У сірыйскай Латакіі ўспыхнулі сутыкненні паміж сіламі бяспекі і прыхільнікамі Асада
Загінулі прынамсі 70 чалавек.

У сірыйскай правінцыі Латакія, дзе размешчаная расійская авіябаза, адбыліся жорсткія сутыкненні паміж сіламі бяспекі і прыхільнікамі зрынутага прэзідэнта Башара Асада, піша Бі-бі-сі.
Па звестках Сірыйскага цэнтра маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (SOHR), які базуецца ў Лондане, у выніку баёў загінулі прынамсі 70 чалавек. Як адзначае арганізацыя, гэта самыя жорсткія сутыкненні з моманту звяржэння Асада ў снежні.
Паводле звестак SOHR, сярод загінулых — супрацоўнікі службаў бяспекі, байцы, верныя Асаду, а таксама мірныя жыхары.
«Больш за 70 чалавек забітыя, дзясяткі параненыя і ўзятыя ў палон падчас крывавых сутыкненняў і засад на ўзбярэжжы паміж супрацоўнікамі Мінабароны, МУС і баевікамі арміі зрынутага рэжыму», — паведамляе SOHR.
Паводле іншых звестак, якія прыводзіла раней Сірыйскае інфармагенцтва Step, урадавыя войскі забілі» каля 70 былых баевікоў рэжыму», а больш за 25 былі захопленыя ў палон.
У чацвер Сірыйскае агенцтва Sana паведамляла, што прыхільнікі зрынутага прэзідэнта напалі на адзін з блокпастоў у раёне горада Джэбла на беразе Міжземнага мора.
Побач з гэтым месцам знаходзіцца расейская авіябаза «Хмеймім». Паступалі паведамленні аб сутыкненнях у Тартусе, які знаходзіцца непадалёк, а таксама ў іншых раёнах, у тым ліку ў Хомсе і Алепа.
У правінцыі Латакія была ўведзеная каменданцкая гадзіна да 10 раніцы пятніцы, у рэгіён накіраваныя дадатковыя сілы з Дамаска. Дзяржаўныя СМІ Сірыі раней распаўсюдзілі зварот прадстаўніка Мінабароны пераходнага ўрада Хасана Гані да прыхільнікаў Асада.
«Тысячы людзей вырашылі скласці зброю і вярнуцца да сваіх сем'яў, а некаторыя працягваюць бегчы і паміраць, абараняючы забойцаў і злачынцаў. Выбар відавочны: скласці зброю або сустрэць свой непазбежны лёс», — заявіў ён.
Прадстаўнік службаў бяспекі ў Латакіі Мустафа Кнейфаці заявіў, што падчас добра спланаванага і наўмыснага нападу некалькі груп атакавалі іх пазіцыі, у выніку загінулі і атрымалі раненні» многія вайскоўцы», сказаў ён, не ўдакладніўшы колькасць ахвяр.
«Мы адновім стабільнасць у рэгіёне і Абаронім маёмасць нашых людзей», — цытуе яго заяву AFP.
У правінцыі Латакія пражывае вялікая абшчына алавітаў, да якой належыць зрынуты прэзідэнт Башар Асад.
Прадстаўнікі абшчыны кажуць, што церпяць пераслед з моманту змены ўлады ў краіне, асабліва ў сельскіх раёнах.
Каментары