Культура11

Нетыповы апостал з пеўнем. У Беларусі ўратавалі ўнікальны абраз, звязаны з мастацкай школай Балонні

Пасля шматгадовай і надзвычай складанай рэстаўрацыі ўратаваны старадаўні абраз пакаяння святога апостала Пятра. Неўзабаве твор зойме сваё месца ў касцёле ў Новым Свержані. Знаходка ўражвае не толькі майстэрствам рэстаўратара, які літаральна выцягнуў жывапіс з таго свету, але і сваёй нетыповай іканаграфіяй, якая знаходзіцца толькі ў Італіі.

Фрагмент абразу «Пакаянне Святога Пятра» з Новага Свержаня пасля рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах

Пра завяршэнне працы паведаміла парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах, на чале якой стаіць ксёндз Ігар Лашук. Над аднаўленнем палатна шмат гадоў працаваў беларускі рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч. Мяркуючы па фотаздымках «да», твор знаходзіўся ў катастрафічным стане: аўтарскі жывапіс панёс вялікія страты.

Стан абраза з Новага Свержаня да рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах
Твар на абразе падчас рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах

Нетыповы Пётр і сімвал пеўня

Сюжэт абраза адсылае да вядомага евангельскага эпізоду, які ў заходнееўрапейскім мастацтве часта называюць Gallicantu (ад лацінскага — «спеў пеўня»). Ён ілюструе момант найвышэйшага духоўнага пералому апостала Пятра, які тройчы адрокся ад Хрыста да таго, як заспяваў певень, а пасля, успомніўшы прароцтва Настаўніка, горка заплакаў.

«Пакаянне Святога Пятра» працы Жэрара Сегерса. 1625 — 1629. З калекцыі Эрмітажа. Фота: Wikimedia Commons

Аднак найбольшую цікавасць уяўляе не сам сюжэт, бо ён быў даволі папулярны ў эпоху барока, а кампазіцыйнае рашэнне. Звычайна ў мастацтве таго часу, напрыклад, на вядомай карціне Жэрара Сегерса, Пятра малявалі ў класічнай позе малітоўнага экстазу: прыпалым на калена або са счэпленымі ў малітве рукамі, паднятымі да грудзей.

Абраз «Пакаянне Святога Пятра» з Новага Свержаня пасля рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах
Рукі апостала, счэпленыя ў замок на калене, а не ў малітоўным эсктазе. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах

На свержанскім жа абразе мы бачым зусім іншага, максімальна чалавечага і нават нефармальнага Пятра. Ён сядзіць, закінуўшы нагу за нагу, яго рукі не ў малітве, а счэпленыя проста на голай назе. Твар святога, пакрыты маршчынамі, звернуты ўгару, у вачах — нямое пытанне да Нябёсаў. 

Балонская школа

Парафія зважае на тое, што падобны па іканаграфіі абраз ёсць у сталіцы Славеніі — Любляне. Сапраўды, у Нацыянальнай галерэі Славеніі захоўваецца палатно першай паловы XVII стагоддзя «Пакаянне святога Пятра», аўтарства якога прыпісваюць невядомаму майстру Балонскай школы, імаверна, паслядоўніку Ладавіка Карачы або Алесандра Тыярыні. 

«Пакаянне Святога Пятра» працы невядомага мастака. Балонская школа (?), першая палова XVII стагоддзя. З калекцыі Нацыянальнага музея Славеніі. Фота: ng-slo.si

Пры параўнанні славенскага экспаната і свержанскага абраза іх сваяцтва становіцца відавочным. Супадае і агульная канцэпцыя: фігура святога ў плашчы, які сядзіць з аголенымі нагамі, счэпленыя ў замок пальцы рук.

Але што самае цікавае, дык гэта твар апостала Пятра: нахіл галавы, выраз вачэй, форма барады, гульня светлацені на шчоках і на шыі — на беларускім палатне яны амаль ідэнтычныя італьянскаму арыгіналу, быццам змаляваныя з яго. 

Адрозненні палягаюць толькі ў дэталях кампазіцыі. На балонскай карціне Пётр закінуў нага на нагу інакш, а певень сядзіць на абломку калоны злева, а не ў ценю справа, як на беларускім палатне. Таксама змянілася драпіроўка адзення.

Твар Святога Пятра на абразе з Новага Свержаня пасля рэстаўрацыі. Фота: парафія Святога Казіміра ў Стоўбцах
Падобна, што беларускі абраз не проста мае падобную іканаграфію з італьянскім абразом, але наўпрост паўтарае яго, хоць і менш прафесійна, як у выпадку з тварам апостала Пятра. 

Такія падабенствы — не выпадковасць, але гэта не значыць, што ў Новым Свержані вісіць арыгінал італьянскага майстра. У XVII—XVIII стагоддзях гэты сюжэт мог патрапіць у Вялікае Княства Літоўскае праз гравюры, зробленыя па італьянскіх палотнах. Але рэдкасць менавіта такога варыянту паставы апостала наводзіць на думку, што ў выпадку з абразом з Новага Свержаня пераемнасць магла быць без графічных пасярэднікаў.

Дзякуючы працы рэстаўратара Аляксандра Лагуновіча твор вярнуў свае першапачатковыя колеры і выразныя рысы і неўзабаве вернецца ў касцёл Святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • tf
    22.03.2026
    [Рэд. — Дзякуй за заўвагу]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць29

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску арыштавалі «чорнага рыэлтара», які спрабаваў завалодаць кватэрай алкаголіка3

У Францыі пасля 20 гадоў забыцця выставілі працу Марка Шагала

У Беларусі знайшлі самую шматдзетную сям'ю лебедзяў1

Цела Святланы Курс будзе крэміравана24

Трамп заявіў, што збіраецца балатавацца на трэці тэрмін15

У кабінет гінеколага гомельскай паліклінікі падчас агляду жанчыны зайшоў мужчына-інжынер — але вымову зрабілі не яму28

Пры ўдары па турбазе ў акупаванай частцы Запарожжа загінулі 8 чалавек1

Янка Брыль: як шчасліва пражыць нешчаслівую эпоху3

Дроны атакавалі Цюмень больш чым за 2000 км ад мяжы Украіны2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць29

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць