Беларус пайшоў да каліноўцаў праз Гомельскую вобласць. Вось што было з ім далей
У 2022-м Яўген Карпаў вырашыў далучыцца да палка Каліноўскага, але шлях для гэтага выбраў нестандартны — праз беларуска-ўкраінскую мяжу. Былы палітзняволены расказаў «Нашай Ніве» пра свае прыгоды.

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Яўгену ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
«Вырашыў паспрабаваць нелегальна перасекчы мяжу з Украінай»
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, жыхару Магілёва Яўгену Карпаву быў 31 год. Мужчына працаваў інжынерам на прыватным прадпрыемстве па вытворчасці бытавой хіміі.
Пачатак вайны яго шакаваў, як і саўдзел Беларусі ў вайне:
«Штодзень праглядаў навіны, тэлефон ад іх разрываўся. Думаў, чым я магу быць карысны. Фінансава [дапамагчы]? У мяне былі не такія вялікія даходы, дый мне здавалася, што гэтага надта мала. Пабачыў навіну пра полк Каліноўскага, што беларусы [там] ваююць на баку Украіны.
Мне вельмі спадабаўся іх лозунг — вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны, я і цяпер у гэта веру. Напэўна, гэта быў галоўны трыгер, чаму я вырашыў далучыцца да іх».
У апісанні да аднаго з відэа на ютуб-канале Nexta Яўген знайшоў бот для сувязі з палком (тады яшчэ батальёнам) Каліноўскага. Хлопец падаў заяўку, і праз нейкі час з ім звязаліся:
«Прайшоў верыфікацыю, сказалі, што прымаюць мяне і што трэба ехаць у Польшчу. Я раней ездзіў за мяжу толькі ў Расію і Украіну, не ўяўляў, як робяцца візы. Паспрабаваў сам запісацца ў візавы цэнтр — не ведаю, як цяпер, але тады гэта было проста нерэальна.
Былі квоты на запісы, але яны знікалі ў той жа момант, калі з’яўляліся. Напэўна, турыстычныя агенцтвы набывалі гэтыя месцы і потым іх прадавалі. Карацей, у мяне не атрымлівалася зрабіць візу самастойна».
Яўген расказвае пра перапіску ў боце: маўляў, задавалі агульныя пытанні — ці служыў у арміі, чым займаецца. Папрасілі даслаць фота з пашпартам і напісаць пэўны тэкст на паперцы, каб пацвердзіць дату, калі зроблены здымак.

Прайшло пару месяцаў, і позна ўвечары ў дзверы да Яўгена пагрукалі:
«Пасля я пачуў, як у замку паварочваецца ключ, а ключы ад маёй кватэры былі толькі ў маці. Але дзверы былі зачыненыя яшчэ на адзін замок, які адчыняецца толькі знутры, таму дзверы не адчыніліся.
Пачуў голас маёй маці, якая стаяла з таго боку. Яна казала нейкаму мужчыне — «напэўна, яго няма дома». Тады я зразумеў, што гэта была міліцыя, больш ніхто не мог прыйсці так раптоўна і позна, каля 10-й гадзін вечара».
Дык як знайшлі Яўгена? Хлопец упэўнены, што бот, куды ён пісаў, быў сапраўдным, а не падробкай сілавікоў.
Але Яўген сам пісаў у тэлеграме каментары, у якіх расказваў, што падаў заяўку ў полк Каліноўскага. Некалі хлопец быў падпісаны ў акаўнце ўласным імем, у 2020-м змяніў нік, але акаўнт застаўся тым жа — верагодна, праз гэтую неасцярожнасць яго і вылічылі.
Той візіт сілавікоў моцна напужаў беларуса. Ён вырашыў, што трэба тэрмінова з’язджаць з краіны. Але як гэта рабіць, калі візы няма?
«Вырашыў проста паспрабаваць нелегальна перасекчы мяжу з Украінай, пайсці туды наўпрост. Паехаў туды ўжо на наступны дзень. Асабліва не рыхтаваўся, проста кінуў у заплечнік, што было пад рукой.
Даехаў да Гомеля на цягніку, а з Гомеля на аўтобусе да горада на мяжы».
«Не дайшоў 200 метраў да ўкраінскай тэрыторыі»
У выніку Яўген апынуўся ля мястэчка Новая Гута, недалёка ад аднайменнага памежнага пераходу. Некалькі гадзін хадзіў у лесе, знайшоў сцежку — Яўген кажа, што яму пашчасціла:
«Ішоў па багністым пралеску, убачыў сцежку. Пайшоў па ёй, убачыў павалены [памежны] плот даўжынёй метраў з дзесяць. Прайшоў па тым калючым дроце плота, рушыў далей хуткім крокам, таксама па багністай мясцовасці.
У нейкі момант да мяне падышлі ззаду, нешта сказалі па-ўкраінску, я на секунду нават падумаў, што дайшоў. А потым павярнуўся і ўбачыў, што гэта беларускі памежнік. Аказалася, што я не дайшоў 200 метраў да ўкраінскай тэрыторыі».

Хлопца прывезлі на памежны пункт, пазней туды прыехалі сілавікі. Пачаліся бясконцыя допыты. Яўген расказваў ім, быццам ва Украіне ў яго дзяўчына і ён баяўся, што калі пойдзе да яе легальным чынам, яго туды не прапусцяць. Таму, маўляў, вырашыў ісці сцежкай.
Тым часам сілавікі знайшлі ў яго тэлефоне бот з заяўкай у полк Каліноўскага — хлопец не прыбраў яго.
Допыты працягнуліся ў гомельскіх ІЧУ і СІЗА, куды прывезлі Яўгена. Пасля 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» яго абвінавацілі па артыкуле 361-3 КК («Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы»). У выніку хлопца прысудзілі да 2,5 года калоніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калонію №15.
Вось як ён згадвае час за кратамі:
«Я думаю, людзі ўвогуле нічога не ведаюць пра беларускую турму, пра тое, як гэта жыць у цеснаце, брудзе, без правоў, калі ў СІЗА нават у прыбіральню ходзіш перад усёй камерай, калі няма ні дзвярэй, ні нават фіранак. Некаторыя людзі так жывуць гадамі. У мяне былі сукамернікі, якія праходзілі па справе «Рабочага руху», адзін з іх правёў у СІЗА 22 месяцы.
Адзін з сукамернікаў патрабаваў, каб яму належным чынам аказвалі медычную дапамогу. Тады да нас зайшлі супрацоўнікі, падкінулі лязо ад брытвы ў шафу для ежы і сказалі, што яно належала таму сукамерніку. Яго адправілі ў карцар, проста каб ён не дадаваў ім працы».
У верасні 2024-га Яўген выйшаў на свабоду. У цэнтры занятасці яму далі месяц на тое, каб знайсці працу або з’ехаць з краіны, бо хлопец сказаў, што збіраецца эміграваць.
Праз месяц пасля вызвалення Яўгену пазванілі і папрасілі падысці да РАУСа. Хлопец вырашыў, што маглі знайсці відэа з пратэстаў — ён выходзіў на іх яшчэ ў 2020-м, хаця ў Магілёве пратэсты і былі не надта актыўныя:
«10 жніўня [2020-га] мы з сябрамі выйшлі прагуляцца, паглядзець, што адбываецца. Пабачылі, што пратэстоўцаў на вуліцы нават менш, чым міліцыі. Калі мы падышлі да сілавікоў ушчыльную, прагучала нейкая каманда і яны пайшлі ў атаку, мы дварамі збягалі ад іх. Абышлося без затрыманняў, але на камеры, думаю, мы трапілі. Да аднаго з тых, з кім я тады быў, потым прыходзілі з вобшукамі, але ён здолеў з’ехаць».
Далей пратэсты зусім сцішыліся — Яўген успамінае, што на вуліцы выходзілі толькі дзясяткі магілёўцаў. Ён мяркуе, што прычына ў блізкасці Магілёва да Расіі — мясцовыя ездзяць туды працаваць і праведваць сваякоў, таму яны больш уразлівыя да прапаганды.

З дапамогай «Байсола» Яўген з’ехаў у Польшчу. Цяпер ён здымае пакойчык у прыгарадзе Варшавы — маўляў, хоць і складана з транспартам, але нядорага. Пакуль ён чакае статусу міжнароднай абароны і перабіваецца падпрацоўкамі. Атрымліваецца не заўжды ўдала:
«Нядаўна два месяцы ўвогуле не было падпрацовак. Дайшло да таго, што ў мяне заставалася літаральна 25 еўра, і трэба было плаціць за пакой. Падвярнулася нейкая падпрацоўка, дык я ішоў праз паўгорада пешшу, проста каб ашчадзіць. Каб заплаціць за пакой, узяў грошы ў доўг у знаёмых.
Цяпер знайшоў больш-менш сталую падпрацоўку, стала трохі прасцей. Але невядома, наколькі яе хопіць, няма ніякай пэўнасці».
Пра тое, што некалі напісаў у бот палка Каліноўскага, хлопец не шкадуе — кажа, што як мінімум ён паспрабаваў. І не выключае, што ў будучыні, калі вырашыць усе свае бягучыя праблемы, паспрабуе зноў пайсці ў добраахвотнікі.
«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Яўгену ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу
«З таго часу ў мяне няма зубоў, іх проста павыбівалі». Гісторыя беларусаў, якія ўцякалі праз лінію фронту і трапілі ў рукі расіян
«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей
Каментары