Літаратура44

Каханне, сшыткі з нямецкім шрыфтам — выходзіць містычны беларускі дэтэктыў-трылер «Халодныя землі»

Аляксандр Карнаўх — фізік па адукацыі. Як сын вайскоўца, ён не вучыў беларускую мову ў школе, але сваю дэбютную кніжку напісаў менавіта па-беларуску. Містычны, фолькавы дэтэктыў-трылер «Халодныя землі» хутка пабачыць свет у выдавецтве Gutenberg Publisher. (І вы ўжо проста цяпер можаце яго замовіць па гэтай спасылцы). Галоўны герой спрабуе разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, знойдзеных на гарышчы вясковай хаты, — і чым больш разумее, тым з большай трывогай глядзіцца ў люстэрка.

«Вайб Умберта Эка», — апісвае кнігу выдавецтва. Распыталі аўтара пра сюжэт і гісторыю стварэння дэтэктыву. 

З апісання кнігі: «Калі ты жывеш каля Прорвы, прасцей паверыць у ваўкалакаў, чым у бесперабойную мабільную сувязь. Але наш галоўны герой — гарадскі. Выкладчык універсітэта Антось страчвае вернага сябра, бігля Аргуса. У той жа час жонка вырашае, што іх шлюб сябе вычарпаў. Шукаючы нейкага хобі, каб заняць галаву, Антон пагаджаецца дапамагчы знаёмай і разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, знойдзеных на гарышчы ў адной з вёсак непадалёк ад Прорвы — балота, ля якога жыў і дзед галоўнага героя. Сшыткі пісаныя зютэрлінам, цяпер ужо забытым нямецкім шрыфтам. Паддаюцца толькі асобныя словы, але чым болей герой разумее, тым з большай трывогай глядзіцца ў люстэрка».

«У мяне быў цэлы архіў нататак, якія я зрабіў, пакуль вандраваў па розных мясцінах Беларусі»

Аляксандр цяпер жыве ў Італіі. Расказвае, што з дзяцінства ў ім нібыта змагаліся дзве існасці: хлопчык-тэхнік, схільны да фізікі, матэматыкі, і хлопчык-гуманітарый.

Аляксандр Карнаўх нарадзіўся ў Нясвіжы. Скончыў БДУ па спецыяльнасці «тэарэтычная фізіка». З 1996 года працаваў у рэкламе і PR. З 2022 года жыве ў Італіі. Сам сябе характарызуе як чытач, бацька, дзядуля, хайкер — аматар пешых падарожжаў. А цяпер яшчэ і пісьменнік

«Пры гэтым я нязменна нешта пісаў, часцей за ўсё — у стол. Але калі апынуўся ў Італіі, у сітуацыі, калі не трэба хадзіць кожны дзень на працу, знікаючы ў коле паўсядзённай рэчаіснасці, зразумеў, што гэта шанец, які дае мне лёс.

У мяне было шмат нататак, цэлы архіў, які я зрабіў, пакуль вандраваў па розных мясцінах Беларусі. Фабула, якая лягла ў задуму кнігі, у мяне з’явілася досыць даўно. Ужо некалькі гадоў я думаў, каб гэта аформіць, але вось у 2023-м, у канцы лютага, я проста сеў і пісаў год».

Аляксандр дадае, што засесці нарэшце за напісанне даўно задуманай кніжкі яго ў тым ліку матывавалі раней невядомыя эмігранцкія пачуцці.

«Калі ты жывеш у выгнанні, то адчуваеш, як у цябе ўнутры спакваля з’яўляецца нейкая пустэча, якую патрэбна нечым запоўніць, але ты не можаш. Яна пашыраецца, захоплівае ўсё новыя часткі цябе — ты адчуваеш, як бяднее твой унутраны свет. Сыходзіць усё, што зусім нядаўна складала тваю існасць, што было так дорага сэрцу. Яно застаецца недзе ў мінулым, як слабы агеньчык у цемры. І тады ты пачынаеш даставаць нейкія свае ўспаміны».

«Гісторыя пра звычайных людзей, якія апынуліся ў ланцугу незвычайных падзей»

Першы час праз адсутнасць пісьменніцкага досведу атрымлівалася пісаць не больш за дзве тысячы знакаў у дзень. Але паступова (Аляксандр параўноўвае гэта з цягніком, які набіраў хуткасць) працэс паскорыўся, і ў выніку першапачаткова планаваная аповесць аформілася ў салідны па памеры дэтэктыў.

«Часам я ўвогуле забываў пра тое, дзе я. Што за акном Турын, спякота ў 40 градусаў, з грукатам праносяцца матацыклы, гучыць італьянская мова. Я пры гэтым «знаходзіўся» недзе ў снежаньскай Беларусі, дзе разгортваюцца падзеі кніжкі», — згадвае аўтар.

Сам Аляксандр апісвае сваю кнігу так:

«Гэта гісторыя пра Беларусь. Пра звычайных людзей, якія апынуліся ў ланцугу незвычайных падзей. Як зрабіць крок незвычайнаму насустрач, выйсці з паўсядзённасці? Можа, у гэтым наша патаемнае жаданне? Гэта кніжка пра двух закаханых людзей, якія былі знаёмыя вельмі даўно, але самі таго не ведалі. І пазнаёміліся яны наноў ужо ў сталым узросце».

Замовіць кнігу на сайце выдавецтва Gutenberg Publisher.

Ельня. Фота з архіву «Нашай Нівы»

Ельня як першавобраз, рукапісны шрыфт Зютэрліна як звязка з гісторыяй

Праз тое, што кніга найперш натхнёная вандроўкамі па Беларусі, чытач знойдзе там шмат нашых гістарычных і прыродных пасхалак.

«Я шмат разоў бываў на Ельні, мясцовыя балоты і сталі для мяне першавобразам. Я быў захоплены мясцовай прыродай, гэтай натхняльнай прыгажосцю.

Добра памятаю, як мы ў 2020 годзе былі там з сябрам. Я згадваю нават тамтэйшыя пахі — водары багульніка, трохі салодкія, бальзамічныя. Гэта зрабіла вельмі глыбокае ўражанне на мяне».

Усе персанажы ў кнізе — пакрысе спісаныя з розных характараў людзей, якіх Аляксандр бачыў усяго раз ці, наадварот, доўга кантактаваў і сябраваў з імі. Нямецкі рукапісны шрыфт Зютэрліна, прыдуманы мастаком-графікам Людвікам Зютэрлінам у 1911 годзе, таксама з’явіўся нездарма.

«Калі нехта чытаў «Бляшаны барабан» Гюнтэра Граса, то згадае, што там таксама быў шрыфт Зютэрліна. Я менавіта там упершыню даведаўся пра яго, ён мяне зацікавіў. Але шрыфт — гэта выключна форма, ён мог быць любым іншым незвычайным. Проста нямецкі больш звязаны з нашым мінулым і лепш упісваецца ў гісторыю нашай айчыны».

Аляксандр папярэджвае, што твор не проста так называецца «Халодныя землі»:

«Назва адлюстроўвае атмасферу. І змрочнасці хапае. Але ёсць і хэпі-энд. Літаратура — гэта адлюстраванне нашай рэчаіснасці. Таму там усяго дастаткова. Я спадзяюся, што кніга атрымалася досыць збалансаваная ў гэтым сэнсе».

«Спачатку не быў упэўнены, што змагу перакласці твор на беларускую сам. Але потым зразумеў, што гэта будзе такі праект асабістага росту»

Цікава, што першапачаткова твор быў напісаны часткова па-руску, часткова па-беларуску.

«Самі нататкі ў мяне былі на дзвюх мовах. Мова майго бацькі — руская, матчына — беларуская. Але маці, настаўніца біялогіі, не размаўляла па-беларуску. А вось бабка мая размаўляла, хоць у яе была гэтакая польская беларуская, бо мы з заходняй Беларусі. І сама бабуля яшчэ пажыла і папрацавала за польскім часам. Яе гаворка адбівалася дзе-нідзе ў кніжцы, бо чуў гэта з дзяцінства».

У выніку па прапанове выдавецтва твор цалкам пераклалі на беларускую. І зрабіў гэта сам Аляксандр. 

«Калі не атрымалася знайсці перакладчыка, мне прапанавалі зрабіць пераклад самастойна. Спачатку я не быў упэўнены ў сваіх здольнасцях. Але потым зразумеў, што гэта будзе такі вось праект майго асабістага росту. Гэта нешта, што дадаткова надае існасць, дае права адчуваць сябе часткай беларускай культуры і спадчыны. Гэта вельмі хвалюючае пачуццё.

Я прачытаў на беларускай мове Быкава, чытаў сучасных аўтараў — было такое звычайнае становішча, калі табе трэба вучыць мову. Толькі тут яна яшчэ і родная, знаёмая з маленства, у адрозненні ад англійскай ці італьянскай, якія я засвойваў».

Кніга выйшла ў выдавецтве Gutenberg Publisher — менавіта Gutenberg Publisher першымі ацанілі твор Аляксандра і прапанавалі яму супрацу. Замову ўжо можна аформіць на сайце выдавецтва gutenbergpublisher.eu.

Калі кніга будзе цёпла ўспрынятая чытачамі, Аляксандр не выключае, што ў будучыні возьмецца за працяг.

Каментары4

  • Answer
    17.03.2025
    Бiблiяфiл, тогда это уже будет постмодернизм какой-то!
    Но полностью согласен с тем, что "война-болото-колзоз" уже порядком надоели. В истории были и другие войны, и не все жили в деревнях и сёлах.
  • Руды
    18.03.2025
    Нешта новае, трэба пачытаць. Замовіў пару дзён таму. Нічога кепскага не бачу ў тым, што пра балоты. Толькі не пра балоты -- гэта забабоны, на мой густ. Калі сюжэт добры, то і чытаць добра. Карацей, прачытаўшы, можна зразумець, як яно атрымалася.
  • .
    18.03.2025
    На мой погляд, трохі не хапае падрабязнасцей, мабыць і міні-спойлераў, каб больш зацікавіць.
    Пакуль што з гэтага толькі пачатак, і той па Караткевічу: шыфроўка з аднаго вядомага твору і балоты з другога вядомага твору.
    З павагай да аўтара і выдавецтва.

Цяпер чытаюць

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь1

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом аб патрабаванні вярнуць статую Свабоды: Толькі дзякуючы ЗША французы цяпер не размаўляюць па-нямецку15

Вядомы айцішнік адкрыў кампанію ў Польшчы. Шэсць банкаў адхілілі заяўку на рахунак13

«У размовах з Трампам Пуцін насамрэч кпіў з яго, але Трамп гэтага не разумеў з-за асаблівасцей перакладу»13

Чарговы антырэкорд. З'явілася свежая статыстыка пра нараджальнасць беларусаў24

Якім будзе новы гістарычны музей Беларусі3

«Эрудзіраваны не значыць разумны». Знаток «Што? Дзе? Калі» Раўшан Аскераў выклікаў замяшанне сваім інтэрв'ю19

Што адбылося з 16-гадовай дзяўчынай з Дзяржынска, якая памерла пасля курэння вэйпу? Расказваюць яе сябры7

Даляр сёння спікіраваў адразу на шэсць капеек3

Карпянкоў расказаў, як узмацнілі ахову калоній — «збегчы практычна немагчыма»9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь1

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць