Гамяльчук збіў сяброўку, скінуў яе з другога паверха, а пасля прапанаваў ажаніцца
Жыхар Гомеля збіў сваю сужыцельку, а затым выштурхнуў яе з акна кватэры на другім паверсе. Падчас суда мужчына прызнаў віну, папрасіў прабачэння і прапанаваў жанчыне афіцыйна ажаніцца. Суд, аднак, прызначыў яму чатыры гады пазбаўлення волі, паведамляе пракуратура Гомельскай вобласці.

Здарэнне адбылося 1 жніўня 2026 года. 47‑гадовы мужчына піў алкаголь разам з жанчынай, з якой меў блізкія адносіны на працягу трох гадоў. Увечары ён выйшаў на шпацыр і сустрэў знаёмых. Тыя намякнулі яму на магчымую нявернасць сужыцелькі.
Мужчына вярнуўся дадому, каб высветліць адносіны. Падчас сваркі ён не менш за два разы ўдарыў жанчыну па галаве. Яна паспрабавала пазбегнуць далейшага канфлікту і перайшла з кухні ў пакой. Аднак мужчына не супакоіўся і, калі жанчына стаяла каля акна, выштурхнуў яе на вуліцу.
Пацярпелая ўпала з другога паверха. Яна атрымала некалькі пераломаў і пашкоджанне лёгкіх. Медыкі кваліфікавалі траўмы як цяжкія.
Мужчыну судзілі за наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. На судзе ён прызнаў віну, папрасіў у пацярпелай прабачэння і прапанаваў ёй зарэгістраваць шлюб. Ці пагадзілася жанчына на гэтую прапанову, не паведамляецца.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызначыў мужчыну чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, яго накіруюць на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Каментары