Мова

Навукоўцы выявілі, што валоданне некалькімі мовамі запавольвае біялагічнае старэнне

Паводле ацэнак, да 70% насельніцтва свету валодае больш чым адной мовай. Гэта не проста культурнае багацце ці перавага ў кар'еры. Новае маштабнае еўрапейскае даследаванне паказвае, што шматмоўе можа быць адным з ключоў да здаровага і павольнага старэння.

Выява: vecteezy

Навукоўцы даўно падазравалі, што веданне некалькіх моў станоўча ўплывае на мозг. Гэта звязана з канцэпцыяй кагнітыўнага рэзерву — здольнасці мозгу кампенсаваць узроставыя змены ці нават наступствы такіх хвароб, як дэменцыя. Лічыцца, што гэты рэзерв фармуецца, калі мозг рэгулярна атрымлівае інтэлектуальныя выклікі, у тым ліку праз штодзённае выкарыстанне некалькіх моў.

Папярэднія даследаванні паказвалі на такую сувязь, але часта мелі абмежаванні: малыя выбаркі ўдзельнікаў, няпэўныя крытэрыі шматмоўя, ігнараванне іншых фактараў. Новая праца, аб выніках якой піша Fitbook.de, пабудаваная на шырокай базе даных і ставіла за мэту больш дакладна ацаніць, ці сапраўды шматмоўе звязанае з больш павольным старэннем.

Замест таго, каб абапірацца толькі на дыягназы, даследчыкі вылічвалі біялагічны ўзрост кожнага чалавека. Гэты паказчык адлюстроўвае рэальны стан арганізма, у адрозненне ад каляндарнага ўзросту ў пашпарце.

Каляндарны ўзрост — гэта проста колькасць гадоў, якія вы пражылі. Біялагічны ўзрост — гэта паказчык таго, наколькі зношаны арганізм. Ён залежыць ад ладу жыцця, генетыкі, наяўнасці хранічных захворванняў і разумовай актыўнасці. Так, 70‑гадовы чалавек можа мець біялагічны ўзрост 60-гадовага, і наадварот.

Навукоўцы вылічвалі розніцу паміж гэтымі двума ўзростамі (так званы «biobehavioral age gap», або BAG). Чым меншая гэтая розніца ці чым маладзейшы біялагічны ўзрост у параўнанні з рэальным, тым больш здаровым лічыцца працэс старэння. Менавіта тут і выявілася цікавая тэндэнцыя.

Вынікі, якія ўражваюць

Даследаванне ахапіла дадзеныя больш за 86 000 людзей ва ўзросце ад 51 да 90 гадоў з 27 краін Еўропы. Для ацэнкі біялагічнага ўзросту выкарыстоўваўся комплексны алгарытм, які ўлічваў: кагнітыўныя здольнасці (памяць, увага); узровень фізічнай актыўнасці; адукацыю; наяўнасць хранічных хвароб; якасць сну і штодзённыя звычкі.

Шматмоўе разглядалася як асобны фактар. Каб пазбегнуць скажэнняў, даследчыкі кантралявалі ўплыў знешніх умоў — міграцыі, узроўню забруджвання паветра, сацыяльнай няроўнасці, палітычнай стабільнасці. Акрамя таго, аналізаваўся не толькі стан удзельнікаў на момант апытання, але і тэмпы іх старэння з цягам часу.

Вынікі паказалі: людзі, якія размаўлялі толькі на адной мове (моналінгвы), часцей дэманстравалі паскоранае біялагічнае старэнне. Іх арганізм быў у сярэднім старэйшы за пашпартны ўзрост.

Шматмоўныя людзі (білінгвы і паліглоты) ў сярэднім старэлі павольней. Іх біялагічны ўзрост часцяком быў ніжэйшы за каляндарны.

Цікава, што назіралася непасрэдная залежнасць: чым больш моў ведаў чалавек, тым маладзейшым аказваўся яго біялагічны ўзрост у параўнанні з пашпартным. Пры гэтым вынік захоўваўся нават пры вельмі грубым уліку моўных навыкаў, што сведчыць пра надзейнасць сувязі.

Нават пасля ўліку іншых фактараў — адукацыі, фізічнай актыўнасці, хранічных хвароб — шматмоўе заставалася самастойным ахоўным фактарам. У краінах з высокай міграцыяй або значнымі гендарнымі дыспрапорцыямі сувязь была крыху слабейшай, але ўсё ж выразнай.

Высновы даследавання дазваляюць разглядаць валоданне мовамі як даступны і эфектыўны спосаб падтрымкі здароўя ў сталым узросце, нароўні з правільным харчаваннем, спортам і сацыяльнай актыўнасцю. Прычым важна не толькі вывучэнне мовы, але і яе актыўнае выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці.

Гэта можа стаць выдатным спосабам трэніроўкі для мозгу, даступным для людзей незалежна ад іх паходжання або ўзроўню адукацыі.

Фота: pixabay.com

Абмежаванні высноваў

Нягледзячы на пераканаўчыя вынікі, важна разумець абмежаванні. Даследаванне фіксавала толькі факт валодання мовамі, але не ўдакладняла, у якім узросце яны былі вывучаныя і як часта выкарыстоўваліся. А менавіта гэтыя дэталі могуць быць вырашальнымі.

Акрамя таго, даследаванне паказвае сувязь, а не непасрэдную прычыну. Магчыма, людзі, якія вывучаюць мовы, у цэлым вядуць больш актыўны і здаровы лад жыцця. Каб канчаткова пацвердзіць прычынна-выніковую сувязь, неабходны дадатковыя даследаванні, у якіх навукоўцы будуць назіраць за людзьмі, якія пачынаюць вывучаць новую мову ўжо ў дарослым узросце.

Тым не менш, высновы відавочныя: нават пры ўліку ўсіх нюансаў сувязь паміж шматмоўем і запаволеным біялагічным старэннем выглядае вельмі трывалай. Так што калі вы шукалі прычыну, каб нарэшце пачаць вучыць новую мову, то вось яна. Гэта не толькі цікава, але і, магчыма, адна з найлепшых інвестыцый у ваша здаровае даўгалецце.

Каментары

Цяпер чытаюць

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс116

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс

Усе навіны →
Усе навіны

Гіганцкі катлаван замест магіл. Вось як выглядае будоўля Акадэміі КДБ на Залатой Горцы5

«Чакаем, што з намі будуць кансультавацца». Заходнія палітыкі — пра тайны мірны план ЗША8

Лукашэнка сказаў, што паляціць у М'янму і Алжыр, а ў снежні сустрэнецца з амерыканцамі2

Лукашэнка: Некаторыя рэктары дастукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі і сталі царкамі10

Хлопцы здымалі ролік для сацсетак пра важнасць правіл дарожнага руху — за гэта іх аштрафавала ДАІ1

Два новыя рэктары, гендырэктар МТЗ і намеснікі міністраў — новыя прызначэнні1

Пракуратура заблакавала сайт з беларускімі кнігамі і сувенірамі2

Літва не будзе кампенсаваць страты перавозчыкаў, якія захраслі ў Беларусі8

Вызваленыя каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч. Мяркуючы па ўсім, іх не дэпартавалі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс116

28 пунктаў «мірнага плану» ЗША — поўны спіс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць