Зянковічу запрасілі двух стылістаў і нават купілі трусы: што засталося за кадрам інтэрв’ю АНТ у гатэлі «Еўропа»
Тады для палітзняволенага набылі ўсё новае — ад бялізны да пінжака, адвезлі на «мерсэдэсе» ў шыкоўны гатэль. А потым вярнулі ў камеру.

Інтэрв’ю прапагандыстаў з палітзняволеным Юрасём Зянковічам у 2024 і 2025 гадах моцна адрозніваюцца. У першым выпадку адвакат выглядаў як ахвяра канцлагеру — моцна схуднелы, у непрыгожай турэмнай вопратцы. У другім — мужчына, які ўжо не выглядаў хваравіта худым, сядзеў у стылёвым касцюме ў гатэлі «Еўропа». Пасля нават пайшлі чуткі, быццам бы Зянковіч жыве ў гатэлі, а не знаходзіцца недзе за кратамі.
Былы палітзняволены распавёў, як усё адбывалася на самой справе.
— Сёлета 3 студзеня я трапіў у «амерыканку». Мяне амаль адразу адвезлі на сустрэчу з амерыканскімі дыпламатамі. Гэта была першая такая сустрэча за ўвесь час. Ад амерыканскага дыпламата я змог нешта даведацца пра сваю сям’ю, бо майму адвакату шмат часу наведваць мяне не дазвалялі.
Зянковічу паведамілі, што ў бліжэйшым часе яго вызваляць — гэта пацвердзілі як амерыканцы, так і супрацоўнікі КДБ. Але пасля ён пачуў яшчэ адну фразу ад кадэбэшнікаў: «Юрый Леанідавіч, ну вы ж разумееце, што, пакуль вы ў нас, мы будзем вас выкарыстоўваць».
— Я адказаў: «Так, я разумею, што выбару ў мяне няма». Нават калі б я вельмі захацеў, наўрад ці ў мяне была магчымасць адмовіцца.
Мужчына распавёў, што да яго запрасілі некалькі чалавек, сярод якіх былі супрацоўнік тэлебачання, аператыўнікі, а таксама два стылісты.
— Стылісты знялі з мяне меркі і купілі неабходную вопратку — пачынаючы ад трусоў і да таго цвідавага пінжака. Абяцалі нават новыя акуляры зрабіць. Але не змаглі знайсці ў Мінску фірму, якая б зрабіла акуляры цягам працоўнага дня.
У гатэль «Еўропа» мужчыну адвезлі на «мерседэсе» ў суправаджэнні байцоў «Альфа».
— Мы прыехалі на падземны паркінг, падняліся ў хол, пайшлі ў рэстаран, дзе адну з залаў зачынілі для нас. Там ужо была ўсталявана відэатэхніка.
Тое, што Юрась павінен быў сказаць у кадры, з ім абмяркоўвалі загадзя.
— Да нейкага моманту я мог гандлявацца, што казаць, а што не. Я імкнуўся прытрымлівацца агульнавядомых фактаў і не казаць тое, што можна па-рознаму трактаваць. Але супрацоўнікі КДБ настаялі, што некаторыя рэчы я павінен агучыць.
Было запісана і яшчэ адно інтэрв’ю з Зянковічам — для яго таксама набылі новы прыгожы касцюм. Тады месцам здымкаў выбралі іншы гатэль — «Беларусь». Там спецыяльна зачынілі бар.
Гэта было інтэрв’ю на тэму USAID — ад Юрася патрабавалі распавесці, якая гэта дрэнная арганізацыя і як яна працуе.
— Я адразу сказаў афіцэрам КДБ, што тэма ўжо крыху неактуальна, бо прайшло ўжо некалькі тыдняў пасля закрыцця USAID.
У выніку прапагандысцкае «кіно» беларусам сапраўды не паказалі.
— Цікава, што і першы, і другі камплект адзення мне абяцалі аддаць пасля вызвалення на памяць. Маўляў, «тая вопратка ж нікому не патрэбная». Не аддалі. Але нічога страшнага — я сам у стане самастойна сябе адзець і абуць. Няхай застанецца для тых, каму тое адзенне больш патрэбна.
Зянковіч пра Пратасевіча: Спачатку на судзе ён хаваў вочы
Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША
Зянковіч пра Верамейчыка: Ужывалі фізічны гвалт, каб прымусіць яго сказаць на БТ тое, што хочуць пачуць
«Быў упэўнены, што я недатыкальная асоба для расіян». Першае інтэрв'ю Юрася Зянковіча на свабодзе
Каментары