Грамадства11

«Чарнагорыя нікому не хоча даваць прытулку». Беларуска расказала пра перавагі і складанасці жыцця ў гэтай краіне

Беларуска з чатырма дзецьмі вымушаная была пакінуць радзіму і пачаць новае жыццё ў краіне чорных гор. Наталля Масюк расказала «Салідарнасці» сваю гісторыю.

Наталля Масюк. Усе фота з асабістага архіва

Гэта інтэрв'ю запісвалася двойчы — у 2022 годзе і праз тры гады. Публікацыя была адкладзеная, таму што двое дзяцей Наталлі і яе муж заставаліся ў Беларусі. Цяпер жа, калі ўсе чацвёра дзяцей з мамай у Чарнагорыі, а муж працуе ў Еўрасаюзе, Наталля пагадзілася пагаварыць, не хаваючы свае імя і прозвішча.

Пасля выбараў у жніўні 2020-га жыхарка Слуцка Наталля Масюк брала ўдзел у акцыях супраць гвалту, вяла перамовы з мясцовай «вертыкаллю». Як і многія актывісты, яна прайшла праз допыты ў КДБ і СК, ператрусы, канфіскацыю тэхнікі.

«Я ўдзельнічала ў платформе «Сход», у жніўні 2021-га пачаліся аблавы на ўдзельнікаў, мяне гэта таксама кранула. У снежні таго ж года «Сход» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Наталля не збіралася выязджаць з Беларусі, нягледзячы на ціск.

«Паўтарала: чаму я павінна выязджаць, хай выязджаюць тыя, каму я не падабаюся. Я хачу, каб мая краіна квітнела, а калі мы ўсе паедзем, як яна будзе квітнець? Мы павінны тут быць, змагацца і рабіць усё, што ў нашых сілах.

З мужам гаварылі пра будучыню дзяцей — ім хутка ў першы клас. Я не хацела, каб мае дзеці хадзілі па струнцы «Смірна», а пры ўваходзе ў школу іх сустракаў гімн. Вайскова-патрыятычнае выхаванне, бацюшкі ў навучальных установах… Мяне гэта абсалютна не задавальняе.

Калі нашу арганізацыю прызналі «экстрэмісцкай», муж пераканаў мяне: трэба выязджаць, калі не хочаш трапіць пад крымінальную справу. Ён сказаў: ты разумееш, што цябе арыштуюць, ты не будзеш на відэа «каяцца», будзеш сядзець, а дзяцей у нас адбяруць. Лепш едзь. Так за адну ноч вырашыўся наш далейшы лёс. Я выехала, каб дзяцей зберагчы».

Незадоўга да ад'езду Наталлю звольнілі з працы з міжнароднай кампаніі.

«Дырэктар сказаў: «Мне твае выкрунтасы надакучылі. Я хачу дом свой дабудаваць, хачу жыць у гэтай краіне, і каб мяне з працы не звольнілі».

Я напісала ліст заснавальнікам кампаніі ў Еўрасаюзе. Яны гэты ліст пераслалі дырэктару. На мяне сфабрыкавалі некалькі дакладных пра нібыта невыкананне службовых абавязкаў. Я аспрэчвала звальненне ў судзе, але суд першай і другой інстанцыі сталі на бок наймальніка. Некаторыя мае калегі падпісалі гэтыя сфабрыкаваныя дакументы і выступілі на судзе супраць мяне».

Ні ў Наталлі, ні ў дзяцей не было шэнгенскай візы, таму вырашылі ляцець у Стамбул, а адтуль — у Падгорыцу. Перад ад'ездам Наталля напісала ў народную амбасаду Чарнагорыі з просьбай сустрэць яе з дзецьмі і адвезці ў гатэль.

«Людзі адгукнуліся. Мяне сустракалі беларусы з дыяспары. Калі мы прыехалі ў Бар, я зразумела, што застанемся тут. Ён мне мой родны горад нагадаў».

Па словах Наталлі, дзеці хутка адаптаваліся да жыцця ў новай краіне.

«Малодшыя хадзілі ў садок тут, мову падвучылі. У школе ў іх няма моўных праблем. Старэйшым было складаней нашмат».

У сына Наталлі Любаміра былі цяжкасці з адаптацыяй да вучобы — у дзіцяці ёсць сімптомы СДВГ. У дапамогу дзіцяці школа дала індывідуальнага асістэнта, прычым для гэтага не спатрэбілася заключэнне лекара або псіхолага. Педагагічная камісія абгрунтавала гэта тым, што дзіцяці складана даецца вывучэнне чарнагорскай мовы.

«З т'ютарам дзіця стала лепш развівацца, яму лягчэй даецца школьная праграма. Калі асістэнт спатрэбіцца ў будучыні, нам трэба ўзяць заключэнне ў псіхолага з рэкамендацыяй даць суправаджэнне на ўроках».

«Чарнагорыя — як адкрыты партал, тут выконваюцца жаданні. Ад вас патрабуецца не сядзець на месцы»

У Беларусі Наталля працавала па сваёй другой адукацыі юрыста. У Чарнагорыі яна адкрыла танцавальную студыю — спатрэбілася першая адукацыя харэографа.

«Я ўжо гадоў з 10 не працавала ў харэаграфіі, і ў мяне было шмат страхаў і комплексаў. Усё вырашыў выпадак. Я павяла сына да зубнога доктара, яна пытаецца, чым будзеце тут займацца. Кажу, не ведаю, можа, харэаграфіяй. Буду шукаць залу ў кагосьці для арэнды. Яна параіла: адкрыйце сваю залу, каб ні ад каго не залежаць. Хай яна будзе маленькая, але ваша.

Яна мяне натхніла, сказаўшы, што Чарнагорыя — як адкрыты партал, тут выконваюцца жаданні. Ад вас патрабуецца не сядзець на месцы. Закідвайце жаданні ў сусвет і дзейнічайце, ідзіце ў кірунку свайго жадання. Яно сто адсоткаў збудзецца. Больш я гэтую жанчыну не сустракала. Выйшаўшы з кабінета стаматолага, я пайшла шукаць сабе залу».

Наталля набрала першых вучняў-дзяцей.

«Я ўсё ўспамінала з імі: гэта як на ровары ехаць, нічога не забываецца. Потым пачала набор на бодзі-балет — і гэта атрымалася. Жанчыны ўдзячныя за тое, што заняткі дапамаглі вярнуць упэўненасць у сабе, а кагосьці і на ногі паставілі.

Аднойчы я падумала: тут шмат расіян, шмат украінцаў, а нас, беларусаў, не відаць і не чуваць. Трэба людзям паказаць нас і чарнагорцаў з намі пазнаёміць. А што я магу? Танцаваць! Так з'явілася ідэя арганізаваць ансамбль беларускага танца.

Магчыма, вам падасца гэта вельмі саманадзейным, але я збіраю ансамбль беларускага танца, які будзе паказваць нашу культуру — напісала я ў першай аб'яве.

Адной з першых прыйшла ў калектыў Наталля — настаўніца беларускай мовы. Яна размаўляе толькі па-беларуску. І ўсе дзяўчаты ў нашым калектыве выдатна яе разумеюць, хоць не ўсе яны беларускі.

Наталлі складана даюцца танцы, але яна ўсё адно настроеная ісці наперад. Яна такая маленькая, далікатная, але ў ёй столькі ўпартасці, што мне нават часам становіцца сорамна часам за тое, што ў мяне рукі апускаюцца, калі нешта не атрымліваецца.

Цяжка ішоў набор у ансамбль, але ў мяне з'явілася ідэя-фікс. Калі мы зараз маленькім складам падрыхтуем праграму на 3-4 нумары і прымем удзел у адным са шматлікіх фальклорных фестываляў у Чарнагорыі, то, магчыма, мы зацікавім людзей, пакажам, што да нас можна прыходзіць, і заявім пра сябе».

Ужо праз некалькі месяцаў ансамбль беларускага танца «Валошкі» ўзяў удзел у фестывалі ў Чарнагорыі і стаў лаўрэатам першай ступені ў сваёй узроставай катэгорыі.

«Касцюмы мы шылі самі, начамі вышывалі. У нас і абутку не было, бо гэта дорага. Танцавалі ў балетках. Я знайшла тут майстрыху з Расіі, якая выткала нам беларускія паясы. Дарэчы, удзельніцы ансамбля не толькі беларускі, але і ўкраінкі ды расіянкі.

Летась мы правялі ў Будве Дзень беларускай культуры, арганізавалі свой канцэрт. Пасля выступленняў да мяне падышоў адзін з гледачоў-беларусаў, спытаў: што вам цяпер трэба? Кажу, мы ў балетках танцуем і не можам сабе дазволіць купіць абутак. Ён спытаў: колькі трэба? І даў грошы».

Ці можна атрымаць міжнародную абарону беларусам у Чарнагорыі

Самае балючае пытанне для Наталлі, як і для многіх іншых беларусаў Чарнагорыі, — легалізацыя. Наталля аформіла дазвол на жыхарства, ён выдаецца на год.

«Ад трэцяга ДНЖ я адмовілася, таму што звярнулася па міжнародную абарону.

Летась, калі ў Беларусі пачаліся пераследы за ўдзел у Каардынацыйнай радзе [Наталля была сябрам КС другога склікання. — Заўв. «Салідарнасці»], у мяне дома ў Слуцку правялі ператрус і арыштавалі маёмасць — участак з недабудаваным домам і кватэру. Следчы камітэт у адказ на мой запыт, на якой падставе гэта было зроблена, напісаў, што я праходжу падазраванай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім). Па першым артыкуле пакаранне прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

На першым інтэрв'ю ва ўпраўленні па пытаннях надання прытулку МУС мне далі зразумець, каб я не разлічвала на міжнародную абарону, таму што я тут жыла тры гады і не прасіла прытулку.

Мне сказалі, што я карысталася сваім пашпартам, значыць, нічога не баялася, і калі б не было ўказа Лукашэнкі аб забароне выдачы пашпартоў за мяжой, і вы маглі падаўжаць свой пашпарт, то вы б і далей ім карысталіся, нягледзячы на ўсе пераследы ў вашай краіне. Значыць, усе вашы страхі надуманыя — такую выснову зрабілі супрацоўнікі ўпраўлення.

Яны лічаць, што прытулак я павінна была прасіць, ступіўшы на чарнагорскую зямлю. Вось тады б мой кейс сур'ёзна разглядалі. Юрысты, якія працуюць з суіскальнікамі статусу бежанца, патлумачылі мне, што Чарнагорыя нікому не хоча даваць прытулку».

У красавіку гэтага года, праз дзевяць месяцаў пасля падачы заявы, Наталля атрымала адмову ў наданні міжнароднай абароны. Беларуска абскардзіла рашэнне ў судзе, але пакуль яе справа не разглядалася.

«Адмова была на дзесяці старонках, дзе было распісана, як я сама прыдумала свае страхі. Ліст Следчага камітэта Беларусі наогул у разлік не бралі. Да мяне яшчэ было пару адмоў у прадастаўленні прытулку, я іх чытала — у іх тры старонкі дакладна як у маім адказе. Пішуць, што ў Беларусі ўсё выдатна, краіна атрымлівае газ з Расіі, эканоміка на вышыні, дэмакратыя ў краіне развіваецца, спасылаюцца на дакументы 2016 года».

Па словах Наталлі, пасля ўказа, які пазбавіў беларусаў магчымасці мяняць пашпарты за мяжой, дыяспара беларусаў Чарнагорыі рабіла розныя крокі.

«Я разаслала каля двух дзясяткаў лістоў у розныя інстанцыі (мясцовыя партыі, міністэрствы, дэпартаменты) з апісаннем сітуацыі і з просьбай паспрыяць у вырашэнні нашага пытання — легалізацыі, каб нам давалі міжнародную абарону, як украінцам, напрыклад. Адказ я атрымала толькі ад МЗС і МУС: гэта не нашы пытанні, звяртайцеся далей.

У Чарнагорыі мала беларусаў. Мы шмат чаго не просім: нам не патрэбныя дапамогі ад дзяржавы, мы можам усё зрабіць самі, зарабляць, толькі абараніце нас, дайце нам магчымасць жыць у вашай краіне легальна.

Многія беларусы робяць візы і з'язджаюць. Я не магу адкрыць шэнген. Мой муж працуе ў ЕС, прыязджае раз у некалькі месяцаў да нас. Ягоная працоўная віза не дае магчымасці аформіць візы нам».

Пашпарт Наталлі заканчваецца ў жніўні гэтага года, і яна разглядае далейшыя варыянты дзеянняў.

«Бывае, адчуваю іспанскі сорам. Чаму такое ў нашай краіне адбываецца?»

Тры гады таму Наталлю спыталіся, ці думала яна пра тое, што не вернецца ў Беларусь.

«Так. Не хацелася б, каб так адбылося. Мяркую, што наша вяртанне вельмі надоўга адкладзена. Я адчуваю, як быццам дагэтуль у Беларусі. Чытаю тэлеграм-каналы, хварэю душой за Радзіму і часта плачу, — адказала яна. —

Напэўна, многія з нас ачарствелі ад несправядлівасці. Але калі праз край пераплюхваецца тупасць або жорсткасць… Бывае, адчуваю іспанскі сорам. Чаму такое ў нашай краіне адбываецца? Пры гэтым разумею, што людзі за мяжой не так усе адчуваюць, не могуць зразумець, што адбываецца ў краіне.

Перад тымі, хто з'ехаў, акрамя таго, што баліць за Беларусь і хочацца нешта рабіць і неяк дапамагаць, яшчэ стаіць задача тут асімілявацца і выжыць. Таму што ты нясеш адказнасць за жыццё ў чужой краіне і за дзяцей.

Калі ты не ведаеш мовы, у цябе няма працы… Чалавек, які мне дапамагаў з афармленнем дакументаў, сказаў у грубай форме: працы тут няма. Гэта было сказана, як адрэзана. Калі хочаш выжыць — прыдумай сабе працу тут сама.

Няпраўда тое, што паказвае прапаганда, нібыта мы ўсе плачамся і хочам назад або што мы па лёгкае жыццё едзем. Думаю, што ўсе, гэтак жа, як і я, ехалі за мяжу, выдатна разумеючы, што ніякага лёгкага жыцця тут не чакае, тут трэба будзе круціцца, што нашыя прафесіі, якія шанаваліся калісьці ў нашай краіне і дазвалялі нам зарабляць, не запатрабаваныя за мяжой. Тут усё абнуляецца. З'ехалі з Беларусі людзі, якія думаюць, якія маглі краіну падымаць і даброты ствараць».

Цяпер Наталля прызнаецца:

«З сумам думаю, што мы невяртанцы. Маім дзецям у Чарнагорыі добра. Горы, мора — яны іншыя пейзажы ўжо не хочуць бачыць. Кажуць, мы ў Беларусь у госці будзем прыязджаць, а жыць тут».

Каментары1

  • Вадзім
    15.06.2025
    Няхай у вас усё атрымаецца. Мо тады і іншыя змогуць.

    Часу шкада мала. Без пашпартоў у Чарнагорыі - я нават ня ведаю выпадкаў...

Цяпер чытаюць

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму5

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

Дырэктарка дзіцячага цэнтра, дзе размаўляюць выключна на рускай, абвінавачвае чыноўнікаў і дзяржаўных журналістаў у хлусні27

Гісторыя ў ЕГУ — гэта гістфак вашай мары. Еўрапейскі дыплом з навучаннем на беларускай мове пры інтэнсіўным вывучэнні англійскай. І поўная свабода1

У выніку ўдараў Ізраіля па Іране ліквідаваныя дзевяць вядучых фізікаў-ядзершчыкаў4

Рабаванні, згвалтаванні і нават крадзеж адзення з труны: Мінск крымінальны пры Сталіне2

Зяленскі: Лукашэнка баіцца і перанясе вучэнні далей ад мяжы з Украінай16

Ініцыятыва Maldzis вяртае старадрук Сімяона Полацкага11

Марадона падчас свайго візіту ў Беларусь не захацеў сустракацца з Румасам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму5

За палітыку асудзілі шматдзетнага бацьку-верніка. Яго жонка памерла два гады таму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць