Грамадства

«А трэцяй ночы адчыніліся дзверы з крыкамі: «Вайна пачалася!». Вядомыя беларусы, якія цяпер ва Украіне, расказваюць пра спробы эвакуацыі

Ва Украіне апошнім часам жыве шмат нашых артыстаў. «Наша Ніва» даведалася, што яны прадпрымаюць цяпер. Хтосьці спрабуе пакінуць краіну, хтосьці спускаецца ў бомбасховішча.

Юрый Стыльскі ў Львове. Фота: Інстаграм

 «Мне раяць неадкладна збіраць чамаданы, але мне падабаецца Украіна»

Лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага вайна заспела ў Львове. Ён расказвае, што зранку вылі сірэны, але верталёты над горадам не лётаюць. Крамы многія закрытыя, паліцыя ходзіць з аўтаматамі.

«У мяне ўсё было нібыта ў кіно, — расказвае Юрый пра тое, як пачаўся яго дзень. — Я не адзін жыву: а трэцяй гадзіне ночы адчыніліся дзверы з крыкамі: «Вайна пачалася!».

Стыльскі кажа, што ў яго ёсць магчымасць выехаць, але пакуль ён сочыць за сітуацыяй.

«Я збіраўся пазней ехаць у Польшчу, а цяпер, як мне раяць, трэба нібыта неадкладна збіраць чамаданы. Чамадан амаль сабраны, але засталіся яшчэ пытанні, якія не перашкаджала б вырашыць. І мне насамрэч не хочацца адсюль з’язджаць — мне падабаецца Украіна. Вельмі сітуацыя напружвае, не ведаю, як яна будзе вырашацца.

Можа, варта хаця б на час пакінуць. Я не ваеннабавязаны ва Украіне і няма знаёмых, якія ідуць на вайну і клічуць мяне з сабой», — дзеліцца думкамі Юрый.

«Дзеці падняліся ад вою сірэн»

У Кіеве цяпер спявачка Кацярына Ваданосава. Яны з сям’ёй (муж і двое дзяцей) спрабуюць пакінуць горад.

Архіўнае фота: фэйсбук

«Калега на машыне пасадзіў на задняе сядзенне ўсю маю сям’ю, і мы цяпер спрабуем выехаць. Думаем дабрацца да Львова, а што далей — там будзе бачна», — кажа Кацярына.

Загадзя рэчы яна не збірала.

«Але я прачнулася а другой гадзіне ночы — у мяне хранічнае бяссонне — і не заснула да 5-й. І а 5-й мяне паднялі з ложка выбухі. А 7-й раніцы дзеці падняліся ад вою сірэн, і стала зразумела, што штосьці трэба рабіць. Але што, мы доўга не маглі ўцяміць, бо сваёй машыны няма».

Дзве невялічкія валізкі на чацвярых і невялікі заплечнік для кожнага — з такім наборам рэчаў сям’я выязджае з Кіева. Голас у Кацярыны спакойны.

«Ведаеце, я ўжо стамілася нервавацца. Зранку было страшна, калі чуліся выбухі. Мы бачылі знішчальнікі з акна. Тады было вельмі мутарна. Але я вельмі вялікую палёгку адчула, калі мы селі ў машыну — усё ж такі ў нас ёсць шанец выбрацца».

 «Калі нам пашчасціць, трапім у нейкі гуманітарны калідор»

Дзяніс Тарасенка, музыка гурта «РСП», у абед падчас нашага званка знаходзіўся ў горадзе Ірпень (Кіеўская вобласць).

Архіўнае фота: інстаграм

«Спрабую заправіць свой аўтамабіль. Я выехаў на запраўку а 9-й раніцы і дагэтуль да яе не даехаў — велічэзныя заторы, калапс на дарогах. Людзі змятаюць усё, што бачаць — у плане прадуктаў, паліва. Ва ўсё, у што можна, наліваюць паліва».

З сабой музыка ўзяў мінімум рэчаў — грошы, дакументы, ваду і самае неабходнае.

«Будзем абмяркоўваць з сябрамі, куды рухацца, і, можа, высунемся ў бок заходняй Украіны, бліжэй да Польшчы. Калі нам пашчасціць, магчыма, у нейкі гуманітарны калідор трапім».

 «Кіяўляне скупілі ўсю зброю і боепрыпасы»

Шоўмэн Дзяніс Дудзінскі разам з жонкай Кацярынай Раецкай таксама ў Кіеве. У Інстаграме яны пішуць, што застаюцца ў горадзе, бо пакуль няма магчымасці эвакуявацца.

«Вадой і ежай запасліся. Элетрычнасць і сувязь ёсць. У горадзе пуста, але ўсё працуе. Праезд бясплатна», — пісаў Дзяніс.

Суседзі ў падвале іх дома зрабілі бомбасховішча.

Дзяніс Дудзінскі ў бомбасховішчы. Фота: інстаграм

Дудзінскі распавядае пра сітуацыю ў горадзе.

«Кіяўляне скупілі ўсю зброю і боепрыпасы. Ва Украіне зброя ў вольным доступе — «не цалкам аўтаматычная зброя і драбавікі ў неабмежаванай колькасці». Забралі па дамах і эвакуявалі ўсіх вулічных катоў і сабак. Для тых, якіх не знайшлі ці не дагналі, пакінулі ля пад’ездаў і ў падвалах тыднёвы запас ежы і пітва».

Каментары

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі62

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Прэс-сакратар Азарава, чыю машыну падарвалі ў Маскве, быў афіцэрам СЗР Расіі3

У сям'і Уладзіміра Пуціна з'явілася Меланія2

У Маскве, імаверна, узарвалі аўтамабіль прэс-сакратара былога прэм'ера Украіны Азарава2

У Оршы запусцілі новую вытворчасць: з лёну будуць рабіць тонкую пражу для адзення

Пад Мінскам прадаецца лецішча-замак1

Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT9

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах11

Развітанне з Янам Памедорам Рэуцкім пройдзе ў Варшаве

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі62

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць