Хлусня і рэпутацыя анлайн. Сучасны амерыканскі бестселер выйшаў па-беларуску
Кніга 28-гадовай амерыканкі Рэбекі Кван «Елаўфэйс» — пра сучаснае жыццё, і пры гэтым закранае вечныя тэмы чалавечай прыроды, піша Зося Лугавая.

Выдавецтва «Янушкевіч» ужо не першы год у сваёй працы робіць стаўку на бестселеры. Лакальныя, рэгіянальныя ці нават сусветныя. Калі польскі аўтар — то Сапкоўскі і Гжэндовіч, калі сусветная літаратура — то Роўлінг, Толкін, Кінг, Руні. І вось цяпер найсвяжэйшы з усіх бестелераў у іх выдавецкім партфелі — «Елаўфэйс» Рэбэкі Кван у перакладзе Насты Карнацкай.
Рэбека Кван — маладая зорка амерыканскай літаратуры. Ёй 28 гадоў, у ейнай бібліяграфіі пяць кніг і сёлета мусіць выйсці шостая. Яна амерыканка кітайскага паходжання, то-бок мае біяграфію, прывабную па сучасных мерках як для выдавецтваў, так і для чытачоў. Пра гэта — як і якіх аўтараў цяпер выбіраюць рэдактары і выдавецтвы, якія кнігі піяраць і прасоўваюць, а каго прымушаюць гібець у невядомасці — і піша Кван у сваім рамане. Але не толькі.
«Елаўфэйс» — гэта якаснае забаўляльнае чытво. З дэтэктыўнай інтрыгай, напружаннем і містыфікацыямі. Самае адметнае ў кнізе, на мой погляд, гэта ненадзейная апавядальніца, якая здзяйсняе напраўду кепскі ўчынак і пасля ўсімі магчымымі спосабамі сябе апраўдвае. Кнігу не назавеш глыбока псіхалагічнай, але Рэбека Кван як след гуляецца з псіхалогіяй гераіні, і назіраць за гэтым цікава. У некаторыя моманты аўтарка амаль што прымушае верыць і спачуваць гераіні.
Другая адметная рыса кнігі — тое, як захапляльна і крытычна-іранічна аўтарка расказвае пра амерыканскі выдавецкі бізнэс. «Елаўфэйс» нават можна назваць вытворчым раманам.
Гераіня не раз дазваляе сабе вось такія выказванні: «Намаганні аўтара не маюць ніякага дачынення да поспеху кнігі. Бестселеры выбіраюць. І ты на гэта не маеш уплыву. Ты проста атрымліваеш асалоду ад бонусаў, якія прылятаюць у працэсе.» Альбо: «Твор становіцца папулярным, бо ў нейкі момант усе вырашылі, без усялякай на тое прычыны, што гэта будзе хіт сезона». Як так атрымліваецца? Чаму? У кнізе ўсё будзе.
Аўтарка не шкадуе для чытачоў сакрэтаў выдавецкай кухні і даволі бязлітасная да ўсяго кніжнага свету. Сярод іншага, яна падымае расавыя пытанні ў амерыканскай літаратуры. І калі вам падаецца, што гэтыя тэмы ад нас далёка, то можна проста крышачку змяніць ракурс. Замест пытання «Ці могуць белыя аўтары пісаць пра герояў-кітайцаў і гістарычныя падзеі ў Кітаі?» можна задаць такія: «Ці могуць тыя, хто не быў у Беларусі ў 2020-м, пісаць пра пратэсты? Ці могуць тыя, хто не мае турэмнага досведу пісаць пра беларускія турмы? Ці могуць тыя, хто выехаў, пісаць пра тых, хто застаецца ў Беларусі?»
Пра сюжэт складана расказаць без спойлераў, але адзін я сабе дазволю, бо пра яго амаль што наўпрост сказана на вокладцы, у аглядах кнігі ён таксама прыгадваецца. Ёсць дзве маладыя пісьменніцы (напраўду вельмі маладыя, ім няма 30): адна паспяховая, другая — не. Першую завуць Афіна Лю, і ў яе ўжо некалькі кніг за спінай. Яна кітайскага паходжання, загадкавая, прыгожая, багатая. Другую аўтарку завуць Джуніпер Хэйвард. Яна звычайная амерыканка, якая таксама марыць быць паспяховай пісьменніцай, але ейны першы і пакуль адзіны раман аказаўся правальным. Афіна і Джун разам вучыліся ў Елі і з нейкае прычыны працягваюць камунікацыю. Але гэта дакладна не сяброўства. Адзіная агульная тэма для іх — пісьменніцтва, такое рознае для кожнай. Джуніпер поўная зайздрасці і шмат разважае пра тое, для чаго яна патрэбная Афіне.
«Я разумею яе свет, але я не пагроза, а яе дасягненні настолькі недасягальныя для мяне, што яна не саромеецца выхваляцца перада мной перамогамі. Хіба не кожны з нас хоча мець сябра, які ніколі не паставіць пад сумнеў тваю перавагу, бо загадзя ведае, што гэта безнадзейная справа? Хіба не кожнаму з нас патрэбен нехта, хто возьме на сябе ролю баксёрскай грушы?»
У адзін з вечароў яны замест таго, каб выпіць у бары і разысціся, працягваюць вечар у кватэры Афіны, пякуць панкейкі. Адным з іх Афіна падавіцца і Джун не зможа ёй дапамагчы. Афіна гіне, а Джун, не гледзячы на шок, яшчэ да прыезду паліцыі і медыкаў, пакладзе ў сваю торбу рукапіс новага рамана прыяцелькі. Пра які, як яна думае, ніхто не ведае, бо Афіна ніколі нікому не расказвала пра тое, над чым працуе.
Наколькі гэта была гатовая кніга, што ў ёй дапісала Джун, у якіх абставінах і чаму Афіна паказала рукапіс, мы даведваемся ад Джуніпер, бо менавіта яна расказвае нам гэтую гісторыю. Як і пра прынцыпы працы Афіны, пра тое, хто ў каго краў гісторыі і што ўвогуле можна лічыць крадзяжом. І, натуральна, пра тое, што адбылося ў кватэры Афіны ў дзень трагедыі. Апавядальніца паступова мяняе акцэнты і сваё стаўленне да учынкаў — уласных і іншых герояў. Пакрысе да цябе прыходзіць разуменне, што ўсё магло быць зусім не так.
Тэкст быццам бы вельмі просты. Але калі пасля прачытання працягваеш думаць пра характар гераіні і ейную рэпрэзентацыю ў тэксце, разумееш, як па-майстэрску аўтарка перадае ўнутраны маналог Джун, апантанасць пісьменніцкай славай і апраўданні несумленных ўчынкаў на шляху да яе. І гэта не столькі пра амерыканскі выдавецкі свет, колькі пра фанатычнасць. Пра чалавека, які ідзе да сваёй мэты насуперак усяму, і пры гэтым шмат пакутуе — ад адзіноты, зайздрасці, цкавання.
«…пісьменніцтва давала мне прычыну жыць. І якой бы вартай жалю яно мяне ні рабіла, я буду чапляцца за гэтую магію да канца сваіх дзён».
«Пісьменніцтва — гэта найбліжэйшая да сапраўднага чараўніцтва рэч. Пісьменніцтва — гэта стварэнне нечага з нічога, яно адчыняе дзверы ў іншыя сусветы. Пісьменніцтва дае табе сілу стварыць уласны свет, калі рэальны надта моцна раніць».
Гэта вельмі сучасная кніга. І не толькі таму, што яна выйшла ўсяго два гады таму. Яна поўная сучасных рэалій: твітар, сацыяльныя сеткі, думскролінг, шытпосцінг, культура адмены… На старонках багата імёнаў сучасных публічных асоб — ад Стывена Кінга і Салі Руні да Тэйлар Свіфт і Трампа.
«Як і Тэйлар Свіфт, я не збіралася станавіцца белай Барбі-шавіністкай. Я відавочна не трампістка — я галасавала за Байдэна! Але калі гэтыя людзі шпурляюць у мяне грошы, няўжо з майго боку няправільна іх браць? Няўжо мы не павінны радавацца выманьванню грошай у расісцкіх калгаснікаў, калі ёсць такая нагода?»
«Елаўфэйс» яшчэ і пра тое, якое месца сацыяльныя сеткі і анлайн-прастора займаюць у цяперашнім жыцці на Захадзе — і ў асабістым, і ў прафесійным. Твітар — гэта ўсяго толькі твітар? Ці гэта інструмент, які можа зрабіць чалавекам знакамітым і адначасова — зруйнаваць яго рэпутацыю? Што цяпер рэальнае жыццё, дзе яно?
«Але твітар — гэта рэальнае жыццё, ён больш рэальны, чым само рэальнае жыццё, бо менавіта ў гэтай прасторы існуе сацыяльная эканоміка выдавецкай справы, бо ў індустрыі няма альтэрнатывы. У афлайне ўсе пісьменнікі — безаблічныя, гіпатэтычныя істоты, якія пішуць словы ў адрыве адзін ад аднаго».
«Анлайн можна паслаць нахер Стывена Кінга. Анлайн можна даведацца, што цяперашняя літаратурная зорка настолькі праблемная, што ўсе яе творы варта адмяніць назаўжды. Рэпутацыя выдавецтва будуецца і руйнуецца ў рэжыме анлайн».
Рашэнні і ўчынкі Джун здзіўляюць. Здзівіць яна і напрыканцы. Ці здолее яна спыніцца?..
Рэбека Кван. Елаўфэйс. — Варшава: Янушкевіч, 2025. Пераклад з англійскай — Наста Карнацкая
Пакуль неяк так: выйшла кніга пра жыццё моладзі Мінска ў 2023-м
«Забойства на вуліцы Макаёнка». Штучны інтэлект ці чалавек напісалі новы беларускі дэтэктыў?
«А мяне за што?» І купцы са Смаленска, якія нахабна збіваюць кошт дзедавай хаты — страшная кніга пра наступствы
«Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем». Беларускі аўтафікшн у скандынаўскіх дэкарацыях
Каментары