Культура1212

Акадэмія навук запусціла шыкоўны партал беларускіх казак — можна пачытаць і паслухаць у арыгінальных запісах

Мы прывыклі ўспрымаць казкі як тэксты ў дзіцячых кніжках, але іх сапраўдная прырода — у жывым голасе апавядальніка, які мы, здавалася, страцілі назаўжды. Аднак Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук зрабіў амаль немагчымае — стварыў унікальны партал, дзе сабраныя не толькі тэксты, але і аўдыязапісы беларускіх казак з 1960‑х гадоў. Гэта сапраўдны лічбавы помнік вуснай традыцыі.

Скрыншот загалоўнай старонкі партала «Беларускія народныя казкі»

Гук, літара і піксельны арнамент

Новы партал, створаны ў межах праекта «Беларускія народныя казкі: сюжэтная шматстайнасць, каталагізацыя, сучасныя інтэрпрэтацыі», — гэта вынік каласальнай працы, якая вялася на працягу 2023—2025 гадоў.

Як паведамляе тэлеграм-канал Беларускага нацыянальнага корпуса, кіраўніцай праекта выступіла вядомая фалькларыстка Таццяна Валодзіна. Галоўная мэта — не проста сабраць і апублікаваць казкі, а актуалізаваць іх як інструмент фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці ў сучасным свеце.

Вынік пераўзышоў усе чаканні. Сайт уражвае з першых секунд сваім візуальным рашэннем. Дызайнерка Эліза Белавусава і мастачка Аксана Навасёлава стварылі ўнікальны мінімалістычны стыль, у якім дамінуе белы колер, з якім кантрастуе абмежаваная палітра колераў — чорны і чырвоны. Старонкі ўпрыгожаны графічнымі ўстаўкамі, якія адсылаюць да традыцыйнай беларускай культуры. Нават загалоўкі выкананыя скарынаўскім шрыфтам — Skaryna 2017 Title, распрацаваным калісьці Аляксеем Ковалем. 

Кожную сказку на партале можна прачытаць і паслухаць у арыгінальным запісе, зробленым этнографамі і фалькларыстамі. Скрыншот сайта

Аднак галоўнае на сайце — яго змест. Партал прапануе не толькі чытаць тэксты, а слухаць іх. У аснову лягла калекцыя аўдыязапісаў, зробленых супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору з канца 1960‑х да 2000‑х гадоў. Кожны аўдыязапіс — гэта своеасаблівая капсула часу, якая суправаджаецца падрабязнай расшыфроўкай і пашпартам: хто, дзе і калі распавядаў казку.

Ад Яна Чачота да «лічбы»: працяг вялікай традыцыі

Праца, праведзеная камандай праекта, уражвае сваім маштабам. Гэта не толькі алічбоўка старых стужак. Навукоўцы правялі велізарную пошукавую працу ў архівах Беларусі, а таксама ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, дзе змаглі знайсці ўнікальныя рукапісы з запісамі казак яшчэ XIX стагоддзя.

Гэта ставіць праект у адзін шэраг з класікамі беларускай фалькларыстыкі — Янам Чачотам, Паўлам Шэйнам, Еўдакімам Раманавым, якія ў свой час таксама ратавалі ад забыцця вусную народную творчасць.

Вынікам гэтай працы стануць і тры тамы анталогіі «Беларускія народныя казкі», якія рыхтуюцца да друку.

Многія беларускія казкі выдаваліся спачатку за рускія ці за польскія, вяртанне ім сапраўднага імя было вялікай працай беларускіх фалькларыстаў пачынаючы з XIX стагоддзя. Скрыншот сайта

Гістарычны раздзел сайта паказвае, наколькі складаным быў шлях беларускай казкі да прызнання. Першыя запісы, зробленыя рускімі збіральнікамі, выходзілі пад назвай «Русские народные сказки», а занатаваныя адукаванымі палякамі — атрымлівалі цэтлік «польскіх».

Працы Яна Баршчэўскага, Міхала Федароўскага, Аляксандра Сержпутоўскага і пазней савецкіх фалькларыстаў, такіх як Леў Бараг, крок за крокам вярталі беларускай казцы яе ўласнае імя. Цяперашні праект працягвае гэтую справу, але ўжо на сучасным тэхналагічным узроўні.

Навуковая сістэма для казак

Партал не звальвае ўсе казкі ў адну кучу. У аснову пакладзена строгая навуковая класіфікацыя, якая абапіраецца на міжнародныя паказальнікі сюжэтаў, такія як сістэма Аарне-Томпсана-Утэра (ATU) і ўсходнеславянскі аналаг СУС.

Партал абапіраецца на міжнародныя паказальнікі казачных сюжэтаў. Скрыншот сайта

Усе казкі на сайце размеркаваныя па шасці асноўных жанравых групах.

Тут ёсць казкі пра жывёл, дзе ў якасці галоўных герояў выступаюць хітрая ліса і дурны воўк, якія ўвасабляюць чалавечыя стратэгіі паводзін.

Ёсць кумулятыўныя казкі, пабудаваныя на ланцужковым прынцыпе паўтарэння, як знакаміты «Калабок» ці «Рэпка».

Вялікі раздзел прысвечаны чарадзейным казкам, дзе героі-асілкі кшталту Пакацігарошка змагаюцца са змеямі і Кашчэем Бессмяротным.

Сабраны таксама легендарныя казкі на рэлігійныя сюжэты («Бог узнагароджвае і карае»), сацыяльна-бытавыя казкі пра паноў і мужыкоў, а таксама ўнікальны жанр небыліц, дзе ўсё пастаўлена з ног на галаву.

Кожны раздзел суправаджаецца падрабязным навукова-папулярным апісаннем, якое тлумачыць спецыфіку жанру. Гэта дазваляе не толькі атрымліваць асалоду ад сюжэтаў, але і разумець глыбокую культурную логіку, закладзеную ў іх.

У мінімалістычным афармленні сайта выкарыстоўваюцца матывы традыцыйнай беларускай культуры і скарынаўскі шрыфт загалоўкаў. Скрыншот сайта

Беларускі філосаф Уладзімір Конан некалі назваў казку «рэмінісцэнцыяй карнавалу», дзе справядлівасць перамагае, а ўсе сацыяльныя ролі пераварочваюцца. Новы партал дае магчымасць далучыцца да гэтага карнавалу, пачуць яго жывыя галасы з мінулага.

У эпоху, калі многія культурныя сувязі рвуцца, а кантэксты скажаюцца, такія праекты становяцца сапраўднымі якарамі нацыянальнай памяці. Яны дазваляюць зазірнуць углыб уласнага калектыўнага несвядомага і зразумець, што нашы казкі — гэта не проста дзіцячыя забаўкі, а складаны культурны код, які фармаваў беларусаў на працягу стагоддзяў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • .
    21.03.2026
    Тыя навукоўцы былі людзьмі свайго часу і яны запісвалі казкі з вуснаў людзей свайго часу і для навукоўцаў не павінна быць нечым дзіўным, што вялікія групы людзей лічылі сябе палякамі на захадзе ці рускімі на ўсходзе, таму і казкі такія. А колькі літоўскіх казак цяпер пад беларускім лэйблам! Апошнія сто год адбываецца этнацыд насельніцтва з польскай і літоўскай ідэнтычнасцю і нават беларускай. Таму некалі цяперашнія казкі будуць толькі рускімі.
  • дзівак
    21.03.2026
    Капіруйце сайт, хто можа. Хутка будзе загад дабавіць зелені замест белага і дададуць рускі пераклад.
  • Тролі ўжо не тыя
    21.03.2026
    ., не пі баярышнік, Ваня

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма12

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Усе навіны →
Усе навіны

Праваабаронцы паведамілі пра больш чым 10 ператрусаў у Беларусі, што прайшлі ўчора1

«Я была толькі абалонкай чалавека». Кайлі Міноўг расказала, як у яе другі раз дыягнаставалі рак і як яна не хацела пра гэта расказваць

Гомельскага таксіста асудзілі да калоніі па трох палітычных артыкулах2

У Баранавічах відавочцы выратавалі траіх маленькіх дзяцей падчас пажару ў кватэры1

На Камароўцы сталі прадаваць абрыкосы, а яшчэ шмат кавуноў, клубніц. І куды без маладой бульбы?4

Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу19

«Белавія» аднавіла палёты ў Туніс

Кіраўнік МЗС Украіны: Мы знаходзімся на пераломным моманце вайны9

Аляксей Хлястоў на Акрэсціна39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма12

Усе беларускія банкі пачнуць сачыць за месцазнаходжаннем кліентаў? Альфа-банк ужо папярэдзіў, адмовіцца немагчыма

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць