Барысаўскаму фатографу Аляксандру Зянкову прысудзілі 3 гады калоніі
Мінскі гарадскі суд у асобе суддзі Жанны Брысінай прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага Кодэкса РБ (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Аляксандра Зянкова затрымалі яшчэ 22 чэрвеня, але пра гэта мала хто ведаў. Сілавікі зладзілі ў жыллі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова павезлі ў Мінск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Судовы разбор справы распачаўся 12 студзеня, прайшлі тры судовыя пасяджэнні.
Прысуд быў агучаны 30 студзеня: 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша БАЖ.
Аляксандр Зянкоў працуе фатографам-фрылансерам з 1998 года: ён зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік, сам шукаў сабе працы і плаціў падаткі. Супрацоўнічаў з мясцовымі незалежнымі выданнямі.
Потым захапіўся відэаздымкамі, рабіў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы фестывалю адзначыла яго творчую працу пра адбудаванне царквы ў вёсцы Зембін.
У вольны час захапляўся фотаздымкамі дзікай прыроды.
Апошнім часам Аляксандр Зянкоў шмат падарожнічаў і займаўся творчасцю — фатаграфаваў краявіды, прыродныя з'явы, птушак і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго адбылася персанальная фотавыстава.
Цяпер за кратамі знаходзяцца 33 супрацоўнікі медыя.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары