Культура22

«Цвітуць на ўзлеску верасы…» Сімвал беларускай восені

Пра расліну, якая стала адным з вядомых брэндаў нашай краіны, піша доктар гісторыі Алесь Белы. 

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Верасы, верасы зацвілі на світанку,
Нібы слёзы, раскіданы кроплі расы. 
Я па лесе блукаю ад самага ранку — 
Пазбаўляюць спакою мяне верасы! — пісала Раіса Баравікова.

Мабыць, самы старажытны з міфаў, дзе згадваецца верас, — егіпецкі. Цела падступна забітага малодшым братам, Сетам, бога Асірыса ў саркафагу марской плынню вынесла да горада Бібла (на тэрыторыі цяперашняга Лівана), дзе куст верасу абхапіў яго сваімі галінамі і схаваў у сваім ствале. Цару Бібла спадабаўся прамы і гладкі ствол, і ён загадаў ссячы дрэва, каб зрабіць з яго калону для падтрымкі даху свайго палаца. Але ўдава Асірыса Ісіда даведалася, дзе знаходзіцца труна, пасля чаго ёй удалося выпрасіць калону ў цара і вывезці яе ў Егіпет. 

Цяжка ўявіць верас настолькі вялікім. Відаць, у гэтым старажытным міфе хаваецца нейкая незразумелая нам метафара. А вось рэальны верас, які мы ведаем, — невысокі куст. Дакладней, кусты, бо пад гэтым іменем у беларускай культуры вядомы і звычайны верас (Callúna vulgáris), і некалькі відаў ягоных «стрыечных братоў» з роду Erica. Яны часта растуць разам, утвараючы верасовыя пусткі.

Верас звычайны

шматгадовая вечназялёная галінастая куставая ці кусцікавая расліна вышынёю да 1 м. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустках, тарфяніках, утварае вялікія зараснікі — верасоўнікі. 

Гістарычная радзіма верасу — Паўднёва-Усходняя Азія, але цяпер ён пашыраны таксама ў Еўропе, Заходняй Азіі, Паўночнай Афрыцы і на атлантычным узбярэжжы Амерыкі. З’яўляецца афіцыйным раслінным сімвалам адной з паўднёвых правінцый Швецыі — Вёстэргётланда.

Лісце ў верасу дробнае, лускападобнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Размнажаецца пераважна насеннем, але можа і парасткамі.

Дзеля дэкаратыўных мэтаў культывуецца і як садовая расліна.

Прыкмета восені

Верас — адна з нямногіх раслін, якая заслужыла права «адкрыта» даць сваю назву каляндарнаму месяцу ў беларускай (верасень), польскай (wrzesień), украінскай (вересень) мовах. І гэта трохі нечакана, бо верас не мае важнага гаспадарчага значэння і нейкіх яскравых міфалагічных асацыяцый, прынамсі, у нашай сённяшняй або даступнай даследаванню народнай культуры. Можа, нашых продкаў некалі ўразіла трывожная прыгажосць верасня, у якой ужо адчуваецца подых будучых халадоў? 

Разнаквецце верасоў — яскравая прыкмета восені. Лісце гэтага невысокага хмызняку можа быць срэбным, жоўтым, зялёным, карычневым, чырвоным, а кветкі — белымі, ружовымі, ліловымі, малінавымі, вішнёвымі і іншых колераў. Найлепш верас расце на верхавых балотах, якія да меліярацыі складалі ладную частку тэрыторыі Беларусі. Так што даўней і сапраўды верас падчас квітнення, з канца лета і часам да канца лістапада, быў вельмі прыкметнай часткай беларускага пейзажу. 

Ад шчасця да няшчасця

Сімвалічнае значэнне верасу больш надаюць заходнееўрапейскія народы. У кельцкай культуры гэта расліна з пераважна пазітыўным значэннем, яна абяцае каханне і шчасце. Галінка верасу пад падушкай нібыта рабіла сны прарочымі (ёсць версія, што незвычайныя сны выклікалі непрыкметныя галюцынагенныя грыбкі, якія паразітуюць на верасе). У Ірландыі верасовым дымам абкурвалі дамы і жывёлу, баронячы іх ад злых духаў. А ў Шатландыі верас шырока распаўсюджаны ў дэкоры дому для шлюбу (пры гэтым асабліва цэніцца белы). Нявесты там часта дадаюць белы верас у вясельныя букеты або прышпільваюць да валасоў — у знак намеру захаваць вернасць і пражыць доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё. 

Дарэчы, і ў Беларусі з верасу часам рабілі гэтак званае «вясельнае дрэўца» — важны атрыбут абраду г.зв. «дзявочага вечара», хоць часцей для гэтага выкарыстоўваліся галінкі хвойных дрэў. 

Дзікае паляванне на верасовых пустках

«…Але яшчэ i зараз я часам бачу ў сне сiвыя верасовыя пусткi, чэзлую траву на паверхнi прорваў i дзiкае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглi, моўчкi сядзяць у сёдлах прамыя постацi коннiкаў. Вецер развейвае iх валасы, плашчы, грывы коней, i самотная гострая зорка гарыць над iхнiмi галовамi. 

У жахлiвым маўчаннi шалёна скача над зямлёю дзiкае паляванне караля Стаха. Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага…», — пісаў Уладзімір Караткевіч у «Дзікім паляванні караля Стаха».

Старадаўняя шатландская легенда апавядае, што верас быў адзінай раслінай, якая «пагадзілася» з Божай прапановай расці на скалістых пагорках. І за гэтую пакору атрымала дар незвычайнай цярплівасці, непатрабавальнасці і непаўторную рознакаляровую прыгажосць.

Верас — нефармальны сімвал Шатландыі, прысутнасць якога ў мясцовай культуры вельмі прыкметная. У старыя часы з расліны рабілі жоўтую фарбу для знакамітай тканіны «шатландкі», з якой шылі нацыянальнае адзенне і, паводле апрацаванай Робертам Льюісам Стывенсанам легенды, выкарыстоўвалі для прыгатавання верасовага мёду (элю), рэцэпт якога страчаны назаўжды.

А вось у германскіх народаў верас мае сімвалізм змрочны. Ён асацыюецца з беднасцю і нешчаслівым лёсам, а прынесены ў дом — здольны наклікаць бяду. Уключыць яго ў букет, які збіраешся падарыць, — гэта абраза, дэманстратыўны намер сурокаў. А калі і высаджваць верас — то найлепш на магіле. Але, нягледзячы на гэта, менавіта верас з’яўляецца адной з дзвюх раслінаў-сімвалаў Нарвегіі.

Прыкладна гэтак жа ўспрымаўся верас у Польшчы і ў Літве. Прынамсі, у даўняй шляхецкай Літве. На парослых верасам балотах, маўляў, водзяцца чэрці, а сама расліна, магчыма, служыць жытлом для непрыкаяных душаў, якія захраслі паміж нашым і тым светам. І прарочыць жывым слёзы і расстанні. Таму дымам верасу дзе-нідзе абкурвалі могілкі на Дзяды. 

Змрочны, вусцішны сімвалізм верасовых пустак перадаў Уладзімір Караткевіч у «Дзікім паляванні караля Стаха». Магчыма, ён пераняў яго з замежнай літаратуры, бо ў славутым рамане англійскай пісьменніцы Эмілі Бронтэ «Навальнічны перавал» верасовыя пусткі Ёркшыра таксама служаць фонам для падобных падзей.

Дзе-нідзе ў Польшчы і Украіне верасовы вянок дарылі ў знак заканчэння рамантычных адносін. Такое ж значэнне — безнадзейнасці і самоты — верас у пару цвіцення мае ў некалі папулярнай польскай эстраднай песні «Ліловы верас», якую выконвала ўраджэнка Вільні Рэгіна Бельская (1926—2018). 

Сімвал роднага краю

У беларускай паэзіі, у адрозненне ад «Дзікага палявання», верас звычайна нясе толькі пазітыўныя асацыяцыі. 

Вядомая літаратарка, дзяячка беларускага руху часоў БНР і знаўца батанікі Людвіка Сівіцкая-Войцік (1892—1991) увайшла ў гісторыю айчыннай культуры пад псеўданімам Зоська Верас. І адзін са сваіх вершаў прысвяціла гэтай расліне:

Цвітуць на ўзлеску верасы
Пяшчотным колерам ліловым.
Змаўкаюць птушак галасы,
Губляюць першы ліст дубровы.
Як промні сонейка зальюць
Апошняй цеплынёй паляны, —
Тут пчолы рупныя снуюць
I звон плыве іх несціханы.
Апошні верасовы мёд
Пчалу паклікаў у палёт.

Silhouettedonna.it

Верасовы мёд

Верас — выдатны меданос. Вельмі папулярны ў познім СССР беларускі вакальна-інструментальны ансамбль «Верасы» нагадваў пра гэта ў песні «Белая Вежа»: 

А навокал вежы — як акiнуць вокам —
Пушчы, белавежскiя лясы.
Край ты мой любiмы, родная старонка,
Подыхам мядовым пахнуць верасы.

Верасовы мёд вельмі цэніцца ў сапраўдных знаўцаў, часам яго нават называюць «каралём мядоў». Ён мае высокае ўтрыманне рэчываў, неабходных для сінтэзу ферментаў, жыццёва неабходных амінакіслот, а таксама марганцу і іншых мікраэлементаў. Лічыцца, што такі мёд спрыяе загойванню ран і аптымізацыі працэсаў метабалізму. 

Такі мёд мае своеасаблівыя смак і кансістэнцыю. І прытым ён амаль не салодкі. A таксама мае незвычайную ўласцівасць, у навуцы называную «тыксатрапія»: вельмі лёгка застывае ў стане спакою, але гэтаксама лёгка робіцца плынным нават ад лёгкага штуршка. Гэта ўскладняе здабыванне мёду з сотаў, і таму верасовы мёд часта так, у сотах, і прадаюць. 

Не варта блытаць верасовы мёд, які носіцца пчоламі, з тым верасовым мёдам, рэцэпт якога шатландскі кароль марна намагаўся здабыць ад зваяваных медавараў у баладзе Стывенсана. Там гаворка вялася, вядома, пра пітны мёд (эль), пра які пісалася ў № 1/2019 «Нашай гісторыі».

Уладзімір Дубоўка, які параўнаў Беларусь з шыпшынай (гл. пра гэту расліну артыкул у № 8/2021 «Нашай гісторыі»), напісаў таксама верш «Ты ляжыш на руцэ маёй, верас», дзе развіваецца той жа матыў. Сціплы верас выступае як яшчэ адзін сімвал роднага краю і ягонай долі.

Ты ляжыш на руцэ маёй, верас,
найдрабнейшая з кветак.
Я пытаўся, пытаю яшчэ раз:
чым ты вабіш нас гэтак?
Ледзь прыкметны для нашага вока,
быццам зернейка маку.
Ад зямлі не расцеш ты высока,
цябе топча ўсякі.
А калі расцвіцеш на ўзлессі,
закрасуеш у пушчы, —
хараством ты тады апранешся
сапраўды неўмірушчым.
Найдрабнейшыя кветкі складаюць
хараство у кілімы.
Наша доля хіба не такая?
Скажы, верас любімы!
Ты ляжыш у мяне на далоні,
найдрабнейшая з кветак.
Я пытаю, пытаю сягоння:
чым ты вабіш нас гэтак?

Лечыць і ўпрыгожвае

Верас здаўна вядомы як лекавая расліна. Нашы продкі пілі з верасу гарбату, лячылі рэўматызм, поліартрыт, бяссонніцу, пілі адвар, калі балелі страўнік, пячонка ці ныркі. Настойкай з верасу лечаць туберкулёз лёгкіх, ацёкі на нагах, а таксама сардэчныя і нырачныя захворванні. Адварам верасу прамываюць раны і выкарыстоўваюць для ваннаў пры рэўматызме. Часам пры лекаванні ранаў, апёкаў і іншых захворванняў скуры прымяняюць парашок з высушанага верасу, якім пасыпаюць раны.

Па-за гэтым уласна выкарыстанне верасу ў гаспадарцы нязначнае. Хоць вядома, што ў Заходняй Еўропе з яго традыцыйна рабілі венікі для падмятання жытла. Яшчэ ў 1834 годзе ў Вільні выйшла кніга Каэтана Красоўскага «Спосаб узвядзення гаспадарчых будынкаў з верасу і гліны», у якой прапагандаваўся спосаб таннай пабудовы будынкаў гаспадарчага прызначэння з саману, зробленага з сумесі гліны і верасовага галля. Але цяжка сказаць, ці атрымаў ён у той час шырокае выкарыстанне. Калі раптам хто зацікавіцца — можа паспрабаваць адрадзіць старую тэхналогію.

Зоська Верас у ролі Ганкі ў п'есе «Модны шляхцюк». 1910 год. WIKIMEDIA COMMONS

Ну і, вядома, верас цяпер шырока выкарыстоўваецца ў дэкаратыўным садоўніцтве. Прыгожыя і разнастайныя інтэнсіўныя колеры кветак ідэальна кантрастуюць з іншымі зялёнымі раслінамі. Дзякуючы верасовым акцэнтам сад набывае непаўторны характар. Верас выдатна падыходзіць для вылучэння іншых раслін або сцяжынак, але таксама і як элемент кампазіцыі ў кошыках або вазонах.

Geliurojus.lt

Каментары2

  • крыштафор
    02.09.2024
    шкада, што уся гэта прыгажосць знікае на нашых вачох: усюды зарастае залатарнікам. ён захоплівае прастору і глушыць усе жывое
  • ●
    02.09.2024
    Ў Беларусі верас , астатняя надзея пчол . Дажа калі пчаліныая сям'я маладая , ці дурны ўладар забраў у яе ўвесь мед . Тады ў зіму прыйдзецца вайсці без шанцаў на выжыванне. Але яны могуць адабраць нектару з вераса і выжить. Астатні шанец . Яны так і робяць. Таму ў Беларусі верас не мае негатыву . І ў суседзяў .

Цяпер чытаюць

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?37

Хакейнае «Дынама» закрыла сваё кафэ ў мінскім гандлёвым цэнтры1

У Беларусі выпусцяць навагодняе марожанае са смакам святочных напояў

Расійскія хакеры ўзламваюць смартфоны нават праз надзейныя сайты. Адзіная страхоўка: абнаўляць праграмнае забеспячэнне1

Памерла народная артыстка Беларусі Святлана Вуячыч

Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч атрымаў польскае грамадзянства67

Украінскія ратавальнікі паказалі фота наступстваў дзённай атакі дронаў на Кіеў

Брат дарадцы Зяленскага Міхаіла Падаляка загінуў у Запарожскай вобласці, ваюючы за Расію21

Украінскія войскі адкінулі расіян з-пад Арэхава7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць