Грамадства

«Вінная каля 45 тысяч рублёў». Выпускнікі, якія не хочуць адпрацоўваць размеркаванне, расказваюць, як шукаюць грошы 

«Размеркавалі праграмістам на заробак 800 рублёў. А я атрымліваю ў некалькі разоў больш». Гісторыі выпускнікоў, якія вырашылі «адкупіцца» ад размеркавання, запісаў праект «1906». 

«Прыкладна 30 працэнтаў ад даходу імкнёмся адкладаць»

Аліна (імя змененае) паступіла ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце ў 2018 годзе. Дзяўчына абрала спецыяльнасць «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».

«Разглядала яшчэ БДУІР, збіралася туды на платнае. Але сама спецыяльнасць у Акадэміі мне больш падабалася», — кажа яна. 

На самым пачатку Аліну не бянтэжыў той факт, што пасля выпуску ёй прыйдзецца адпрацоўваць два гады. Адміністрацыя ўніверсітэта запэўнівала, што праблем з размеркаваннем у прыватныя кампаніі не будзе. Абяцалі, што большасць пойдзе ў Парк высокіх тэхналогій. 

Праблем сапраўды не было да 2020-га. Пасля ўсё змянілася. У тым ліку і адміністрацыя ўніверсітэта.

«Яшчэ год таму некаторыя людзі змаглі размеркавацца ў прыватныя кампаніі, а сёлета — не. Я прыняла рашэнне выплачваць грошы ў кастрычніку 2021-га. Тады мы з бацькамі сталі адкладваць на выплату за вучобу», — дзеліцца дзяўчына.

Фота: сайт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце

Пры гэтым дакладную суму, якую вінна Аліна за навучанне, універсітэт не называе. У мінулым годзе гэта было каля 29 тысяч рублёў, а цяпер — 40-45. 

Кошт вырас пасля таго, як Савет міністраў унёс змены ў пастанову аб кампенсацыі грашовых сродкаў за падрыхтоўку спецыялістаў.

«Калі б сума была непад'ёмнай, то я магла б проста не вяртацца ў Беларусь, не прыходзіць на дзяржаўны іспыт. Мяне б проста адлічылі. Напрыклад, 60 тысяч мы ўжо не змаглі б выплаціць. 

Пасля змен, якія ўнёс Савет міністраў, цяпер, калі разлічваюць, колькі ты вінен, дадаецца стыпендыя, капітальны рамонт адукацыйнай установы. Выплаціць гэтыя грошы я павінна за паўгода», — тлумачыць дзяўчына. 

Аліна думала пра тое, каб з’ехаць з Беларусі і не аддаваць грошы за навучанне. Але яна лічыць, што тады з-за яе праблемы могуць пачацца ў бацькоў. 

«Калі я паступала, мне не было 18 гадоў, дакументы падпісвала маці. Мы вырашылі, што лепей так, толькі б нас ніхто не чапаў. 

З бацькамі была размова пра тое, што можа быць, не варта плаціць такія грошы, лепш няхай прыедуць да мяне ў Турцыю (я з’ехала туды жыць) адпачыць. Але яны мяне адгаварылі. Сказалі, што трэба атрымаць дыплом. Раптам ён некалі спатрэбіцца», — кажа яна. 

Рашэнне выплачваць грошы Аліна прымала разам з бацькамі. Яны падтрымалі дзяўчыну і сталі збіраць сродкі. 

«У канцы красавіка трэба было прыйсці на размеркаванне. Зрабіла на маці генеральную даверанасць, каб схадзіла яна, таму што я тады з’ехала жыць у Турцыю. Папрасіла абраць яе якое-небудзь нармальнае месца на выпадак, калі мы не будзем выплачваць. Але даверанасць не спрацавала, сказалі з'явіцца асабіста. У выніку камісія абрала сама для мяне месца.

Пасада — інжынер-праграміст, заробак — 800 рублёў. І цяпер наша рашэнне выплачваць канчатковае.

У кампаніі, у якой я ўжо працую, атрымліваю ў некалькі разоў больш. Было зразумела, што гэта ўсё акупіцца за два гады.

У Турцыю паехала з-за пачатку вайны. У сувязі з пераездам апошнія некалькі месяцаў у мяне не было магчымасці адкласці, таму тут бацькі больш гэтым займаюцца. Я потым буду ім аддаваць. Заробкі ў іх сярэднія, прыкладна 30 працэнтаў ад даходу імкнёмся адкладваць. Пакуль мы назбіралі пару тысяч даляраў», — падсумоўвае яна. 

Аліна лічыць, што калі б яна пайшла адпрацоўваць у дзяржаўную структуру, то на два гады «выпала б з прафесіі», пасля прыйшлося б пачынаць вучыцца зноў. 

На пытанне, як паступілі ў такой сітуацыі аднакурснікі, дзяўчына адказвае, што ў многіх з іх няма магчымасці выплаціць грошы, а некаторыя адлічыліся. 

«У мяне, напрыклад, сяброўка пайшла на паўстаўкі ў дзяржаўную структуру, а на другую палову яна працуе дыстанцыйна ў прыватнай IT-кампаніі. І такім чынам будзе старацца адпрацаваць хаця б нейкую частку.

Ёсць некалькі людзей з курса, якія таксама збіраюцца выплачваць. А дзве знаёмыя проста з'ехалі ў Грузію і адлічыліся. Яшчэ адна знаёмая будзе адпрацоўваць столькі, колькі выцерпіць, а астатняе выплачваць. Розныя меркаванні.

Ва ўніверсітэце на размеркаванні прасілі людзей, якія збіраюцца выплачваць, не займаць добрыя месцы», — расказвае яна. 

Цяпер дзяўчына разам з маладым чалавекам жыве ў Аланьі. Хлопец вучыўся разам з ёй, а пасля вырашыў адлічыцца і з’ехаць, каб не ісці ў армію. Ён таксама працуе ў ІТ-кампаніі.

У Беларусь Аліна прыедзе толькі на дзяржаўны іспыт і абарону дыплома. 

«Выбіралі паміж Грузіяй і Турцыяй. У Польшчу не вельмі хацелася. Хлопец паехаў у Турцыю разам са сваім дырэктарам і распрацоўшчыкам. Яны пабылі там месяц і сказалі, што жыць можна. Нам падабаецца, нармальныя цэны. У Грузіі яны цяпер касмічныя, асабліва на жытло.

Атрымалі тут віды на жыхарства, але, на жаль, толькі на тры месяцы. Пасля будзем думаць, што рабіць далей — заставацца ці паехаць у Азію. Хочам у Тайланд ці на Шры-Ланку. Там з нашымі высокімі заробкамі вельмі камфортна жыць», — разважае яна. 

«Плаціць такія вялікія грошы дзяржаве цяпер нельга. Іх на патрэбнае не пусцяць»

Крысціна (імя змененае) у 2021-м скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Год, у які дзяўчыну размяркоўвалі, быў няпросты. Менавіта тады ўсіх выпускнікоў пачалі накіроўваць толькі ў дзяржаўныя СМІ.

Крысціна знайшла сабе месца, дзе магла адпрацоўваць размеркаванне, але ў апошні момант гэтае медыя не захацела яе браць.

«Прыйшлося тэрмінова шукаць, куды ўладкавацца. Прычым вельмі хацелася не ў «палітызаванае» месца. Знайшла, адпрацавала там 6 месяцаў.

Мне пашанцавала, там было камфортна, з улікам таго, што гэта размеркаванне. Такі астравок адэкватнасці, ніяк маю волю там не ламалі», — расказвае яна. 

Крысціна хацела забраць дакументы з універсітэта яшчэ да дня размеркавання. Але тады яе напалохалі, што ёй нібыта прыйдзецца плаціць за ўсё навучанне. 

Потым склалася так, што хлопцу дзяўчыны прыйшлося тэрмінова з’ехаць з Мінска ў Кіеў. Крысціна вырашыла, што будзе пераязджаць да яго.

«Не перадаць словамі, колькі ўсяго прыйшлося перажыць, каб проста даведацца прыблізную суму, якую я вінная. Некалькі дзён хадзіла ў дэканат, мне там у выніку далі кантакты людзей, якія мусілі гэтым займацца. Не змагла да іх датэлефанавацца. Вярнулася зноў назад.

У дэканаце не ведалі, куды мяне адпраўляць. У выніку я дайшла да галоўнай бухгалтэрыі БДУ, дзе мне вельмі прыблізна палічылі суму. Яна складала 16 тысяч рублёў з улікам таго, што частку размеркавання я адпрацавала», — расказвае дзяўчына. 

У рэдакцыі яна патлумачыла сітуацыю, у якой апынулася, і папрасіла даць ёй месяц адпачынку і яшчэ адзін за свой кошт.

«Па-першае, каб было менш плаціць. Па-другое, каб я магла з'ездзіць паглядзець, ці спадабаецца мне ў Кіеве, — дзеліцца яна. — Тады яны пагадзіліся. Пасля мусіў быць запушчаны працэс выплаты. Я нават знайшла на сваё месца ў рэдакцыі замену. 

У апошні дзень галоўны рэдактар холдынга не падпісаў мне водпуск. Ён вельмі доўга тлумачыў, чаму, але з яго слоў нічога не было зразумела. Размаўляў, як чыноўнік», — кажа яна. 

Крысціна з’ехала ў Кіеў, а потым пачалася вайна. Стала зразумела, што ў Беларусь яна не вернецца. 

Ёй напісалі з працы, пацікавіліся, ці ўсё з ёй добра, і ўдакладнілі, ці могуць яе звальняць. 

«Я пагадзілася. Прайшло больш за месяц, пакуль дакументы дайшлі да ўніверсітэта. Маме даслалі ліст з сумай. Усяго 43 тысячы рублёў, з улікам адпрацаванага тэрміна — больш за 29 тысяч.

Я пракансультавалася з юрысткай. Яна сказала, што ў падліках ёсць памылка. Яны палічылі не па тым годзе, у якім я выпускалася. І цяпер я буду запытваць пераразлік», — тлумачыць Крысціна. 

Дакумент з сумай, якую павінна выплаціць Крысціна, без уліку адпрацаванага часу. Фота: асабісты архіў 

Ці выплачваць грошы, дзяўчына рашэнне яшчэ не прыняла. Такой сумы ў яе няма. 

«Мая маці перажывае з-за гэтага, ёй не хочацца, каб я не вярталася ў Беларусь. Аклад у СМІ, у якім я пачынала адпрацоўваць, быў 400 рублёў. Усё астатняе — ганарары за публікацыі. Адкуль у мяне могуць быць грошы?

Мама мяне імкнецца падтрымліваць. Ніколі не папракала за тое, што я так зрабіла. Канечне, калі б сума была 16 тысяч, думаю, што мы змаглі б выплаціць. У нас быў прапісаны «бізнэс-план», як мы будзем збіраць грошы. Але канчатковая сума непад'ёмная. Плаціць такія вялікія грошы дзяржаве цяпер нельга. Іх на патрэбнае не пусцяць», — лічыць яна. 

Крысціна таксама пракансультавалася з юрысткай наконт таго, ці могуць гэтую суму спагнаць з яе маці. На момант паступлення дзяўчына была непаўналетняй і падпісваць дамову на навучанне не магла.

«Па законе не могуць. Там няма, як, напрыклад, у крэдытнай гісторыі, даручальніцтва. І сума ў дагаворы пры паступленні — каля 11 тысяч рублёў. Браць павінны з мяне, а не з бацькоў. Могуць забраць маю маёмасць, але на мяне нічога не запісана», — кажа яна. 

Цяпер дзяўчына жыве ў Варшаве. Туды пасля пачатку вайны яна з’ехала разам са сваім хлопцам. 

«Шукаю працу. Пакуль збіраюся рабіць некалькі праектаў пра беларускую музыку, а потым паглядзім. Не хачу пакуль працаваць на кагосьці. Займаюся фрылансам», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама:

«Гродна для Беларусі — гэта як Львоў для Украіны». Што з турыстамі ў Гродне пасля адкрыцця межаў

97-гадовы прафесар Іван Данілаў: «Я ваяваў за Беларусь і веру, што Пуціну не ўдасца ўцягнуць нас у зладжаную ім бойню…»

Каментары

Цяпер чытаюць

«У палітыцы была справа». Лукашэнка высветліў, чаму беларусам не хапіла бульбы7

«У палітыцы была справа». Лукашэнка высветліў, чаму беларусам не хапіла бульбы

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч параіў выкладваць у тыкток «не дупу»14

Беларуска падзялілася ўражаннямі ад аўтобуснага тура ў Дагестан — 32 гадзіны да першага начлега2

Ахматавец у Курскай вобласці расстраляў краму з гранатамёта. Z-каналы заклікалі пакараць яго, але позна2

Новы фільм з «дзіцём Беларусі». Як «Балерына» працягвае справу Джона Уіка7

У жанчыны ў Германіі нарадзіўся 100-ы праўнук

У Беларусі крытычна падае нараджальнасць. А як у суседніх краінах?16

Расіяне нанеслі масіраваны ўдар па Кіеве і Адэсе1

Актрыса Ганна Хітрык паведаміла, што рак вярнуўся6

Чаму ў сярэднім узросце наша талія павялічваецца? Прычына нечаканая1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У палітыцы была справа». Лукашэнка высветліў, чаму беларусам не хапіла бульбы7

«У палітыцы была справа». Лукашэнка высветліў, чаму беларусам не хапіла бульбы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць