Кіно

«Рыплі»: тонкі і густоўны дэтэктыў у стылі нуар, але не для ўсіх

Новы серыял — перлінка, якую варта не прапусціць.

Кадр з трэйлера

Амерыканец Том Рыплі — герой шаноўнага ўзросту: у 2025-м споўніцца 70 гадоў з выпуску першай кнігі пра яго, «Таленавітага містара Рыплі». Ён выйшаў з-пад пяра Патрыцыі Хайсміт, пісьменніцы, якая пазней выдала яшчэ чатыры кнігі пра Тома.

Хайсміт была чалавекам складаным. Жанчына з наскрозь траўматычным дзяцінствам, яна знаходзіла суцяшэнне ў алкаголі, котках і сотнях смаўжоў, што жылі ў яе дома. І героя яна стварыла складанага: Рыплі хоць і злодзей, але персанаж абаяльны, ветлівы, адукаваны і таварыскі, што не перашкаджае яму быць забойцам і псіхапатам. Мо праз такую складанасць і прывабнасць Рыплі пашчасціла на кінаўвасабленні — у розны час яго гралі, да прыкладу, Ален Дэлон, Мэт Дэйман і Джон Малкавіч. 

У новым серыяле «Рыплі» (Ripley) ад Netflix Тома ўвасобіў ірландзец Эндру Скот, і гэта небанальны выбар. Скот — не тыповы прыгажун накшталт Дэлона ці Дэймана, але ён сабаку з’еў на ролях абаяльных злачынцаў, якім яшчэ і спачуваць пачнеш падчас прагляду. Памятаеце яго прыцягальнага Марыярці з серыяла «Шэрлак» — таго самага, з Бенедыктам Камбербэтчам? У «Рыплі» Скот узяў на сябе яшчэ і працу прадзюсара. 

Мы знаёмімся з Томам Рыплі, калі ён яшчэ малады хлопец. Гэта канец 50-х, і Рыплі пакутуе ад безграшоўя, але не губляе надзеі прабіцца ў жыцці. Ён сустракае багатага фінансіста Герберта Грынліфа, і мужчына прымае Тома за сябра свайго сына Дзікі (Рычарда) — насамрэч яны ледзьве знаёмыя. Дзікі з’ехаў падарожнічаць у Еўропу, і Грынліф адпраўляе Тома за ім, а заадно дае Тому на час падарожжа поўную фінансавую свабоду.

Для Рыплі гэта шанс пажыць багата, і іншага можа не прадставіцца. Дзікі не хоча вяртацца ў Штаты, і выглядае, што Рыплі праваліў заданне, але як жа расстацца з такім шыкоўным жыццём? І на што гатовы Том, каб гэтага не рабіць?

Кадр з трэйлера

Калі жадаеце ад «Рыплі» драйву і гумару «Шэрлака», можаце расчаравацца. Гэты серыял цягучы і павольны, але ад гэтага не менш смачны — крымінальная гісторыя ў стылі нуар, якія цяпер сустрэнеш нячаста, ды і выкананая дасканальна. І ўсё гэта пад выдатны стылёвы саўндтрэк, што сумяшчае і сучаснікаў нуару накшталт Роя Орбісана, і варыяцыі опернай музыкі. Але ж саўндтрэкам тут не надакучаюць — галоўны тут не ён, а сама гісторыя.

Серыял мінімалістычны і ў гуку, і ў візуале: Том, Дзікі і яго сяброўка Мардж сярод геаметрыі італьянскіх будынкаў, карцін і пейзажаў. Вас чакае чорна-белая карцінка, і ў такім фармаце Італія Тома і Дзікі не падобная да выявы з турыстычнай паштоўкі.

Кадр з трэйлера
Кадр з трэйлера
Кадр з трэйлера

Атмасферу Неапаля не знішчыць, але ж у каманды Стывена Зэліяна, аскараноснага рэжысёра «Рыплі» і сцэнарыста легендарнага «Спісу Шындлера», гэты горад з яго голымі белымі сценамі ператварыўся ў ідэальную пляцоўку для нуарнага дэтэктыва. Як можа нешта настолькі жывое, як італьянская Рыўера, пасаваць для гэтага? І нават змрочны візуальны стыль серыяла будзе ледзь не самым прыгожым, што вы бачылі за апошні час — падзякуем за гэта выдатнаму аператару Роберту Элсвіту, яшчэ аднаму ўладальніку «Оскара» ў камандзе серыяла.

Кадр з трэйлера
Кадр з трэйлера

«Рыплі» — гэта гісторыя пра саспенс. У пачатку нічога не сведчыць пра тое, чым скончыцца падарожжа Тома ў Італію, але ж крок за крокам раскрываецца сапраўдны характар Рыплі. Вось ён адмаўляецца пакінуць Дзікі, вось апранае яго адзенне, а вось мы чамусьці чуем, што Дзікі баіцца вады. І што за цела ў пачатку серыяла валакуць па лесвіцы?

А яшчэ гэта вельмі хічкокаўская гісторыя — праз саспенс, але не толькі. Мо найвядомейшы эпізод стужак Альфрэда Хічкока — сцэна з фільма «Псіха», дзе гераіня Джанет Лі мыецца ў душы, але раптам з-за фіранкі з’яўляецца рука з нажом, і гераіня страшна крычыць (што будзе далей, лепш глядзець у арыгінале). За падобнай шторкай у серыяле мы бачым і Рыплі, і для яго гэта таксама эпізод, поўны жаху.

Не глядзіце «Рыплі», калі вам хочацца хуткага кіно з бойкамі і пагонямі або лёгкага сіткому на вечар, для гэтага хапае іншых серыялаў. Але не прапусціце «Рыплі», калі вам важныя эстэтыка, псіхалагізм і інтэлектуальнасць у кіно. У свеце сіквэлаў ды супергерояў гэты серыял — падарунак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»3

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Усе навіны →
Усе навіны

Кватэры ў Мінску сталі часцей купляць замежнікі. А старое жыллё без рамонту не цікавае нават іншагароднім

«Шаптуна Пуціна Лукашэнку падвялі ці то «старэйшыя браты», ці то ўласная інтуіцыя»1

Трамп зладзіў раскошную навагоднюю вечарыну і пажадаў «міру на Зямлі»6

Чалы дае прагноз на 2026 год9

Ціханоўская расказала пра першую сустрэчу з Калеснікавай7

Севярынец расказаў пра першую сустрэчу з сям'ёй пасля вызвалення2

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

«Байсол» назваў суму, якую ўдалося сабраць за 2025 год2

Вырасла сума базавай адзінкі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»3

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць