Журналісты высветлілі, як рэдактара Atlantic дадалі ў чат аб ударах па Емене. Яго зблыталі з чыноўнікам Трампа
Тэлевізійная кампанія CBS News высветліла, якім чынам галоўны рэдактар часопіса Atlantic Джэф Голдберг трапіў у сакрэтны чат у месенджары Signal, дзе чыноўнікі адміністрацыі Белага дома абмяркоўвалі планы удараў па еменскіх хусітах, піша Бі-бі-сі.

Як сказана ў публікацыі, памылка, здзейсненая дарадцам прэзідэнта ЗША Майкам Уолцам і якая стала прычынай палітычнага скандалу, была звязана з функцыяй смартфонаў, якая дазваляе аўтаматычна захоўваць нумар тэлефона таго ці іншага кантакту, калі ён прысутнічае ў тэксце электроннага ліста.
Некалькі інфармаваных ананімных крыніц паведамілі CBS News, што запрашэнне на ўдзел у сакрэтным чаце, якое атрымаў Голдберг, на самой справе было прызначана афіцыйнаму прадстаўніку Белага дома па пытаннях нацыянальнай бяспекі Браяну Хʼюзу. Мінулай восенню тэлефон Уолтца прапанаваў захаваць невядомы нумар, дасланы Хʼюзам, як тэлефонны нумар самога Хʼюза.
Як піша CBS News, пасля публікацыі скандальнага артыкула ў Atlantic служба тэхнічнай падтрымкі прэзідэнцкай адміністрацыі правяла расследаванне інцыдэнту і на мінулым тыдні паведаміла пра яго вынікі Трампу і іншым чыноўнікам Белага дома.
У выніку расследавання аказалася, што ніякіх прамых кантактаў паміж Уолцам і Голдбергам, а таксама паміж Голдбергам і Хʼюзам, не было. Як жа гэта адбылося?
Калі верыць публікацыі, ва ўсім вінавата — электроннае пісьмо, якое Голдберг у кастрычніку мінулага года адправіў у штаб перадвыбарчай кампаніі Трампа. Ён папрасіў даць каментар у сувязі з артыкулам, звязаным з Трампам і вайскоўцамі. Супрацоўнікі штаба хацелі паставіць у курс справы членаў асяроддзя Трампа, у тым ліку Уолца, які ў мінулым служыў у арміі.
Паводле звестак дзвюх крыніц, пагаварыўшы з супрацоўнікам штаба Стывенам Чэнгам і іншымі, Хʼюз скапіраваў тэкст ліста Голдберга (у ім быў адрас і тэлефон журналіста) у новы email — і адправіў яго Уолцу.
Але пасля гэтага мабільны тэлефон будучага дарадцы па нацыянальнай бяспецы аўтаматычна прапанаваў захаваць нумар Голдберга як новы кантактны нумар Браяна Хʼюза.
Прыкметна, што з таго часу Уолц неаднаразова тэлефанаваў Хʼюзу і дасылаў яму паведамленні — і пры гэтым усе яны траплялі да правільнага адрасата, а не да Голдберга. Судзячы па ўсім, тэлефон не блытаў два нумары да таго моманту, пакуль Уолтц у сакавіку не адправіўся ў горад Джыда ў Саудаўскай Аравіі.
Але калі Уолц паспрабаваў дадаць Хʼюза ў той самы чат у Signal, тэлефон адправіў запрашэнне Голдбергу, падабраўшы менавіта яго нумар у спісе кантактаў.
Signal, верагодна, ведаў, што гэты нумар тэлефона насамрэч належыць Голдбергу, бо ў чаце ён быў пазначаны як «JG» (то-бок Джэф Голдберг). Аднак гэтага не заўважыў ні адзін з удзельнікаў чата трампаўскай каманды ў галіне нацыянальнай бяспекі, паведамілі CBS News некалькі крыніц.
Паводле звестак аднаго з суразмоўцаў, адміністрацыя не ведала, што Голдберг прысутнічаў у сакрэтным чаце, да таго моманту, пакуль Atlantic не папрасіў Белы дом пракаментаваць публікацыю — і гэта адбылося ўсяго за пару гадзін да яе зʼяўлення.
У нядзелю афіцыйны прадстаўнік Белага дома не змог аператыўна адказаць на просьбу CBS News пракаментаваць гэтую інфармацыю.
Пра функцыю мабільных тэлефонаў, якая прывяла да памылкі, упершыню паведаміла брытанская газета Guardian.
Каментары
Трохі падрабязней.
1. Браян Х'юз замест перасылкі паштовага паведамлення (forward) Голдберга проста скапіраваў яго цалкам (copy paste), уключаючы подпіс у канцы. У подпісы быў і нумар тэлефона Голдберга.
Такая некалькі шызафрэнічная звычка, калі вам прысылаюць цытату іншага чалавека, ніяк не адзначаючы, што гэта менавіта цытата.
2. iPhone Уолца калі ўбачыў пісьмо ад Х'юза, прапанаваў аднавіць кантакты Х'юза. Праграма тэлефона не магла здагадацца, што Х'юз прыклаў кантакты Голдберга як свае.
Уолц таксама не падумаў і пагадзіўся аднавіць кантакты. Зараз у Уолца 2 нумары тэлефона, падпісаныя "Х'юз".
3. Калі Уолц дадаваў Х'юза ў групу, Signal узяў другі яго тэлефон, які насамрэч тэлефон Голдберга. Чаму? Не напісана, але дапушчу, што на сапраўдным тэлефоне Х'юза Signal яшчэ не быў усталяваны, а ў Голдберга быў.
4. Ніхто ў групе не звярнуў увагу, што "Х'юз" падпісаны як "JG".
5. Белы Дом раней дазволіў выкарыстоўваць Signal, таму што не было альтэрнатыўнага спосабу для камунікацыі паміж рознымі дзяржаўнымі агенцтвамі. Так як папярэднія адміністрацыі не распрацоўвалі альтэрнатыву, адміністрацыя Трампа нібыта дазволіла ў пераходны перыяд працягваць карыстацца Сігналам замест звычайных смс або iMessage (? "regular text-message chains").