На сайце realt.by з’явілася аб’ява аб здачы ў арэнду дома ў Драздах, які належыць былой першай ракетцы свету Вікторыі Азаранка. Колькі ж трэба мець у кішэні, каб засяліцца туды? Спойлер: хутчэй за ўсё, чамаданы вам пакаваць рана.

Калі вы хоць бы раз загаралі на пляжы ў Драздах, то, хутчэй за ўсё, праходзілі паўз беларускую рэзідэнцыю знакамітай тэнісісткі. Прасторны катэдж стаіць, як напісалі б на букінгу, на першай берагавой лініі. З яго балконаў можна любавацца вадасховішчам. Над участкам (24 соткі), утоеным ад цікаўных поглядаў плотам, з любоўю працавалі ландшафтныя дызайнеры.


Агульная плошча двухпавярховага катэджа — каля 475 квадратаў, жылая — 279,5. «Выкананы рамонт з высакаякасных і дарагіх матэрыялаў!» — хваліць аб'ект агенцтва нерухомасці. З гэтым складана спрачацца: хоць за дзесяць гадоў рамонт маральна састарэў, і за нейкія інтэр'ерныя рашэнне могуць высмеяць у тыктоку, аднак тое, што на матэрыялах не эканомілі, відаць адразу. Уся мэбля і сантэхніка італьянскай і нямецкай вытворчасці прэміўм-сегмента — не патрыятычна, вядома, але якасна і надзейна.

У доме шэсць спальняў, два санвузлы і вялікі ванны пакой. Пазначана, што кожны пакой мае свой уласны стыль. Ёсць, напрыклад, пакой са шпалерамі ў ружы на ўсю сцяну і падушкамі-ружамі ў ложку. Прадугледжаны асобны пакой з джакузі і більярдны пакой. Само сабой, высакахуткасны інтэрнэт, відэаназіранне, сігналізацыя, вялікі гараж.




На адным з фотаздымкаў можна пабачыць і былы пакой сына Вікторыі Азаранка — там засталіся калыска, камода з спавівальным столікам, літары Leo на сцяне і нават фотаздымкі хлопчыка (іх заблюрылі). Захавалася шмат цацак, якія больш падыходзяць для дэкору, чым для дзіцячых гульняў.

Дарэчы, падчас цяжарнасці ў 2016 годзе Вікторыя даволі часта бывала ў Мінску разам са сваім каханкам і бацькам будучага дзіцяці Білам МакКігам. Той нават удзельнічаў у чэмпіянаце Мінска па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд — гуляў за каманду «Драконы», а легендарная тэнісістка прыходзіла за яго заўзець.

У 2017 годзе ў пары нарадзіўся Леа Аляксандр — у свае чатыры месяцы хлопчык атрымаў беларускі пашпарт (амерыканскі яму таксама зрабілі). Але неўзабаве ў сям’і пачаліся праблемы — Вікторыя разышлася з бойфрэндам, а потым яны доўга судзіліся за апеку над сынам. Але калі Леа падрос, ён прыязджаў разам з мамай у Беларусь.

Кошт арэнды «раскіданага гнязда» Вікторыі Азаранка, канечне, уражвае. На сайце пазначана, што за месяц патэнцыяльнаму арандатару трэба будзе аддаць $6500 — прыкладна 20 тысяч 791 рубель. Але ж бонусам ідуць і vip-суседзі: побач стаяць дамы мільянера Аляксандра Шакуціна і экс-біятланіста Сяргея Булыгіна. Трохі далей абжыліся былая старшыня Нацбанка Надзея Ермакова і былы генеральны пракурор Аляксандр Канюк.
Азаранка шукае таго, хто гатовы арандаваць дом на працяглы тэрмін.

Між іншым, «залатую» зямлю ў адным з самых элітных раёнаў сталіцы спартоўка атрымала абсалютна бясплатна. У 2011 годзе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт выдзеліў ёй участак. У той час Лукашэнка любіў дарыць нерухомасць ці зямлю найбольш паспяховым спартоўцам. Напрыклад, у тым жа годзе біятланістка Дар'я Домрачава атрымала ўчастак на беразе Мінскага мора ў вёсцы Лапаравічы. У Драздах жа ў розныя гады зямлю падарылі фрыстайлістам Антону Кушніру і Аляксею Грышыну, плыўчысе Аляксандры Герасімені (праўда, пасля 2020 года забралі), хакеісту Руслану Салею ды іншым.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары