Грамадства77

Замок змянілі, а рэчы вынеслі ў пад'езд. Беларуска вярнулася з адпачынку ў арандаванае жыллё ў Польшчы, але яе чакаў сюрпрыз

Наталля жыве ў Польшчы. Лета правяла на радзіме, а калі вярнулася ў Беласток, выявіла, што яе ключ не падыходзіць. Самастойна забраць рэчы яна не змагла. Пазней нехта склаў іх у пакеты для смецця і вынес на лесвічную пляцоўку. Дзяўчына мае намер звярнуцца ў суд. Пра канфлікт з гаспадыняй Наталля распавяла Most.

У канцы 2023 года Наталля шукала арандаванае жыллё ў пешай даступнасці ад універсітэта, дзе вучылася. У інтэрнэце яна пабачыла аб'яву пра здачу пакоя ў цэнтры горада. Кошт арэнды быў даволі высокі па мерках Беластока — 1 тысяча злотых у месяц (245 даляраў), але месцазнаходжанне пераважыла. Наталля звязалася з гаспадыняй кватэры, паглядзела пакой і падпісала дамову.

— Дамова была з 1 лістапада 2023 года да канца чэрвеня 2024 года. Адзінае, што гаспадыня папрасіла ўказаць у дамове толькі 500 злотых, а астатнія плаціць на рукі, маўляў, за рахункі (камунальныя). Таксама я заплаціла адну тысячу злотых як каўцыю (залог), — успамінае Наталля. — Дарэчы, ні я, ні тры дзяўчыны, што жылі ў кватэры, ніколі не бачылі ніводнага рахунка.

Вясной 2024 года Наталля атрымала польскае грамадзянства, і яны з гаспадыняй вырашылі абнавіць дамову ўлічваючы новы дакумент. Умовы засталіся тымі ж. Але Наталля сцвярджае, што новую дамову падпісалі на нявызначаны тэрмін. Беларуска планавала арандаваць пакой да лютага 2025 года — да заканчэння вучобы ў універсітэце.

— Адносіны з гаспадыняй кватэры былі нармальныя, канфліктаў не было, — кажа жанчына. — Адзіным яе патрабаваннем было аддаваць плату за кватэру толькі на рукі — ні пераводам, ні BLIK (сістэма плацяжоў) яна не хацела. Яна жыла ў іншым горадзе і прыязджала ў Беласток раз на два месяцы. Таму мы [з дзяўчатамі] збіралі грошы за ўвесь перыяд і аддавалі ёй.

Аплата не была зменшана, а ад нас патрабавалі з'ехаць

Летнія канікулы Наталля планавала правесці ў Беларусі. Яна хацела выехаць у канцы чэрвеня і вярнуцца ў верасні. Жанчына заплаціла за арэнду за ліпень і папярэдзіла гаспадыню аб сваіх намерах, прапанаваўшы плаціць за летнія месяцы пераводамі. Але тая адмовілася. Наталля кажа, што гаспадыня дала ёй зразумець, што гэта не праблема і плацяжы могуць пачакаць.

— У канцы ліпеня здарылася так, што мне прыйшлося легчы на аперацыю ў Беларусі. І стала крыху шкада, што трэба плаціць па тысячы злотых за ліпень, жнівень і верасень, нават не знаходзячыся там, — прызнаецца Наталля. — Я напісала гаспадыні і папрасіла хоць бы знізіць аплату на 200 злотых. Урэшце ж я нічым не карысталася: ні святлом, ні вадой. Але яна адказала катэгарычна — «не».

Спачатку Наталля паведаміла, што ў такім разе, хутчэй за ўсё, будзе шукаць жыллё танней, але потым перадумала: пасля аперацыі ёй забаранілі падымаць цяжкасці, і пераезд быў бы ёй цяжкі.

— Напісала, што, як бы цяжка мне ні было фінансава, я застаюся, — расказвае жанчына. — А яна: «Мне ўсё роўна. Хачу болей грошай. Ідзі адсюль». Урэшце яна даслала мне фатаграфію запіскі і напісала, што дае мне час з 13 па 16 жніўня на вываз рэчаў.

Пад «запіскай» Наталля разумее паведамленне аб высяленні. Ім гаспадыня кватэры нібыта паведаміла арандатару аб абавязку пакінуць жыллё і забраць свае рэчы да 16 жніўня ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння дамовы арэнды, а таксама ў сувязі з тым, што Наталля паведамляла гаспадыні аб намеры вызваліць памяшканне.

Дата, калі беларуска нібыта паведаміла аб вызваленні памяшкання, была раней, чым Наталля перадумала з'ехаць і вырашыла працягваць арандаваць кватэру.

Таксама гаспадыня паведаміла Наталлі, што калі яна не з'едзе, ёй будзе налічана плата за захоўванне асабістых рэчаў. Акрамя таго, у паведамленні быў пазначаны нумар прадстаўніцы, да якой трэба звяртацца па ўсіх пытаннях.

«Прывязіце хоць бы новы ключ»

Наталля вярнулася ў Беласток увечары 14 жніўня. Жанчына адразу пайшла ў арандаванае жыллё, але там яе чакаў сюрпрыз: ключ не падышоў да дзвярэй. Тады яна паспрабавала звязацца з прадстаўніцай гаспадыні кватэры.

— Я патэлефанавала па тым нумары, а там бабка мне кажа, што прыедзе толькі заўтра. Я ў яе пытаюся: «А начаваць я дзе буду? Я прыехала дамоў», — перадае Наталля размову.

Нічога не дасягнуўшы, Наталля адправілася ў бліжэйшы гатэль. А а трэцяй гадзіне ночы яе разбудзіў тэлефонны званок: прадстаўніца гаспадыні кватэры пачала патрабаваць, каб Наталля прыйшла і забрала свае рэчы.

— Я кажу: «Вы што, зусім здурнелі? Ці прывезлі мне новы ключ?» А яна: «Не. Ідзі забірай свае рэчы!» — успамінае Наталля. — Я адмовілася і сказала, што прыйду а дзявятай раніцы.

«Усё проста вывалілі ў мяшкі для смецця»

Прыехаўшы наступным днём, Наталля была ў шоку: яе рэчы ляжалі ў пакетах на падлозе пад'езда. Там была таксама прадстаўніца гаспадыні кватэры і «незнаёмыя мужчыны», якія здымалі на відэа тое, што адбываецца.

— У мяне там было столькі рэчаў: і фіранкі, і дыванкі, і пакрывалы, і топер для канапы, і грошы, і ўпрыгажэнні — усё гэта проста вывалілі ў сметнік, — абураецца Наталля.

Наталля ў слязах спрабавала звязацца з паліцыяй і ўчастковым. Але нічога не дасягнула: у той дзень у Польшчы адзначалі дзяржаўнае свята — Дзень Войска польскага.

— Усё было зачынена, — кажа жанчына. — Добра, што хоць у туалет кінатэатра змагла зайсці.

Наталля не ведала, куды перанесці рэчы. Кажа, што нічога не заставалася, як хутка арандаваць гараж і папрасіць знаёмых перавезці туды «хто што можа».

«Гэта ўвогуле невытлумачальна»

9 верасня Наталля звярнулася з заявай у камісарыят паліцыі Беластока. Яна паведаміла аб парушэнні непарушнасці жылля і хатняга спакою і аб крадзяжы асабістых рэчаў на 43.100 злотых (10 500 даляраў). Наталля кажа, што ў якасці доказаў прадставіла дамову арэнды, рэгістрацыю (мельдунак), скрыншоты перапіскі з гаспадыняй кватэры і фатаграфіі таго, як яе рэчы ляжалі ў калідоры. Таксама жанчына дала паказанні.

— Нядаўна мне прыйшла [пастанова] аб спыненні справы з-за недахопу доказаў. Гэта ўвогуле невытлумачальна. Ну, скралі і скралі? Што тут такога? Навошта праводзіць расследаванне? — задаецца пытаннямі жанчына.

У дакуменце, які Наталля прадставіла MOST, сапраўды сказана, што расследаванне спыненае ў сувязі з адсутнасцю прыкмет забароненай дзеі і дастатковых падстаў для падазрэння ў здзяйсненні абвешчанага злачынства.

— Цяпер у мяне ёсць сем дзён, каб абскардзіць гэта рашэнне, — адзначае суразмоўца. — Лічу, што пракуратура павінна гэтым займацца, бо парушаны два артыкулы Крымінальнага кодэкса.

Аднак юрыст, з якім Наталля кансультавалася, кажа, што шанцаў даказаць крадзеж мала. Спрэчку таксама можна вырашаць у грамадзянскім судзе. Наталля плануе звярнуцца ў суд, але кажа, што гэта можа заняць гады.

MOST звязаўся з уладальніцай кватэры, у якой Наталля арандавала пакой, каб выслухаць яе пазіцыю. Аднак жанчына адмовілася размаўляць і папрасіла больш яе не турбаваць.

Каментары7

  • Пшла на
    16.11.2024
    [Рэд. выдалена]
  • ну
    16.11.2024
    хай яшчэ дзінькуе барзо, што асабістых рэчаў на 43.100 злотых (10 500 даляраў) за проста так аддалі
  • политзек
    16.11.2024
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну13

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Эрдаган запусціў праграму па масавай праверцы вагі грамадзян на вуліцах5

Працягваецца збор грошай на вакацыі для дзяцей палітвязняў. Але сабрана толькі палова сумы4

Беларуска стамілася чакаць вяртання грошай за тур і пайшла ў суд. Турфірма: Усё навалілася, як снежны ком

Лукашэнка абавязаў наймальнікаў цалкам кантраляваць жыццё работнікаў-замежнікаў — аж да таго, ці парадак у кватэры7

Беларускія і расійскія ютуб-каналы цэнтралізавана баняць няўгодных каментатараў8

Цяжарную мінчанку асудзілі за працу вэбкам-мадэллю. Яна вінная дзяржаве 378 тысяч даляраў28

У Мадрыдзе расстралялі былога дарадцу Януковіча15

У небе над Мінскам заўважылі дырыжабль4

Скандал з серыялам «Акрэсціна» — стваральнікі адстойваюць правы на праект6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну13

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць