У Беларусі лічыў помнікі Леніну, у Польшчы — Пілсудскаму. Беларус выканаў на чужыне чэлендж, не завершаны на радзіме
У Беларусі Віктар наведаў амаль усе райцэнтры. Мог бы аб’ехаць і іх поўны спіс, але падарожжам перашкодзіла эміграцыя. Тады беларус пачаў ездзіць па Польшчы і за чатыры гады наведаў усе сталіцы ваяводстваў. Віктар расказаў выданню Most, як планаваць паездкі па Польшчы і ці можна бюджэтна падарожнічаць па гэтай краіне.

Канцэртна-спартыўны комплекс у Катавіцах. Фота з архіва Віктара
Падарожнічаць па Польшчы Віктар пачаў падчас кавідных абмежаванняў у 2021 годзе. Беларус кажа, што тады ездзіць па краіне было зручна: людзей няшмат, а кошт арэнды пасутачных кватэр зраўняўся з коштам хостэлаў.
«У 2022 годзе сустрэўся са знаёмай, і яна ў мяне запыталася: «А ты ўжо ўсю Польшчу аб’ездзіў?» На наступны дзень я паглядзеў, што ў прынцыпе ўжо шмат дзе быў — засталося некалькі ваяводстваў», — расказвае Віктар.
Для сябе беларус пастанавіў, што будзе лічыць «заданне» выкананым, калі наведае сталіцу кожнага ваяводства.
У Польшчы 16 ваяводстваў. У двух з іх рэзідэнцыя ваяводы знаходзіцца ў адным горадзе, а сеймік і канцылярыя маршалка — у іншым. Прынята лічыць, што ў Любушскім ваяводстве два цэнтры: Гожаў Велькапольскі і Зялёна Гура, у Куява-Паморскім — таксама два: Быдгашч і Торунь.
«Я паглядзеў, што не быў у Быдгашчы, Зялёнай Гуры, Гожаве, Кельцах, Жэшаве і Аполі. І вырашыў, што за 2023-2024 гады аб’еду іх. Але ў мяне не было мэты зрабіць гэта на хуткасць. Так паступова і пачаў ездзіць».
У Беларусі, дзе Віктар разам с сябрамі вандраваў па райцэнтрах, абавязковай умовай было ўбачыць помнік Леніну. У польскіх гарадах беларус вырашыў шукаць помнікі Юзафу Пілсудскаму, але пасля ад гэтай ідэі адмовіўся: не заўсёды хапала на гэта часу.

Койка-месца з відам на рынкавую плошчу за 60 злотых
Працоўны графік Віктара складаўся такім чынам, што падарожнічаць ён мог у будні. Звычайна беларус карыстаўся цягнікамі: імкнуўся выбіраць прамыя маршруты, каб не хвалявацца з-за стыковак.
«Вандроўкі атрымліваюцца даволі бюджэтнымі. Квіткі на цягнікі можна набываць па акцыі. Але трэба адсочваць іх за некалькі тыдняў. Памятаю, у Жэшаве не знайшоў танных кватэр, але там турыстычная асацыяцыя прапаноўвала інтэрнат з відам на рынкавую плошчу. Койка-месца каштавала 60 злотых за ноч», — згадвае беларус.
Актыўней за ўсё Віктар падарожнічаў з вясны па восень, таму што тады светлавы дзень даўжэйшы.
«Я вандрую дастаткова хаатычна — люблю так. Бывала, што ўвечары вырашыў паехаць, а з раніцы ўжо набыў квіток. Пакуль едзеш у цягніку, крыху чытаеш пра горад, што там паглядзець. Вось у цябе і план, чым заняцца».
Галоўным падчас падарожжаў для Віктара было знаёмства з горадам і яго атмасферай. Начаваў звычайна ў арэндных кватэрах — цэны на іх у будні ніжэйшыя, чым у выхадныя. Ежу гатаваў там жа. Па кавярнях беларус амаль не хадзіў. Прызнаецца, што пазнаёміцца з асаблівасцямі рэгіянальнай кухні яму было б цікава, але Віктар — веган, таму знайсці рэстаран з адпаведнымі стравамі не заўсёды атрымлівалася.
Расказваў брытанцу, як па-беларуску называюцца птушкі
Беларус аддае перавагу адзіночным падарожжам — гэта вынік любві да спантаннасці. Хутка спланаваць паездку з сябрамі атрымліваецца не заўсёды.
Але самотным беларус сябе ў дарозе не адчувае: дапамагаюць выпадковыя знаёмствы. Адно з іх адбылося, калі Віктар шпацыраваў па паўвыспе Хель у Балтыйскім моры.
«Зараз там не сезон, людзей мала, я хадзіў адзін па лесе. І мне насустрач выйшаў хлопец і па-англійску спытаўся, дзе набыць вады. У выніку аказалася, што ён з Брытаніі і прыехаў сюды пакатацца на сёрфе. Бо Хель — сталіца польскага сёрфінгу. Пасля мы з брытанцам хадзілі, глядзелі птушак і я яму расказваў, як яны па-беларуску называюцца. А я трошкі назвы птушак па-англійску падвучыў. Такі культурны абмен».
Віктар дадае, што пасля такіх спантанных знаёмстваў стасункі з людзьмі часцей за ўсё не падтрымлівае.
«Гэта як смол-толк, але на некалькі гадзін», — усміхаецца беларус.

Горад Глівіцы. Фота з архіва Віктара

Хель. Фота з архіва Віктара
Новая мэта — пабываць ва ўсіх нацыянальных парках Польшчы
Віктар склаў для сябе асабісты рэйтынг любімых ваяводстваў. Адно з іх — Падляшскае.
«Гэта толькі з-за таго, што яно бліжэйшае да Беларусі. Але тут гаворка нават не пра Беласток, а пра прыроду ваяводства. Там — як у нас: такія ж вёскі, лес, буслы. Нават людзі па-беларуску паміж сабой размаўляюць».
Падабаюцца Віктару і заходнія ваяводствы, дзе захавалася нямецкая архітэктура.
На апошняе месца беларус паставіў Мазавецкае ваяводства.
«Я жыву ў Варшаве, таму, напэўна, даследаваць Мазавецкае ваяводства мне не так цікава ў параўнанні з іншымі. Але адзначу, што мой рэйтынг суб’ектыўны — насамрэч паўсюль добра».
Апошнім ваяводствам, якое ў сакавіку наведаў Віктар, стала Любушскае на захадзе Польшчы.
Цяпер у беларуса новая мэта — пабываць ва ўсіх нацыянальных парках Польшчы. Але ёсць складанасць — дабрацца туды без машыны будзе няпроста. А яшчэ Віктар хоча паглядзець Мазуры, дзе пакуль быў толькі праездам.
«Але спецыяльна ставіць чэленджы больш не хачу. З іншага боку, хто ведае, як яно будзе», — прызнаецца Віктар.

Каментары
а чэледжы - ажыццяўляюць, здзяйсняюць, робяць