У Ізраілі паставілі помнік бабруйскаму актывісту Уладзіміру Усеру, які памёр у снежні
Фота помніка Уладзіміру Усеру з'явілася ў сеціве.

«Часам цішыня гаворыць больш, чым тысячы чужых слоў. Сёння можна сказаць галоўнае: тата нарэшце здабыў спакой. Усё адбылося так, як і павінна было — з павагай, з годнасцю, там, дзе яму і месца», — напісала дачка Усера Марына Авітан.
Яна адзначыла, што «ўвесь працэс заняў больш часу, чым звычайна». «Гэта звязана з аб'ектыўнымі прычынамі: бюракратычныя працэдуры, афармленне дакументаў, дазволы і ўсе неабходныя ўдакладненні. Акрамя таго, сітуацыя ў краіне таксама адыграла сваю ролю — у тым ліку агульная абстаноўка і тое, што частка людзей была задзейнічана ў службе, што, натуральна, уплывае на хуткасць працэсаў. Таму былі затрымкі і паўзы, але як толькі з'яўлялася магчымасць — усё адразу працягвалася і рухалася далей», — патлумачыла яна.
Яна апублікавала фота помніка. У верхнім левым куце выгравіравана Пагоня, якая ўпісана ў Зорку Давіда.
Таксама на помніку цытата з Джона Ленана: «You may say I'm a dreamer, but I'm not the only one. I hope someday you will join us, and the world will live as ONE» (Ты можаш сказаць, што я летуценнік, але я не адзін такі. Я спадзяюся, што калі-небудзь ты далучышся да нас, і свет будзе як адно цэлае).
Уладзімір Усер памёр 6 снежня ў Беластоку.
Уладзімір апошнім часам быў пад следствам па справе аб шпіянажы ў Польшчы. Паводле звестак польскай пракуратуры, трое беларусаў і двое ўкраінцаў з сакавіка 2024 года да лютага 2025‑га супрацоўнічалі з замежнай разведкай і выконвалі розныя заданні, якія атрымлівалі з паведамленняў у тэлеграме.
Але сілавікі пакінулі яго ў шпіталі праз дрэнны стан здароўя. Суда ён чакаў на волі.
Яшчэ раней Усер зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ. Ён зняў некалькі сюжэтаў у Беластоку, якія потым выкарысталі ў агітцы «Чужое неба».
Каментары
Ёсць пытанне, чаму яна гэтая грошы не выкарастaла на дапамогу яму ў свой час i не была з iм, каб у яго не было неабходнасцi звязвацца з прапагандыстамi.
У вас фактов ноль, зато версия — как будто изнутри.