Грамадства4040

«Ужо там кароў не засталося!»: былы начальнік Качанавай аплаквае стан эканомікі на Полаччыне

Экс-мэр Полацка Уладзімір Тачыла ў тыктоках сваёй дачкі развенчвае адзін з любімых міфаў Лукашэнкі. А называецца той міф «Лукашэнка ўратаваў вёску».

Уладзімір Тачыла. Скрыншот відэа ў тыктоку

Уладзімір Тачыла — былы мэр Полацка. Яму Наталля Качанава абавязаная стартам сваёй кар’еры. Менавіта Тачыла перацягнуў яе з «Водаканала» ў гарвыканкам.

Сама Качанава сцвярджае, што ніколі не мела вялікіх амбіцый. Але ж у хуткім часе стала намесніцай кіраўніка Полацка, яна адказвала за сферу ЖКГ і будаўніцтва.

«Прыход у Полацкі гарвыканкам быў для мяне поўнай выпадковасцю, бо дагэтуль я працавала проста інжынерам і ні пра якую ўладу не думала … Дзякуй майму мудраму і дасведчанаму настаўніку Уладзіміру Тачылу. Менавіта ён прымусіў мяне паверыць у свае сілы і зрабіць наступны крок у жыцці», — казала Качанава.

Але ж у 2010 годзе ў Тачылы пачаліся праблемы. На яго завялі крымінальную справу за выдзяленне ўчасткаў каля Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Уладзімір Тачыла і ягоны намеснік Сяргей Куксаў набралі сабе і сваім блізкім зямлю пад катэджы.

У 2012 годзе былога мэра Уладзіміра Тачылу арыштавалі. Але ж ён, не чакаючы суда, поўнасцю кампенсаваў нанесеную шкоду, а таксама напісаў прашэнне аб памілаванні. Дапамагло — у студзені 2013 крымінальную справу закрылі, а былы мэр выйшаў на свабоду.

У той самы час неамбіцыйная Наталля Качанава працягвала будаваць палітычную кар’еру.

Цяпер Уладзімір Тачыла вядзе размеранае жыццё пенсіянера. Ён сябар Рады пажылых грамадзян пры Віцебскім аблвыканкаме і старшыня раённага камітэта пажылых людзей Полацка. Піша пафасныя, але не вельмі складаныя вершы — то пра горад, то нейкія настаўленні моладзі. Час ад часу нават выходзяць зборнікі яго творчасці.

Уладзімір даволі часта з’яўляецца на відэа сваёй дачкі, якая актыўна вядзе тыкток. Яна перыядычна робіць міні-інтэрв’ю з татам, каб той распавёў, напрыклад, як пры ім у Полацку развіваўся футбол ці чаму ў раскладзе школьнікаў горада раней было полацказнаўства. Былы кіраўнік горада ажно ружавее ад захаплення, згадваючы былыя часы.

Але часам бываюць і крамольныя тэмы. Тыдзень таму дачка Уладзіміра вырашыла згадаць сваё дзяцінства, як пасвіла кароў — і здзівілася таму, што цяпер на вёсцы кароў амаль ніхто не трымае.

— Я з жахам пачуў навіну, што літаральна тыдзень-два таму ліквідавалі калгас імя Сільніцкага, дзе працаваў у свой час Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Іванавіч Кімстач. Квітнела гаспадарка! — наракае пенсіянер.

Дачка яго падтрымлівае:

— Так, я памятаю.

— Ужо там кароў не засталося! Уяўляеш? А статкі якія былі… Гэта колькі малака яны давалі. Фермы былі…

@_o.tochilo_

♬ оригинальный звук - _o.tochilo_

Тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!» заўважыў: той калгас знаходзіўся ў вёсцы Блізніца — яго пераемнікам стала СУП «Блізніца». Таму хутчэй за ўсё былы мэр мае на ўвазе менавіта «Блізніцу», дзе апошнія гады адбываецца драма на драме.

Нядаўна супраць кіраўніка «Блізніцы» Паўла Плаксу распачалі крымінальную справу. Аналагічная гісторыя была ў двух яго папярэднікаў.

«Салідарнасць» спрабавала разабрацца ў тым, што ж стаіць за пафаснай фразай ябацек: «Лукашэнка захаваў калгасы!».

Выйшла, як і ва ўсіх іншых выпадках: за прыгожай расцяжкай з намалёванай краінай для жыцця хаваецца пустка.

Браніслава Піліпенку, які ў 2017-м на фестывалі «Блізніца — Milkland» ганарыўся званнем «Малочны кароль», асудзілі за налічэнне самому сабе прэмій на фоне запазычанасцяў гаспадаркі за электраэнергію.

Наступны кіраўнік «Блізніцы» Раман Хімянкоў працягнуў слаўныя традыцыі: выпісваў фіктыўныя прэміі, прадаваў маёмасць гаспадаркі міма касы… У сацсетках пісалі пра бесчалавечнае стаўленне да жывёлы: нібыта каровы і цяляты гінулі ва ўласных спаражненнях. У гаспадарцы не хапала кармоў, прастойвала тэхніка. Але ж на паперы ўсё было добра.

Як 27-гадовага Паўла Плаксу ўгаварылі заняць расстрэльную пасаду і ці сапраўды малады мужчына верыў, што зможа навесці парадак у Аўгіевых стайнях — дакладна невядома. Але пратрымацца на пасадзе кіраўніка да прыходу сілавікоў ён змог менш за год. Цяпер яго абвінавачваюць у службовай халатнасці: з пачатку года ў гаспадарцы загінула 70 галоў жывёлы. Прычынай гэтага сілавікі назвалі безгаспадарчасць. Па іх звестках, жывёлы ўтрымліваліся без належнага догляду, не праводзілася вакцынацыя і прафілактыка.

Былы ж мэр Полацка скардзіцца на тое, што сучасныя людзі адвыклі працаваць так, як працавалі раней.

— Трэба было ўсё сваё: бульбачка свая, мяса сваё, яйкі свае — і гэтым ганарыліся. А зараз — брэсцкае, гомельскае ў Полацку. Гэта за колькі кіламетраў трэба везці…

Абураецца Уладзімір Тачыла і працай некаторых прадпрыемстваў:

— Сёння я ехаў з адным чалавекам і кажу: «Вось трэба плёначку купіць, парнічок накрыць». А ён кажа: «Вой, Сцяпанавіч. Ведаеш, плёнкі ж добрай няма. Я працаваў у цэху на «Паліміры» і рабіў плёнку». У гэтую стужку, каб яна была жоўценькай, дадавалі нейкую дрэнь, а зараз — фарбу. І стужка гэтая стаяла 5 гадоў, а цяпер год максімум. Дык яна яшчэ і не «паліміраўская». «Палімір» спыніў выпуск гэтай плёнкі.

Згадвае экс-чыноўнік, якімі былі калгасы Полаччыны пару дзясяткаў гадоў таму. Старанна пералічвае, дзе трымалі пясцоў, дзе займаліся авечкагадоўляй, а дзе збіралі мёд тонамі. І хоць недзе землі былі благія, але ж кіраўнікі ведалі, што дзе рацыянальна рабіць. Цяпер ад усяго гэтага засталіся толькі зыбкія ўспаміны пенсіянера.

— Дзяржава, вядома, падтрымлівала гаспадаркі. І цяпер яна падтрымлівае. Але тады ж гэтыя сферы дзейнасці былі рэнтабельнымі!

Неяк сумна Тачыла адзначае: трэба было людзей сяла на руках насіць.

— Іх паважалі, але не так, як трэба. Трэба, каб яны зараблялі, жылі ў добрых дамах, каб быў газ праведзены ў першую чаргу. Каб водаправод у іх быў, а не вёдрамі людзі цягалі ваду. Каб на ферме не рукамі за цыцкі кароў тузалі…

Згадвае Уладзімір, як быў уражаны, калі ў часы СССР трапіў на ферму ў Польшчы. І па сёння памятае, наколькі там усё было тэхналагічна зроблена. Пры гэтым Тачыла лічыць сябе патрыётам СССР і кажа, што яго краіна — ажно да Курыл. Ён марыць, што калісьці яна адновіцца:

— Недзе паразумнеюць, недзе паправім, — смяецца ён.

Каментары40

  • Яніна
    06.04.2025
    Задзяўбалі са сваім саўком, закапалі ўсё самі і яшчэ скардзяцца. Калгасы наогул гіблая справа, асабліва ў такіх рэгіёнах,як Полаччына. Нічога не расце на такіх землях. Улічваючы цікавы ландшафт, лагічна рабіць было стаўку на турызм. Прыватная ўласнасць на зямлю і вескі былі б як у Польшчы.
  • Дурыла
    06.04.2025
    Кароў! Там людзей не засталося, не тое што кароў
  • Соросята, хватит накручвать лайки
    06.04.2025
    Ай-ай-ай

Цяпер чытаюць

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў6

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Усе навіны →
Усе навіны

Польскія службы адмаўляюць, што праз мяжу з Беларуссю правозілі выбухоўку4

Юрый Чыж зарэгістраваў у Расіі новую інвесткампанію. Старыя прыносяць яму толькі страты

Праўладны аналітык, які служыў у расійскай вайсковай разведцы: У мяне дача літаральна за 5 км ад Сувалкаўскага калідора10

Аўтар фільма «Чужое неба», знятага падманам: Падбор герояў — гэта наша прафесійная таямніца5

Як склаўся лёс палкоўніка Лосева, які пакрываў банду марозаўцаў і атрымаў 18 гадоў калоніі4

Прэм’ер Літвы: Бачыць у кожным прыбылым шпіёна — неадэкватна5

Запланаваны ў Вільні канцэрт Крысціны Арбакайце выклікаў абурэнне ў сацсетках. Умяшаўся нават прэм’ер краіны27

Сацпакет айцішніка ў Мінску схуднеў? Якімі плюшкамі завабліваюць Lesta, EPAM ды іншыя

Ксёндз Акалатовіч: Мяне абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў6

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць