Культура33

Ці ёсць у віцебскага музея шанцы набыць карціну Марка Шагала?

Некалькі аўкцыённых дамоў апошнім часам выставілі на продаж карціны Марка Шагала. Самым дарагім лотам стане карціна «Над горадам», якую паспрабуюць прадаць 13 лістапада на аўкцыёне Sotheby's. Палатно ацэньваюць у 12-18 мільёнаў даляраў. Дырэктарка Музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава расказала выданню Sputnik, ці магчыма купіць працы мастака за адносна невялікія грошы, якую суму абласны цэнтр гатовы выкласці за яго палотны і як французскія музеі перашкаджаюць набыць работы віцебскага мастака.

Адна з карцін Марка Шагала на аўкцыёне Christie's у Лондане ў 2022 годзе. Фота: Wiktor Szymanowicz / Anadolu Agency via Getty Images

«Мастацтва — гэта бізнэс, і кошт твора, як і любога іншага тавару, фармуе некалькі фактараў: па-першае, гэта імя мастака, мастацкая каштоўнасць твора, затым, скажам так, яго «дэфіцытнаcць», гэта значыць колькасць асобнікаў на рынку. Зразумела, што карціны памерлых мастакоў цэняцца даражэй, бо аўтар не можа стварыць новыя. Таксама важны празрысты правенанс», — сказала Ірына Воранава.

Правенанс — гэта афіцыйна правераная і пацверджаная гісторыя пра тое, як твор мастацтва трапіў у рукі апошняга яго ўладальніка. Кожны этап шляху карціны ад старога ўладальніка да новага павінен быць адзначаны і пацверджаны. Празрыстасць гісторыі карціны не проста адлюстроўваецца на яе цане, гэта своеасаблівы знак якасці. Што тычыцца Шагала, то правенанс ягоных работ правяраецца Шагалаўскім камітэтам, без яго заключэння на аўкцыён твор не трапляе.

«Некалькі гадоў таму адзін літоўскі калекцыянер прапаноўваў купіць у яго карціну Шагала. Гэта быў невялікі эцюд, дзесьці 20 на 30 сантыметраў, 1968 года стварэння, але з добрым, празрыстым правенансам, таму калекцыянер запытаў за карціну 450 тысяч еўра. У музея, на жаль, такіх грошай няма, таму давялося адмовіцца», — прызналася Воранава.

Паводле яе слоў, творы Шагала з кожным годам будуць толькі даражэць, бо новыя карціны ўжо не з'явяцца, а попыт нараджае рост цэн. Напрыклад, у 2019 годзе на аўкцыёне ў Нью-Ёрку карціну «Палюбоўнікі» прадалі за 28,5 мільёна даляраў. А самае дарагое яго палатно называецца «Над горадам», карціна выстаўленая ў маскоўскай Траццякоўскай галерэі, яе ацэньваюць у 160 мільёнаў.

Воранава патлумачыла, што Шагал стварыў два варыянты карціны «Над горадам». Першае палатно, напісанае ў 1918 годзе, захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі, яго памеры — 194 на 141 сантыметр. А ў лістападзе будуць прадаваць аўтарскае паўтарэнне карціны 1924 года, памерам 91 на 67 сантыметраў, з ацэначным коштам 12-18 мільёнаў даляраў. Апошнім часам яно належала калекцыянеру з Японіі. Дарэчы, прададзеных за 28,5 мільёна «Палюбоўнікаў» аўкцыённы дом таксама спачатку ацаніў у 12-18 мільёнаў.

Па словах Воранавай, законы рынку граюць і ў адваротным кірунку. Месяц таму спадчыннікі мастака выставілі на продаж вялікую колькасць тыражнай графікі Шагала. Пасля з'яўлення на рынку такой колькасці гравюр цана графічных лістоў Шагала рэзка ўпала. Пры гэтым усю выстаўленую графіку раскупілі за два дні.

У Музеі Шагала ў Віцебску цяпер захоўваецца арыгінальная тыражная графіка мастака: афорты, ксілаграфіі, літаграфіі.

Час ад часу гарадскія ўлады ўздымаюць пытанне аб магчымасці набыцця для музея арыгінальнай маляўнічай работы Шагала. Але трэба разумець, што кошт самага недарагога яго жывапіснага твора пачынаецца ад 250 тысяч еўра. І гэта будзе праца «не першага шэрага». Зразумела, што ў горада няма такіх свабодных грошай.

Але нават і пры наяўнасці фінансаў, як адзначыла суразмоўніца, калекцыянерам і зацікаўленым інстытуцыям не заўсёды ўдаецца набыць упадабаны твор мастака, бо яго творчасць з'яўляецца нацыянальным здабыткам Францыі.

«Адзін з беларускіх банкаў (маецца на ўвазе Белгазпрамбанк пад кіраўніцтвам цяперашняга палітзняволенага Віктара Бабарыкі. — НН) яшчэ да 2020 года збіраў калекцыю твораў мастацтва, і яго прадстаўнікі на еўрапейскіх аўкцыёнах куплялі працы Марка Шагала. На адных з таргоў прадстаўнікі банка паспрабавалі набыць кераміку і скульптуру мастака, але тут жа супрацоўнікі Нацыянальнага музея Марка Шагала ў Ніцы наклалі вета на іх продаж», — паведаміла Воранава.

Паводле французскага заканадаўства, калі музей накладае вета на продаж твора мастацтва, то ён мае прыярытэтнае права на набыццё яго па стартавай цане.

Каментары3

  • Кастусь
    30.10.2023
    чтобы что? ЧТобы потом пришел кристально честный кгб и конфисковал эту картину как приобретенную за деньги от террористических донатов, как это с Бабарикой сделали например?
  • калекцыянер
    30.10.2023
    музей у Махачкале мае прыярытэт і права вета?
  • Жора
    31.10.2023
    Белгазпрамбанк - вельмі ўмоўна "беларускі банк". Там 99,6% акцый - у расейцаў.

Цяпер чытаюць

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ23

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін павіншаваў Трампа з 80‑годдзем і заявіў, што чакае Зяленскага ў Маскве. Крэмль сцвярджае, што прэзідэнт ЗША паабяцаў уздзейнічаць на Кіеў9

«Я ў калоніі быў больш вольны». Былы палітвязень Тамаз Піпія расказаў пра 6 гадоў за кратамі і новую паранаідальную беларускую рэальнасць13

Партыі сябра Лукашэнкі не хапіла каля 160 галасоў з усёй Арменіі, каб трапіць у парламент2

Выйшаў на свабоду палітзняволены фанат Цімур Піпія1

Ордэн за перайменаванне палка УПА: прэзідэнт Польшчы даў Зяленскаму некалькі дзён на вырашэнне канфлікту53

Так рэцэптаў беларускіх страў яшчэ ніхто не здымаў ВІДЭА12

«Уцякалі ад мігрантаў і гендарнай ідэалогіі». Прапаганда паказала яшчэ адну сям'ю ковід-дысідэнтаў, якая перабралася з Германіі ў Беларусь17

У Полацку адкрылі музей самага старажытнага манастыра Беларусі6

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ23

«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць