Літаратура22

Па-беларуску выйшла скандынаўская сага, якой натхняўся сам Толкін

Дынамічны сюжэт, сакавіты тэкст, дзёрзкія і адчайныя героі — і выдатны пераклад са старажытнаісландскай мовы Яўгена Папакуля, піша Зося Лугавая.

Калі вы думаеце, што скандынаўскія сагі — гэта штосьці складанае, з архаічнай мовай і безліччу герояў з незапамінальнымі імёнамі, то часткова маеце рацыю. Але толькі часткова. Скандынаўскія сагі — гэта экшан, якому пазайздросцяць сцэнарысты Netflix. І «Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка» яркі таму прыклад.

Я ніколі не чытала «Эдаў» і амаль нічога не ведаю пра свет скандынаўскай міфалогіі, таму вырашыла пачаць з «Сагі пра Хэрвёр і Хэйдрэка», бо яе называюць найбольш вядомай і дынамічнай. І тэкст адразу мяне прычараваў. Ды што я, калі гэта адзін з тых твораў, якім натхняўся сам Толкін, ствараючы сусвет Міжзем’я. 

Усё пачынаецца з гісторыі пра меч Цюрвінг. Не, насамрэч усё пачынаецца з невялікай перадгісторыі, дзе будзе шмат імёнаў і сямейных сувязяў, але паміж імі будзе расказаная гісторыя мяча. Аднойчы падчас палявання конунг Сваўрламі сустрэў двух двэргаў (то-бок гномаў). Не дазволіўшы ім схавацца ў камень, ён запатрабаваў выкаваць яму найлепшы меч, які толькі змогуць. Каб выратаваць свае жыцці, двэргі згадзіліся.

«У прызначаны дзень конунг вярнуўся да валуна. Двэргі чакалі звонку і перадалі яму меч, неймаверна прыгожы. Але, стоячы ля ўваходу ў валун, Двалін мовіў: «Меч — твой, Сваўрламі. Штораз будзе ён забіраць чалавечыя жыцці, як толькі яго вынуць з похваў, але тройчы ён здрадзіць. І тваім забойцам стане ён таксама». 

Сваўрламі моцна раззлаваўся на прадказанне, але двэргі паспелі ўцячы. А словы іх у выніку спраўдзіліся. Пасля меч перайшоў да паплечніка Сваўрламі — Арнгрыма, які меў ажно 12 сыноў. Гэта быў род, вядомы сваёй лютасцю. 

«Усе яны былі берсеркамі, такімі магутнымі і выбітнымі, што ніколі не бралі ў паход іншых ваяроў, і ніколі не вярталіся яны з сечы без перамогі. Праз гэта слава пра братоў разышлася па ўсіх землях, і не было конунга, што не даў бы ім таго, чаго яны хацелі». 

Але аднойчы на выспе Самсё здарылася сеча, у якой перавага была не на баку братоў. І нават меч Цюрвінг, які бацька перадаў найстарэйшаму з 12-ці сыноў — Анганцюру, не выратаваў іх. Братоў пахавалі на выспе разам з Цюрвінгам: насыпалі курган і абыходзілі тое месца як падалей. 

І акурат з гэтага месца пачынаецца самая прафемінісцкая частка сагі. Бо ў Ангацюра была дачка Хэрвёр, і мела яна нораў, не горшы за свайго бацьку і ягоных братоў. 

«Яна … была моцнай, нібы мужчына, і пры любой нагодзе ахвотней практыкавалася з лукам, шчытом ды мячом, чым у вышыванні ці гатоўцы. Звычайна Хэрвёр чыніла ліха, а не рабіла штосьці добрае. І калі дзяўчыну паспрабавалі неяк утаймаваць, яна ўцякла ў лес і стала забіваць людзей дзеля грошай». 

Прыгоды Хэрвёр і яе падарожжа ў пошуках спадчыннага мяча — самая цікавая частка сагі. А яшчэ самая паэтычная і дынамічная. Дзяўчына ў мужчынскім адзенні выпраўляецца з дому, доўга падарожнічае з вікінгамі, затым становіцца на іх чале і плыве на выспу, дзе пахаваны бацька. Ейныя спадарожнікі адмаўляюцца ісці да кургана, пад якім спачыў Анганцюр, бо чулі гісторыі пра магутных злых духаў. Але Хэрвёр адчайная і бясстрашная, таму ідзе адна. 

Абудзіўшы дух бацькі, яна зацята патрабуе аддаць ёй меч, і так уражвае ваяра сваёй упартасцю, што той не знаходзіць аргументаў, каб адмовіць. 

«Ты канчаткова,
дачка, звар’яцела,
гэтак у полымя
лезеш бясстрашна;
ведаеш, лепей
вынесу меч я —
больш не магу
адмаўляць табе, дзева».
Хэрвёр мовіла:
«Добра ты зробіш,
вікінгаў родзіч,
як з кургана мне 
вынесеш Цюрвінг;
нават карона
Нарвегіі цэлай
гэткай шчаслівай
мяне не зрабіла б!»

І калі вы думаеце, што я вам толькі што сцісла пераказала ўсю сагу, то памыляецеся. Далей аповед ідзе пра сына Хэрвёр Хэйдрэка і ягоных нашчадкаў. Усе яны такія ж няўрымслівыя, гарачыя і страшныя ў бойцы. Усіх іх чакаюць змаганні, прыгоды і, як правіла, паміраюць яны не сваёй смерцю. 

Сярод раздзелаў сагі пра змаганні, захопы тэрыторый, жаніцьбы і нараджэнні дзяцей ёсць адзін, цалкам прысвечаны загадкам. Іх пасталеламу Хэйдрэку загадвае бонд Гэстумбліндзі. Конунг любіць загадкі і не любіць бонда, але гатовы злітавацца і захаваць таму жыццё, калі Гэстумбліндзі прыдумае загадку, якую Хэйдрэк не зможа адгадаць. Ёсць штосьці супольнае ў гэтай сцэне з эпізодамі «Хобіта» Толкіна, дзе Більба Бэгінс гуляе ў загадкі спачатку з Голумам, а потым з цмокам. 

У «Сазе пра Хэрвёр і Хэйдрэка» загадак будзе болей за трыццаць, і некаторыя з іх цалкам падуладныя сучаснаму чытачу.

«Дзеваў я бачыў, 
да глебы падобных,
спалі дзяўчыны на скалах каменных;
дзевы чарнеюць
у сонечных промнях
і прыгажэюць у цемры змяркання.
Ці разгадаеш, 
Хэйдрэк, загадку?»
«Добрую ты
загадаў мне загадку,
ды, Гэстумбліндзі, адказ мне вядомы:
Гэта вуголле дагарала ў агмені». 

Агулам гэтая сага — вельмі жывы і сакавіты тэкст. Падзеі і героі змяняюцца імкліва, таму засумаваць падчас чытання проста немагчыма. Наадварот — толькі паспявай сачыць за тым, хто куды паехаў і дзе каго перамог. Дарэчы, трызну па Хэйдрэку, калі той памрэ, сын загадае зладзіць — увага! — на берагах Дняпра. 

Крывавыя бітвы, дзёрзкія і нахабныя, але дужа абаяльныя героі, падзеі на тэрыторыях, блізкіх нам, — усё гэта наводзіць на думку, што старажытныя скандынаўскія сагі бліжэйшыя да нас, чым падаецца на першы погляд. І што яны могуць быць захапляльным чытвом. Адно што варта быць гатовымі: уяўленні пра справядлівасць і мараль у конунгаў і вікінгаў вельмі спецыфічныя як для сучаснага чалавека. 

У прадмове да «Сагі пра Хэрвёр і Хэйдрэка» перакладчык Яўген Папакуль кажа, што сам твор адносіцца да XIII стагоддзя, але грунтуецца на значна больш старажытным матэрыяле. Напрыклад, бітва паміж готамі і гунамі, якая адбудзецца напрыканцы сагі, мела месца ў IV стагоддзі на берагах Дунхэйда (Дуная). Сага захавалася ў трох асноўных рэдакцыях XIV—XVII стагоддзяў, у якіх некаторыя фрагменты супадаюць, а некаторыя — моцна розняцца. Таму Яўген Папакуль прыняў рашэнне ў беларускім перакладзе аб’яднаць тэксты ўсіх трох, вылучыўшы фрагменты розных рэдакцый курсівам і тлустым шрыфтам. Але і гэта, і тое, што празаічныя радкі сагі чаргуюцца з паэтычнымі, не ўскладняюць чытання. Тэкст чытаецца лёгка. 

Варта адзначыць, што апошнім часам па-беларуску выйшлі ледзь не ўсе тэксты, якія складаюць вядомыя скандынаўскія «Эды». Усе яны перакладзеныя са старажытнаісландскай мовы Яўгенам Папакулем. Пра сваю працу над гэтымі перакладамі ён расказаў у адным з выпускаў падкаста Ганны Дзягель «Так склалася гістарычна». Адтуль жа можна даведацца, як перакладаюць скандынаўскія сагі ў свеце, і як стаяць справы з перакладамі «Эды» ў нашых суседзяў. Спойлер: беларусы цяпер маюць найбольш поўны пераклад на сваю мову сярод суседніх краін!

«Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка». Выдавецтва «Тэхналогія», 2024, Мінск. Пераклад са старажытнаісландскай Яўгена Папакуля. 

Каментары2

  • I
    10.08.2024
    Выдатная навіна.
    Дзе можна набыць кніжку?
  • VF
    03.09.2024
    I, думаю, лепш за ўсё спытаць у выдавецтва.

Цяпер чытаюць

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі7

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі салдат уратаваўся з акружэння на электраровары, які яму скінулі з дрона1

З кастрычніка пачнуць дзейнічаць новыя правілы ўезду ў ЕС. Што зменіцца для беларусаў

Журналіст Ігар Карней пра тое, як атрымаў у спадчыну рэпрэсаваныя гены1

У Мінску прайшоў «Жаночы забег»5

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў4

Цікавыя новыя захапленні выбрала сабе Святлана Ціханоўская12

Упершыню ў Беларусі стварылі вялікую металічную пралётную канструкцыю3

Мікалай I забараніў ужываць назвы Літва і Беларусь? Гэта савецкі міф40

«Проста ім не спадабалася яе карціна». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастачкі Людмілы Шчамялёвай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі7

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць