Кіно11

Суперзоркі, дасціпны гумар і заблытаныя забойствы. На экране чацвёрты сезон ледзь не дасканалага дэтэктыва

Выходзіць новы сезон «Забойстваў у адным будынку» (Only Murders in the Building) — утульнага дэтэктыва з комікам Стывам Марцінам, спявачкай Селенай Гомес і россыпам іншых топавых зорак. Чым не нагода вярнуцца да серыяла?

Фота: кадр з трэйлера

Нагадаем, пра што гаворка. У элітным нью-ёркскім доме пад назвай «Арконія» жыве маладая мастачка Мэйбл Мора (Селена Гомес) — дзяўчына займае кватэру сваёй цёткі. Выпадкова яна знаёміцца з Чарльзам-Хейдэнам Сэвіджам (Стыў Марцін), сваім суседам і былым акцёрам, вяршыня славы якога — некалі папулярны дэтэктыўны серыял «Бразас». Да іх дваіх далучаецца Олівер Патнэм (Марцін Шорт), яшчэ адзін жыхар «Арконіі» і брадвейскі рэжысёр, кар’ера якога прыкметная хіба што шматлікімі праваламі.

Паміж Мэйбл і яе новымі сябрамі дзясяткі гадоў узроставай розніцы, але знаходзіцца нешта, што аб’ядноўвае траіх — і гэта любоў да крымінальных падкастаў. Калі ў «Арконіі», доме тройцы, здараецца забойства, Мэйбл, Чарльз і Олівер спрабуюць яго расследаваць і прысвячаюць гэтай справе ўласны крымінальны падкаст «Забойствы ў адным будынку».

Напэўна, ніколі ў «Арконіі» не было столькі злачынстваў, як пасля з’яўлення ў будынку тройцы жыхароў-расследавальнікаў. У першых двух сезонах ахвяры — гэта жыхары «Арконіі», у трэцім сезоне ахвяра прыходзіць звонку — разам з новым праектам Олівера, пастаноўкай яго п’есы «Перадсмяротны хрып».

Трэйлер чацвёртага сезона

У чацвёртым сезоне, які на экранах проста цяпер, забойства адбываецца зусім блізка да кампаніі дэтэктываў, ды і ахвяра — важны чалавек для аднаго з іх. Гэта Сас, каскадзёрка, якая шмат гадоў працавала з Чарльзам: выглядае, што яна падмяніла яго не толькі ў жыцці, то-бок на здымачных пляцоўках, але і ў смерці, бо жанчыну маглі забіць з-за яе падабенства да Чарльза.

Цяпер задача тройцы дэтэктываў — раскрыць забойства старой сяброўкі, і ў пошуках злачынцы героям давядзецца паглядзець на «Арконію» з нечаканага боку. Аказалася, што такі знаёмы дом хавае ў сабе яшчэ багата сюрпрызаў і суседзяў-фрыкаў, што і раней было адной з фішак «Арконіі»: уявіце сабе хлопца-фаната Калядаў, у якога дома круглы год навагодняя эстэтыка, або кампанію сяброў-карцёжнікаў з нечаканым сакрэтам у ванным пакоі.

Паралельна са сваім расследаваннем Чарльз, Мэйбл і Олівер спрабуюць даць рады іншай задачы, бо ў Галівудзе вырашылі зняць фільм па іх знакамітым падкасце. Акцёры галівудскай стужкі — канадскі комік Юджын Леві, яго амерыканскі калега Зак Галіфіянакіс і зорка серыялаў Ева Лангорыя, і ўсе яны з’яўляюцца ў сезоне ў ролях саміх сябе. Леві, Галіфіянакіс і Лангорыя адмаўляюцца ад таго, каб слепа капіраваць сваіх герояў, і дадаюць ім уласныя рысы, а недзе і ўступаюць у расследаванне, няхай і проста для таго, каб было, пра што расказаць на вячэры Мішэль Абаме. 

Фота: кадр з трэйлера

Дарэчы, гэта не першыя топавыя зоркі, якімі нас песцяць стваральнікі «Забойстваў у адным доме». У трэцім сезоне да каманды серыяла далучылася Мэрыл Стрып — легенда, якую не трэба прэзентаваць: калі ў вас вылецела з галавы, хто гэта, пераглядзіце «Крамер супраць Крамера», «Мама мія!», «Д’ябал носіць Prada» і шмат іншых работ гэтай актрысы. Для «Забойстваў у адным будынку» Стрып ператварылася ў Ларэту, актрысу-пачаткоўку, якая заваёўвае і тэатральную сцэну, і сэрца аднаго з галоўных герояў. 

Выбітна тое, як у серыяле ўзаемадзейнічаюць героі такіх розных узростаў, і з якім талентам акцёры гэта перадаюць. Мэйбл, Чарльз і Олівер прымудраюцца пазбягаць канфлікту пакаленняў і з павагай ставяцца адно да аднаго — выдатны прыклад адмовы ад стэрэатыпаў. Хімія, што дзейнічае паміж імі, не залежыць ад узросту. У нечым гэта звязана з тым, што і для Чарльза з Оліверам, і для іх маладой сяброўкі характэрная адна і тая ж апантанасць злачынствамі, востры розум, цікаўнасць да жыцця і расследаванняў. І ва ўсім гэтым няма месца стэрэатыпам, хаця Мэйбл і даводзіцца часам цярпець дзівацтвы сяброў.

Стылёвыя кадры, галівудскія іконы і якасны гумар — усё гэта стварае ў серыяле такую атмасферу, што і забойствы не так пужаюць. Тут не будзе вялікага экшна, пагоняў са стралянінай і кінематаграфічных боек, ды і як бы Марцін і Стрып далі ім рады ў свае гады? Замест гэтага трымайце чароўную атмасферу і лямпавыя жарты, што прыпраўляюць крымінальную таямніцу, і ведайце — вам захочацца яшчэ.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Злобный вожык
    28.09.2024
    Дзякуй за артыкул.

Цяпер чытаюць

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў5

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Усе навіны →
Усе навіны

Юрый Чыж зарэгістраваў у Расіі новую інвесткампанію. Старыя прыносяць яму толькі страты

Праўладны аналітык, які служыў у расійскай вайсковай разведцы: У мяне дача літаральна за 5 км ад Сувалкаўскага калідора10

Аўтар фільма «Чужое неба», знятага падманам: Падбор герояў — гэта наша прафесійная таямніца5

Як склаўся лёс палкоўніка Лосева, які пакрываў банду марозаўцаў і атрымаў 18 гадоў калоніі4

Прэм’ер Літвы: Бачыць у кожным прыбылым шпіёна — неадэкватна5

Запланаваны ў Вільні канцэрт Крысціны Арбакайце выклікаў абурэнне ў сацсетках. Умяшаўся нават прэм’ер краіны26

Сацпакет айцішніка ў Мінску схуднеў? Якімі плюшкамі завабліваюць Lesta, EPAM ды іншыя

Ксёндз Акалатовіч: Мяне абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана16

Гэта песня на башкірскай мове завірусілася ў свеце. Але і выклікала дыскусію ва Украіне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў5

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць