькі споўнілася 20 гадоў.
Улетку і ўвосень 1912 года ў дзённіку Рушчыца разгарнуўся раман з Гінай Роўк — з чытаннем яе дзявочага дзённіка, сустрэчамі на могілках Росы і ў Парудаміне. Згадкі пра «Малую» са старонак ягоных сшыткаў зніклі.
Кульмінацыя драмы наступіла на пачатку сакавіка 1913 года. Паводле запісу ад 24 лютага (9 сакавіка н. ст.) Рушчыц прыехаў па тэатральных справах у Варшаву, дзе ў гэты час вучылася 24‑гадовая Марыя Залуская. Наведваючы варшаўскія тэатры, мастак штодня адпраўляў сваёй новай каханай Гіне Роўк у Вільню лісты з прызнаннямі: «Але насамрэч я ж з Вільні нават не выехаў, бо я пры Табе заўсёды — заўсёды».
Запісы з 25 лютага па 25 сакавіка 1913 года ў апублікаваным дзённіку Рушчыца адсутнічаюць.
Падзеі гэтых дзён дакладна рэканструююцца паводле паведамленняў віленскай і варшаўскай прэсы за сакавік 1913 года. Знаходзячыся ў Варшаве ў цяжкім псіхалагічным стане, Марыя Залуская не здала экзамен для пераводу з другога на трэці курс драматычнай школы. У суботу, 2 (15) сакавіка, яна села ў цягнік і выехала да сваякоў у Вільню — як пісалі варшаўскія газеты, «на велікодныя святы» (у Варшаве каталіцкі Вялікдзень у 1913 годзе адзначаўся па новым стылі ўжо 23 сакавіка, таму ў тамтэйшых школах пачыналіся канікулы). Пасля свят дзяўчына нібыта збіралася вярнуцца ў Варшаву.
Стрэл у сэрца на тым самым беразе Вяллі
Ужо ў нядзелю пасля абеду, 3 (16) сакавіка 1913 года, па Вільні разнеслася вестка пра трагедыю. Марыя Залуская прыйшла ў прадмесце Звярынец на лецішча паблізу берага Вяллі, якое яшчэ нядаўна належала яе маці.

Месца, выбранае ёй для развітання з жыццём, было, відаць, сімвалічным: гэта быў той самы бераг Вяллі на Звярынцы, дзе ў цёплы вераснёўскі вечар 1909 года яны сядзелі побач з Фердынандам Рушчыцам, глядзелі на плыты і марылі пра далёкую Нарвегію.
Там 24‑гадовая дзяўчына стрэліла сабе з рэвальвера ў сэрца.
Пахаванне адбылося ў аўторак 5 (18) сакавіка а 6‑й гадзіне вечара на Евангеліцкіх могілках у Вільні. Як паведамляла віленская газета «Kurjer Litewski», у вынасе цела і пахаванні ўзялі ўдзел шматлікія члены сям’і і сябры.
Выбар Евангеліцкіх могілак на Пагулянцы мог быць звязаны не з пратэстанцкім веравызнаннем, а з традыцыйнай забаронай каталіцкага касцёла хаваць самагубцаў у асвечанай зямлі на каталіцкіх некропалях. Магіла дзяўчыны не захавалася: у савецкі час, у 1956 годзе, Евангеліцкія могілкі ў Вільні былі ліквідаваныя, а ў захаваных спісах іхніх пахаванняў прозвішча Залускай не фігуруе.
Той жа «Kurjer Litewski», які рэдагаваў блізкі сябар і сусед Рушчыца па Ашмянскім павеце Чэслаў Янкоўскі, надрукаваў некралог з максімальна асцярожнай фармулёўкай, намагаючыся не кінуць цень на першага мастака горада:
«Прычына самагубства не была высветлена. Затое ў шырокіх таварыскіх колах шмат пра гэта гавораць, агульны голас адзываецца з глыбокім спачуваннем да сям’і, страшна закранутай апошняй бядой».
А вось варшаўскія газеты ад 19 сакавіка 1913 года — ранішні дадатак да «Kurjera Warszawskiego» (№ 78), «Goniec Wieczorny» (№ 131) і пасляпаўдзённы выпуск «Nowej Gazety» (№ 131), — не звязаныя віленскімі таварыскімі абавязкамі, выйшлі з тэлеграмамі з Вільні пад прамымі і бескампраміснымі загалоўкамі «Любоўная драма» («Dramat miłosny») і «Самагубства ад кахання» («Samobójstwo z miłości»).
Варшаўскія рэпарцёры паведамілі, што прычынай стрэлу ў сэрца прыгожай і таленавітай 24‑гадовай студэнткі Марыі Залускай сталі «каханне без узаемнасці» (miłość bez wzajemności) і «любоўнае расчараванне» (zawód miłosny).
Трагедыя, якая замарозіла ў многіх пачуцці сімпатыі да мастака
Пасля трохтыднёвай лакуны ў дзённіку Рушчыца першы запіс з’яўляецца толькі 26 сакавіка 1913 года — праз тыдзень пасля пахавання Марыі Залускай.
Адчуўшы вакол сябе ў Вільні раптоўнае адчужэнне знаёмых, мастак запісаў словы, сказаныя ім маладой нявесце: «Кажу Гіне: чым больш адчуваю сваю самотнасць, тым больш хачу рабіць — для людзей».
13 (26) кастрычніка 1913 года 42‑гадовы Фердынанд Рушчыц пабраўся шлюбам з 21‑гадовай Рэгінай Роўк у касцёле святога Варфаламея, насупраць якога жыў на Зарэччы. Сёння гэты касцёл належыць беларускай грамадзе.

У віленскім грамадстве і, мабыць, асабліва ў беларускім асяродку, дзе ведалі Марыю Залускую па беларускім хоры Людаміра Рагоўскага, гэтая смерць выклікала вялікае засмучэнне, якому, аднак, не было дазволена праявіцца ў мясцовым друку.
Толькі ў лістападзе 1936 года, неўзабаве пасля смерці жывапісца, Антон Луцкевіч у часопісе «Przegląd Wileński» назваў прычыну іхняга разрыву:
«Ва ўласным жыцці Рушчыца насталі перамены. Трагічная смерць Марыі Залускай, якая брала ўдзел у беларускім хоры пад кіраўніцтвам Рагоўскага і з якой з гэтай прычыны я сустракаўся, замарозіла ў многіх віленчукоў пачуцці сімпатыі да мастака. Сустракаў я яго ўжо рэдка, мімаходзь».
Калі ў траўні 1939 года Камітэт ушанавання памяці Фердынанда Рушчыца ў Вільні пад рэдакцыяй Яна Булгака выпусціў 500‑старонкавую манаграфію «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło», укладальнікі не толькі апусцілі любыя згадкі пра гэтую гісторыю, але нават пра даваенныя кантакты мастака з беларускім рухам — хоць маглі пра апошнія, па праўдзе, і не ведаць.
Нават успаміны Антона Луцкевіча ў «Przeglądzie Wileńskim» не ўключылі ў бібліяграфію з 97 пасмяротных публікацый пра Рушчыца, а прозвішча Луцкевіча прыбралі са спіса арганізатараў выставы народнага мастацтва 1913 года.
Ян Булгак змясціў на старонках манаграфіі асобны пасаж, у якім паспрабаваў абараніць рэпутацыю памерлага сябра ад віленскіх размоў пра ягоныя дашлюбныя раманы:
«Можа, яго б судзілі больш справядліва, менш павярхоўна, калі б ведалі, якімі марнымі былі самыя панадлівыя жаночыя чары перад прыгажосцю ягонага ўласнага свету і як жаласна выглядала б кожная жанчына, якая паспрабавала б уварвацца ў гэты свет з амбіцыяй каралявання. Плоскія падазрэнні з’яўляюцца толькі крывым люстэркам, у якім адбіваецца не аблічча Рушчыца, а зайздросныя маскі пустых балбатуноў і пляткарак. Таму меркаванні пра Рушчыца часта былі несправядлівыя, крыўдныя, далёкія ад разумення ягонай сутнасці і ягонага стаўлення да кахання».
Сапраўднае імя «Малой» з’явілася ў друку толькі праз 55 гадоў пасля выхаду кнігі Булгака — у кароткім паказальніку да варшаўскага выдання дзённікаў мастака. Аднак і пасля гэтага постаць Марыі Залускай заставалася белай плямай для гісторыкаў: калі ў 2004 годзе Анатоль Сідарэвіч у артыкуле «Чый апостал і геній?» у «Нашай Ніве» звярнуў увагу на цьмяную «гісторыю» Рушчыца са спявачкай хору Рагоўскага, а ў 2021 годзе ім жа быў апублікаваны беларускі пераклад успамінаў Антона Луцкевіча, у зносках да якога аўтар адзначаў, што «знайсці больш-менш поўную інфармацыю пра асобу М. Залускай і пра абставіны яе смерці пакуль што не ўдалося». Толькі газетныя хронікі сакавіка 1913 года дазваляюць узнавіць гэтую драму.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары