Вучоныя расказваюць, як простая змена ў рацыёне харчавання можа палепшыць стан скуры і імунітэт
Для гэтага вам спатрэбіцца морква.

Вядома, што караціноіды — прыродныя арганічныя пігменты, якія надаюць яркі колер шмат якой садавіне і гародніне — дапамагаюць абараніць клеткі ад пашкоджанняў і знізіць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў і некаторыя віды раку. Высокі ўзровень караціноідаў у скуры звязаны з паляпшэннем яе стану і абаронай ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялетавых промняў.
Як піша SciTechDaily, ранейшыя даследаванні паказалі, што ўзровень караціноідаў у скуры можна павялічыць, спажываючы ў тры разы больш за рэкамендаваную порцыю садавіны і гародніны кожны дзень на працягу трох тыдняў.
Новае даследаванне вучоных Стэндфардскага ўніверсітэта прадэманстравала, што невялікая і простая змена ў рацыёне харчавання — уключэнне маладой морквы ў якасці перакусу тры разы на тыдзень — прыкметна павышае ўзровень караціноідаў у скуры маладых людзей. Паказчык вырас яшчэ больш, калі моркву злучылі з полівітамінамі, якія ўключаюць бэта-карацін.
Для свайго даследавання вучоныя выпадковым чынам размеркавалі 60 маладых людзей на чатыры групы.
На працягу чатырох тыдняў першая група перакусвала лустачкамі яблыкаў гатунку Грэні Сміт (кантрольная група), другая — маладой морквай (роўна 100 г на порцыю). Трэцяя група прымала полівітамінны дадатак, які ўтрымлівае бэта-карацін, а чацвёртую праінструктавалі есці маладую моркву і адначасова ўжываць вітамінны комплекс з бэта-карацінам.
Перад пачаткам і па завяршэнні эксперыменту навукоўцы ацанілі ўзровень караціноідаў у скуры кожнага добраахвотніка.
Вынікі паказалі, што ў тых, хто еў толькі маладую моркву, гэты паказчык павялічыўся на 10,8%. А вось у групе, дзе морква спалучалася з прыёмам полівітамінаў, якія ўтрымлівалі бэта-карацін, узровень караціноідаў быў удвая большым — 21,6%. У ўдзельнікаў двух астатніх груп ніякіх змен у скуры не было заўважна.
У далейшым вучоныя плануюць даследаваць механізм, які прыводзіць да такіх вынікаў, а таксама вывучыць уплыў на колькасць караціноідаў у скуры іншых прадуктаў, багатых імі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
https://www.dropbox.com/scl/fi/m57339rfkp79bdr9jrow0/Simmons-abstract.docx?rlkey=7kyx7f15khpzem7mplmjgy59z&e=2&dl=0