Грамадства33

Беларусы з візамі ў Літве застаюцца без банкаўскіх рахункаў. Якія ў іх варыянты

Devby.io пагаварыў з карыстальнікамі Paysera без еўрапейскага дазволу на жыхарства — іх неўзабаве пачнуць масава блакаваць.

Paysera.com

Літоўскі анлайн-банк Paysera ў красавіку разаслаў карыстальнікам з грамадзянствам Беларусі і Расіі папярэджанні пра закрыццё рахункаў праз 14 дзён. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна прадставіць еўрапейскі ДНЖ. Нацыянальнай візы, напрыклад, недастаткова.

«Як можна заблакаваць рахунак, калі чалавек не можа вярнуцца дадому?»

Беларуска Дар’я (імя зменена) распавял, як ёй другі раз могуць заблакаваць літоўскі банкаўскі рахунак, на які паступаюць сродкі за працу.

Рахунак у Paysera яна адкрывала ў канцы 2022 года. Тады іншыя банкі ўжо адмаўлялі беларусам, і Paysera заставалася адзіным варыянтам. Каб стаць кліентам, дастаткова было візы катэгорыі C.

У сярэдзіне красавіка гэтага года Дар’і прыйшоў ліст ад банка на рускай мове: прасілі прадставіць ДНЖ або міграцыйны сертыфікат, выдадзены ў ЕС або Швейцарыі, інакш праз 14 дзён з моманту атрымання ліста сродкі на рахунку замарозяць.

У Дар’і няма ДНЖ — толькі гуманітарная віза D, атрымана на тэрыторыі Літвы. Яна выехала з Беларусі ў сярэдзіне 2024 года. Яшчэ не падавалася на ДНЖ, бо пакуль вырашае, дзе хоча жыць далей.

Дар’я лічыць, што гэта несправядліва — санкцыі закранаюць звычайных людзей, якія не падтрымліваюць вайну.

«Гуманітарнай візы D ужо недастаткова! Прычым атрымаць такую візу на тэрыторыі Беларусі цяпер амаль немагчыма. Той, хто яе атрымлівае, знаходзячыся ў Літве, дакладна не падтрымлівае ваенную агрэсію. Гэтага чалавека трэба падтрымліваць!», — абураецца яна.

На яе літоўскі рахунак паступаюць еўрапейскія сродкі за культурны праект для беларусаў. Да рахунку прывязаныя сэрвісы, напрыклад, працоўны Zoom.

«Будзе толькі кэш. Арганізацыя, якая плаціць мне, абмежаваная ў магчымасці працаваць з наяўнымі. Я змагу атрымліваць заробак толькі часткамі, мне прыйдзецца пастаянна ездзіць у Вільню. Я нават не змагу купіць квіток на самалёт або аўтобус.

Як можна пазбавіць чалавека працоўнага інструмента і без таго ў складанай сітуацыі? Чалавек не можа вярнуцца дадому, не жыве ў сваёй краіне амаль год, і гэты рахунак — адзіны спосаб атрымліваць аплату і пакрываць базавыя выдаткі. Супраць каго накіраваныя санкцыі?!», — не разумее яна.

Дадатковую складанасць стварыла тое, што папярэджанне прыйшло напярэдадні Вялікадня, а тэрмін лічыцца ў каляндарных днях.

«З-за доўгіх выходных я абмежаваная ў магчымасці падрыхтаваць дакументы і адправіць, каб скарыстацца выключэннямі з рэгламенту», — кажа яна.

Спроба скарыстацца выключэннямі

Дар’я вырашыла скарыстацца выключэннямі з рашэння ЕС, у межах якіх адкрыццё рахунку могуць дазволіць.

Па-першае, калі сродкі неабходныя для задавальнення базавых патрэбаў — харчавання, арэнды жылля, камунальных паслуг, лячэння. Па-другое, калі яны прызначаныя «выключна для выплаты прафесійных ганарараў» (артыкул 1v, пункты a і b).

Яна накіравала ў тэхпадтрымку Paysera некалькі лістоў з абгрунтаваннем, чаму яе рахунак не варта блакіраваць, спасылаючыся на выключэнні.

Аднак атрымала адказ з тым самым патрабаваннем прадставіць ДНЖ.

Кэш

Зараз на рахунку ў Дар’і грошай хопіць на 2—3 месяцы эканомнага жыцця. Яна плануе здымаць наяўныя. Але і гэта складана, бо яна не ў Літве.

«Думаю, куды перавесці грошы. Дамаўляюся са знаёмымі. Спадзяюся, яны здымуць кэш і перададуць. Складаны шлях, але я працую над гэтым», — кажа яна.

Дар’я плануе падаць на від на жыхарства ў чэрвені. Чакае, што выдадуць восенню. А значыць, мінімум некалькі месяцаў яна будзе без рахунку і банкаўскай карткі.

Год таму рахунак удалося разблакаваць (зараз наўрад ці)

Гэта ўжо другі выпадак, калі Дар’і могуць заблакаваць літоўскі рахунак. Першы быў у снежні 2023 года, напярэдадні Калядаў. Тады ёй паведамілі ўжо постфактум, што рахунак заблакаваны. Нібыта папярэджвалі, але яна сцвярджае, што ніякіх паведамленняў не атрымлівала.

На той момант Дар’я знаходзілася ў Беларусі і працавала над культурным праектам за сродкі еўрапейскай арганізацыі. Яе грошы былі замарожаныя, і частка каманды не змагла атрымаць аплату.

«Гэта была вялікая сума для мяне і праекта», — кажа яна.

Сродкі былі замарожаныя на чатыры месяцы. Увесь гэты час Дар’я і донар праекта вялі перамовы з Paysera. Частка гранта ўжо пайшла на заробкі. Paysera прапанавала вярнуць увесь грант донару, але на рахунку гэтых грошай ужо не было. Унесці рэшту на замарожаны рахунак было б складана — у каманды ўжо не засталося сродкаў.

«Гэта быў поўны трындзец. Ніякія дамоўленасці, тлумачэнні, што гэта культурны праект пры падтрымцы вядомай еўрапейскай арганізацыі — не спрацавалі. Нават донар нічога не змог зрабіць. Усе пайшлі ў адпачынкі. Да Калядаў заставаўся дзень-два», — узгадвае яна.

Тады Paysera прапанавала Дар’і даць іншы замежны рахунак для пераводу сродкаў.

На той момант у Дар’і не было візы, яна жыла ў Беларусі. Рахунак разблакавалі пасля пераезду і атрымання візы D.

«Мы атрымліваем дапамогу як палітвязні, цяпер гэтага недастаткова»

Беларуска Алёна(імя зменена) распавяла, што таксама атрымала ад Paysera папярэджанне пра магчымую блакіроўку рахунку, адкрытага ў 2021 годзе.

«Мы атрымліваем дапамогу як [экс] палітвязні, дзецям на Новы год, да школы. Пакуль шукаем рашэнне», — распавядае яна.

Раней яны паказвалі Paysera дакумент, які пацвярджаў такі статус сям’і, і гэта ратавала рахунак. Цяпер жа адказ быў: гэтага недастаткова.

Толькі ДНЖ, іншых варыянтаў не засталося

Юрыст, кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч кажа, што магчымасць мець еўрапейскі банкаўскі рахунак без еўрапейскага віду на жыхарства для грамадзян Беларусі і Расіі ўжо ў мінулым.

«Калі ў вас няма ДНЖ — баюся, вас заблакуе любая еўрапейская плацежная сістэма. Вы — занадта рызыкоўны кліент. Для такіх кліентаў застаюцца толькі VIP-банкі ў Швейцарыі, дзе пагодзяцца працаваць у абмен на велізарныя дэпазіты», — тлумачыць ён.

Сярод аперацый, што выклікаюць падазрэнні банкаў і могуць прывесці да блакіроўкі рахунку, Міхалевіч называе:

  • вывад крыптавалюты, асабліва сум ад некалькіх тысяч еўра;
  • плацяжы ад 5—10 тысяч еўра;
  • мноства дробных пераводаў запар з аднолькавымі сумамі (напрыклад, па 5 еўра);
  • аперацыі з «умоўна бяспечнымі» краінамі па-за межамі ЕС (напрыклад, Грузія, ААЭ).

Блакіроўка часта адбываецца аўтаматычна — так працуе сістэма барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Банкі абавязаныя правяраць кліентаў, інакш ім пагражаюць мільярдныя штрафы. Сітуацыя пагаршаецца з 2022 года.

«Сітуацыя будзе пагаршацца і далей, у мяне няма сумненняў», — прагназуе ён.

Каментары3

  • Олеся
    25.04.2025
    Мы такое уже в Украине видели сразу после начала войны. Всем иностранцам из РБ РФ счета порубили, кто забыл. Кажется, всерьёз опасаются, что деды осенью к ним в Литву Латвию полезут…
  • Filipp
    25.04.2025
    Трэба ўжо эвакуявацца з гэтай краіны, далей будзе болей!
  • "борьба" па-летувіску
    25.04.2025
    Олеся, гэтых "дедов" у Летуве поўкраіны калі што. Пачыная з іх прэзідэнта-камуніста.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі20

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі

Усе навіны →
Усе навіны

Заўтра ў Беларусі афіцыйны працоўны дзень1

2 і 6 мая ў Мінску правядуць генеральныя рэпетыцыі параду. У цэнтры горада будуць перакрывацца вуліцы1

23-гадовая беларуска выжыла ў жудасным ДТЗ, але цяпер не можа хадзіць. Яе гісторыя даказвае, што каханне існуе5

Учора ў Беларусі было да +25°С, а сёння стане рэзка халадаць

Украіна рыхтуецца да спынення падтрымкі з боку ЗША — Bild4

У сядзібе Агінскіх аднаўляюць дзве барочныя капліцы

Апублікаваны праект магілы Папы Францішка

Вялікабрытанія можа адмовіцца ад адпраўкі міратворцаў ва Украіну з-за рызыкі вайны з Расіяй12

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі20

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць