Кіно55

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць

Што рабіць з людзьмі, якія катавалі, здзекаваліся, прыніжалі? Ці ёсць права на помсту? Гэтыя пытанні ўздымае прэм'ера палітычнага трылера іранскага рэжысёра Джафара Панахі, што адбылася на Канскім кінафестывалі.

Кадр з фільма Джафара Панахі «Чыстая выпадковасць» (It Was Just an Accident), 2025

Джафар Панахі — адзін з самых вядомых іранскіх рэжысёраў, чыя біяграфія стала сімвалам барацьбы за свабоду творчасці. Яго фільмы неаднаразова забаранялі ў Іране, а самога яго ў 2010 годзе арыштавалі і асудзілі да турэмнага зняволення. Яму таксама на 20 гадоў забаранілі здымаць кіно, выязджаць з краіны і даваць інтэрв’ю. Тым не менш, ён працягваў працаваць у падпольных умовах. Адзін з сваіх самых знакамітых фільмаў, «Таксі», ён, каб абысці забарону на здымкі камерай, зняў на відэарэгістратар аўтамабіля.

Панахі — лаўрэат галоўных узнагарод вядучых сусветных кінафестываляў. Яго дэбютны поўнаметражны фільм «Белы шар» (1995) атрымаў «Залатую камеру» на Канскім фестывалі.

У 1997 годзе фільм «Люстэрка» адзначаны прызам «Залаты леапард» у Лакарна.

У 2000 годзе стужка «Кола» заваявала «Залатога льва» на Венецыянскім фестывалі.

А фільм «Таксі» ў 2015 годзе атрымала «Залаты мядзведзь» Берлінале. Гэта быў фільм аўтабіяграфічны, у ім рэжысёр выступае ў ролі таксіста і вядзе гутаркі з пасажырамі. 

Jafar Panahi Джафар Панахі Джафар Панахи
Джафар Панахі на 78-м Канскім фестывалі. 20 мая 2025 года. Sylvain Lefevre / Getty Images

Свой новы фільм — «Чыстая выпадковасць» — у Канах Панахі прэзентаваў асабіста — упершыню з 2010 года.

Паводле слоў кінакрытыка Антона Доліна, «Чыстая выпадковасць» — «у палітычным сэнсе яшчэ і самая правакацыйная, адкрытая і глыбокая карціна Панахі».

Пра што фільм

Увечары па пустыннай дарозе едзе аўтамабіль: бацька, цяжарная маці, маленькая дачка. На момант пераключыўшы ўвагу з дарогі на магнітолу, мужчына збівае сабаку. Дзяўчынка ў шоку, бацька нервуецца. Машына раптам глохне, і кіроўца вымушаны звярнуцца па дапамогу да выпадковага аўтамеханіка.

У гэты момант з'яўляецца іншы персанаж — Вахід. Ён уважліва глядзіць на бацьку сямейства, запамінае яго твар і нумар машыны.

На наступны дзень кіроўца машыны (Экбаль) аказваецца выкрадзеным і звязаным у фургоне. Пазней гледачы даведаюцца прычыну. Вахід — былы палітвязень, які перажыў у турме катаванні, а пасля яе — самазабойства каханай і страту працы. Ён упэўнены, што Экбаль — той самы афіцэр спецслужбаў з мянушкай Калека, які здзекаваўся з вязняў і выбіваў прызнанні. У Вахіда адбітыя ныркі, ён ходзіць з цяжкасцю. Экбаля ён пазнаў па скрыпе пратэза: той страціў нагу падчас вайны ў Сірыі.

Вахід прывозіць выкрадзенага ў пустыню і пачынае капаць яму магілу. Але той крычаць, што гэта памылка, што ён не той, за каго Вахід яго прымае.

Сумнеў — ключавы элемент фільма. Былы палітзняволены пачынае думаць: ці сапраўды ён пазнаў ката? Ці гнеў і боль не зацямнілі яму змыслаў?

Каб пацвердзіць асобу палоннага, Вахід звяртаецца да іншых, хто выжыў, — былых ахвяр: фотажурналісткі, лекара, кнігара. Ва ўсіх іх у памяці застаўся боль, але ніхто не бачыў твару ката — на іх былі павязкі. Цяпер павязка — сімвалічна — апынаецца на вачах у палоннага.

У імправізаваным лагеры ў пустыні разгортваецца абмеркаванне: што рабіць з чалавекам, які, магчыма, і ёсць той самы Калека?

Долін адзначае: «Панахі — гуманіст, які цураецца любой павучальнасці, уцякае ад маніфестаў і лозунгаў. Вечную праблему адказу на гвалт — становішся ці ты сам злом, калі змагаешся з ім яго метадамі? — ён пераносіць у выключна практычную плоскасць, абыходзячыся без пампезнасці і маралізатарства. Надзеі на адкрыты фінал няма».

Структура фільма закальцаваная: гісторыя пачынаецца і заканчваецца ў адным месцы, праз суткі. Усё нібыта патрабуе, каб героі паставілі кропку — але ці змогуць яны?

Рэжыссёр Джафар Панахі (у цэнтры) разам з жонкай (справа) і дачкой (злева) а таксама асноўнымі акцёрамі фільма «Чыстая выпадковасць» на чырвонай дарожцы Канскага фестывалю. 20 мая 2025 года. Фота: Andreas Rentz / Getty Images

Чаму гэты фільм важны для беларусаў

«Чыстая выпадковасць» гучыць як прамы зварот да беларускай траўмы 2020 года. За апошнія гады тысячы беларусаў прайшлі праз камеры і катаванні, сотні былі пакалечаныя, некаторыя загінулі ў зняволенні. Але галоўнае — мы ведаем тых, хто катаваў. Іхнія прозвішчы, фота, пасады — вядомыя дзякуючы расследаванням і публікацыям.

Пытанні, якія Панахі ставіць у фільме, — гэта пытанні, што ўзнікаюць у многіх беларусаў: што рабіць, калі ты сустрэнеш таго, хто цябе збіваў? Ці можа помста стаць формай справядлівасці — ці толькі памножыць зло? Ці здольны ты дараваць? А ці патрэбна гэта?

Панахі не маралізуе, але робіць галоўнае: паказвае, як цяжка заставацца чалавекам у нечалавечых абставінах. І наколькі небяспечная мяжа паміж справядлівасцю і помстай.

Каментары5

  • Вока за вока
    21.05.2025
    V
  • Gorliwy Litwin
    21.05.2025
    такое толькі ў фільмах магчыма. У рэальнасці Красаўцы засноўваюць феадальныя дынастыі і жывуць доўга-шчасліва, перадаюць прывілеі нашчадкам у спадчыну. Толькі ўнукі (некаторыя) пачынаюць франдзіраваць і засноўваць розныя талокі. Але гэта ніяк не азначае справядлівасці. Карацей, выпусцілі пару і пайшлі цягнуць лямку безнадзёгі далей
  • Вольга
    21.05.2025
    Тыя, што здзекваліся, білі, смяяліся, судзілі, абвінавачвалі свядома - павінны спазнаць сапраўднае значэнне мянушкі, якую яны надалі нам усім.

Цяпер чытаюць

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць39

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: Кожны год, 21 мая, сэрца сціскаецца ад болю13

Трамп абвясціў пра стварэнне новай супрацьракетнай абароны ЗША «Залаты купал», якая павінна стаць найлепшай у свеце5

Грузія цалкам забараніла рээкспарт аўто ў Расію і Беларусь. Што гэта азначае для беларусаў на практыцы?9

У Мінску кіроўца збіў на пераходзе сямігадовага хлопчыка на самакаце1

Навуковец распавёў пра геалагічныя загадкі Беларусі: іртуць з зямлі і кратар ад падзення метэарыта, які знішчыў усё жывое ў радыусе тысяч кіламетраў9

Улады Іспаніі патрабуюць ад Airbnb выдаліць больш за 60 тысяч аб'яў аб арэндзе жылля1

Кіраўнік «Еўраопта» выйшаў на свабоду4

Туск: Польшча не адправіць войскі ва Украіну, гэта канчатковае рашэнне18

Ва Ушачах каля людскіх дамоў заўважылі ваўка з абадраным хвастом2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць39

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць