На Гомельшчыне плануюць павялічыць вытворчасць грыба яжовіка грабенчатага — грыба, які апошнім часам набыў вялікую папулярнасць дзякуючы сваім карысным уласцівасцям.

Гэты і іншыя віды грыбоў вырошчваюць на прадпрыемстве «Даманавіцкая грыбная даліна», размешчаным у Калінкавіцкім раёне. Асноўны напрамак яго дзейнасці — вытворчасць вешанак і шыітаке. Аднак цяпер прадпрыемства збіраецца пашыраць вырошчванне так званых грыбоў-біястымулятараў.
Кіраўнік прадпрыемства Іван Слука паведаміў, што пасля атрымання неабходных тэхнічных умоў вытворчасць яжовіка будзе пераведзена на прамысловы ўзровень. Плануецца выпускаць не менш за адну тону зернеміцэлію, а таксама свежыя і сушаныя пладовыя целы грыба для непасрэднага продажу. Акрамя таго, з яго будуць вырабляць парашок і капсуляваны прадукт.
Папулярнасць яжовіка грабенчатага звязваюць з яго патэнцыйным уплывам на працу мозгу і нервовай сістэмы. Яго называюць прыродным наатропам, адаптагенам і біястымулятарам. Як сцвярджаецца, гэты грыб здольны стымуляваць рост і аднаўленне клетак галаўнога мозгу.
Таксама яму прыпісваюць здольнасць спрыяць нейрапластычнасці, зніжаць рызыку дэменцыі і кагнітыўных парушэнняў, памяншаць трывожнасць, паляпшаць настрой, падтрымліваць імунную сістэму і працу страўнікава-кішэчнага тракту.
Праўда, магчымы эфект ад ужывання яжовіка не праяўляецца адразу, а мае назапашвальны характар.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары