«Калі такіх людзей будуць сотні і тысячы, мы сутыкнемся з сур'ёзнай пагрозай». Кейс былога міліцыянта Маціевіча ўзрушыў літоўскіх палітыкаў
Літоўскія палітыкі і чыноўнікі пасля з'яўлення інфармацыі, што ў Літве паўтара года жыў і працаваў былы маёр беларускай міліцыі, які ўдзельнічаў у задушэнні пратэстаў 2020 года, загаварылі пра неабходнасць удасканалення працэсу праверкі беларусаў, якія ўязджаюць у Літву, піша Delfi.lt. Па гэтым пытанні ёсць згода паміж уладамі і апазіцыяй.

Віцэ-спікер Сейма, прадстаўнік кіроўнай кааліцыі Паўлюс Саўдаргас адзначыў, што наяўнага цяпер парадку праверкі недастаткова. Дэпутатка ад апазіцыйных сацыял-дэмакратаў Давіле Шакалене таксама адзначае, што важна пашырыць магчымасці ўстаноў, якія ў Літве правяраюць іншаземцаў.
«Мы марудзім з наданнем нашым разведчыкам паўнамоцтваў, якія ёсць у іх калег з іншых краін НАТА. (…) Трэба гаварыць і пра фінансаванне», — сказала дэпутатка.
На думку Паўлюса Саўдаргаса, некантраляваны ўезд беларусаў у краіну можа стаць пагрозай літоўскай нацбяспецы.
«Беларуссю кіруе дыктатар, гэта дзяржава нафаршыраваная спецслужбамі, там для гэтага задзейнічана шмат магутнасцяў — каб расцягнуць сетку беларускіх агентаў у Літве. (…) У нас могуць быць такія агенты, і іх няпроста будзе выявіць Дэпартаменту міграцыі і нашай выведцы», — сказаў дэпутат.
«Калі з'ява будзе масавай — калі такіх людзей будуць сотні і тысячы, то наступіць дзень X, калі мы сутыкнемся з сур'ёзнай пагрозай нацбяспецы», — заўважыў Саўдаргас.
1 лютага 2024 года Дэпартамент міграцыі паведаміў, што прынята рашэнне аб пазбаўленні грамадзяніна Беларусі Аляксандра Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, паколькі ён не задавальняе ўмовам, якія дзейнічаюць у дачыненні да асоб, якім выдаюць такі дакумент.
Калі высветліцца, што Маціевіч уяўляе пагрозу бяспецы краіны, то будзе прынята пастанова забараніць яму ўезд у Літву.
Паводле інфармацыі МУС Літвы, першы раз Маціевіч прыехаў у Літву з Польшчы, у яго была нацыянальная віза іншай краіны Еўрасаюза. У лістападзе 2022 года, калі яму выдалі дазвол на жыхарства, не было звестак пра тое, што ён можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы.
Цяпер чытаюць
«Узнікаюць уяўленні, што палітвязні мусяць быць стойкімі, сабранымі, удзячнымі. А рэальнасць розная». Пагаварылі з людзьмі, якія водзяць дэпартаваных літаральна за руку
Каментары