Грамадства

У лесе пад Дзяржынскам знайшлі ваўчаня з дэфармаванымі лапамі. Яно аказалася цалкам ручным

У сацсетках Цэнтра рэабілітацыі дзікіх жывёл «Сірын» з’явіўся пост пра ваўчаня з моцна дэфармаванымі лапамі, піша «Анлайнер». Жывёліну знайшлі ў лесе — прычым звер зусім не баяўся людзей, а, наадварот, узрадаваўся ім. Ды і ў дзікай прыродзе такое парушэнне ў развіцці з ім проста не здарылася б, адзначаюць спецыялісты.

«Гэта маленькае ваўчаня нагадвае мутанта з фільма жахаў! Такое можа быць з-за няправільнага ўтрымання і кармлення. І такое не з’яўляецца само па сабе», — адзначаюць у публікацыі, якая сабрала мноства каментарыяў.

Людзі спачуваюць ваўчаняці і здзіўляюцца: што ж стала прычынай такога стану жывёлы?

«А што з лапамі? Пераломы? Ці правільна развівалася?»

«Гэта прычына нейкага захворвання?»

«Як можна было давесці жывую істоту да такога стану і кінуць?»

«Анлайнер» звязаўся з заснавальніцай «Сірына» Ірынай Траяноўскай, каб даведацца падрабязнасці гэтай гісторыі.

«Ваўка знайшлі ў лесе на мяжы Дзяржынска і Станькава. Я так зразумела, што яго пабачылі паляўнічыя. Спачатку жывёлу перадалі ў Цэнтр экалагічнага турызму ў Станькаве, але там не аказалася ўмоў для яго ўтрымання і лячэння. Таму ваўчаня адправілі да нас. Яму прыкладна паўгода. Яно ручное, добрае, на 100% жыло ў людзей. Вельмі любіць людзей, усім радуецца», — расказвае Ірына.

Яна лічыць, што дэфармацыі ўзніклі перш за ўсё з-за няправільнага харчавання. Магчыма, ваўка таксама трымалі ў цесным памяшканні або на слізкай падлозе, калі яно жыло ў доме.

«Мы ўжо зрабілі рэнтген і ўзялі аналізы. Па іх відаць, што яму не хапае кальцыю і фосфару, а шчолачная фасфатаза вельмі моцна павышаная. Косткі на здымках усе празрыстыя. Гэта прыкметы рахіту альбо нядаўніх пераломаў».

Па словах Ірыны, праблемы маглі ўзнікнуць не абавязкова з-за таго, што ранейшыя гаспадары ашчаджалі на жывёліне. Магчыма, яны проста не ведалі, чым трэба карміць драпежніка.

«Ваўка нельга карміць адным мясам. Нават калі гэта будзе адборная мармуровая ялавічына. Яму патрэбныя косткі, шкуры, сухажыллі, вітаміны, малочныя прадукты. Проста мясам яго не пракорміш», — тлумачыць суразмоўца.

За каментарыем «Анлайнер» звярнуўся да заолага Дзмітрыя Шамовіча. Ён пацвердзіў, што да падобных парушэнняў развіцця ў дзікай жывёлы маглі прывесці няправільнае ўтрыманне і харчаванне. У прыватнасці, недахоп неабходных пажыўных рэчываў і вітамінаў, а таксама недахоп ультрафіялету. Апошняе важна для выпрацоўкі вітаміна D, які дапамагае арганізму засвойваць кальцый і фосфар. Калі ў перыяд актыўнага росту жывёліна недаатрымлівае гэтыя рэчывы, косткі могуць фармавацца няправільна і дэфармавацца.

Ірына не выключае, што ваўчаня маглі выкінуць, калі яго стан стаў прыкметным. Але знайсці ранейшых уладальнікаў, па яе словах, тэарэтычна магчыма.

«Дзікія жывёлы, якіх утрымліваюць дома, павінны быць зарэгістраваныя. Для таго каб утрымліваць звера ў хатніх умовах, патрэбны дазвол Мінпрыроды. Калі прыродаахоўныя органы зоймуцца гэтым пытаннем, ёсць магчымасць высветліць, хто яго забраў з прыроды», — мяркуе Ірына.

У Беларусі сапраўды існуюць правілы ўтрымання дзікіх жывёл у няволі. У прыватнасці, для жывёл, адлоўленых у прыродзе на падставе дазволу, прадугледжаная рэгістрацыя. Уладальнік павінен пацвердзіць законнасць паходжання жывёлы і захаванне патрабаванняў да яе ўтрымання. Таму, калі ваўчаня забралі з лесу афіцыйна, звесткі пра яго маглі захавацца ў дакументах. Аднак пакуль невядома, хто менавіта ўтрымліваў жывёлу і пры якіх абставінах яна апынулася ў лесе.

Цалкам выправіць дэфармацыю ваўчаняці ўжо не атрымаецца. Аперацыю ў цэнтры вырашылі не праводзіць: каб выраўнаваць канечнасці, прыйшлося б нанова пераламаць косткі на ўсіх чатырох лапах і карэктаваць іх становішча. Але нават такое ўмяшанне не вырашыла б усіх праблем — таз у ваўка таксама дэфармаваны, і аднавіць яго нельга.

«Але дактары кажуць, што нешта можа выраўнавацца», — тлумачыць Ірына.

Пры гэтым у «Сірыне» збіраюцца зрабіць для ваўка ўсё магчымае, каб падтрымаць яго здароўе і не даць стану пагаршацца. Яму забяспечаць паўнавартаснае харчаванне, працягнуць абследаванні і падрыхтуюць прасторны вальер. Цяпер цэнтр займаецца яго ўладкаваннем, і яму патрэбна дапамога. Падрабязней пра тое, як дапамагчы ваўчаняці, можна даведацца ў сацсетках «Сірына».

Каментары

Цяпер чытаюць

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Усе навіны →
Усе навіны

У сеціве вірусіцца рагачоўскі гімн, які спяваюць у касцюме згушчонкі — хто яго аўтар?12

«Абяцанне, што заказ ужо ў дарозе, я чуў разоў з дваццаць». Беларусы месяцамі чакаюць ад прадпрымальніка свае вырабы, за якія загадзя заплацілі

Наведванне прыгараднымі аўтобусамі маланаселеных вёсак хочуць зрабіць па заяўках. Ужо праводзіцца эксперымент4

Лукашэнка пацвердзіў, што мае намер будаваць яшчэ адзін азотны камбінат4

Мерц паставіў краінам Еўрасаюза ультыматум: Ці гарантыі фінансавай падтрымкі Украіны, ці блакаванне Германіяй супольнага бюджэту20

Пракоп'еў пра Ціханоўскага: Шкада, што ён абраў іншы шлях, бо я бачыў рэакцыю амерыканцаў41

У Светлагорскім раёне бацька збіваў аднагадовага сына. Сінякі заўважылі ў дзіцячым садку2

Аўтар песні «Владимир Путин — молодец!» прыехаў у Беларусь скараць «Фактар.by»21

Закрываецца адзін з беларускіх шэлтараў у Варшаве7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць