Ці выпадкова падзенне агульначалавечага ўзроўню інтэлекту супала з распаўсюджваннем інтэрнэту?
Здаецца, на нашых вачах памірае адна спрадвечная вера — у выключна пазітыўную ролю новых тэхналогіяў, піша ў фэйсбуку журналіст Віталь Цыганкоў.

Вопыт усяго чалавецтва паказвае, што любая новая тэхналогія нейкі час з'яўляецца здабыткам эліты — але потым становіцца агульнапрынятай, уваходзіць у шырокія народныя масы, адпаведна валоданне ёй перастае даваць перавагі, перастае быць знакам нейкай абранасці. Так было з радыё, тэлефонам, тэлевізарам, — а пазьней і інтэрнэтам.
Зараз нават забаўна ўспамінаць, якія спадзяванні ўскладаліся на развіццё інтэрнэту. Усур’ёз лічылася, што далучэнне шырокіх народных масаў да сусветнай інфармацыйнай сеткі аўтаматычна падштурхне іх да дэмакратычных і ліберальных каштоўнасцяў. Лічылася, што «недаразвітыя» людзі сядзяць у тэлевізары, а «развітыя» — у інтэрнэце. І вось калі апошняя бабуля нарэшце выйдзе ў Сеціва — то будзе нам дэмакратычнае шчасце. Не выйшла.
Уражвала, наколькі тут блыталіся прычыны і наступства. Проста прадэмакратычныя і празаходнія беларусы (тая самая эліта на першым этапе тэхналогіі) першымі прыйшлі ў інтэрнэт і стварылі сабе ўражанне, што тут «усе такія». Але потым у інтэрнэт прыйшлі ўсе астатнія, — і не змяніліся. Бо інтэрнэт не мяняе людзей, як не мяняе іх тэлефон.
Гадоў з 10 таму я прыдумаў і напісаў у ФБ жарт: «Лічыць, што людзі, якія сядзяць у інтэрнэце, больш прагрэсіўныя — гэта ўсё роўна, што лічыць, што людзі, якія ездзяць у экалагічных тралейбусах, больш прагрэсіўныя за тых, хто ездзіць у аўтобусах».
Больш за тое, даўно ўжо паўстае заканамернае пытанне, якую шкоду прыносяць новыя тэхналогіі для развіцьця чалавека. Швецыя, наколькі я чытаў, прызнала памылковым эксперымент лічбавага навучання ў школах і вярнулася да кнігаў — бо электронныя носьбіты «негатыўна ўплываюць на развіццё школьнікаў».
Сфармавалася разуменне, што той, хто чытае кнігі, значна больш развіты за таго, хто гартае стужку інстаграма ці тыктока. Я ўжо не кажу пра тое, што сацсеткі могуць станавіцца каталізатарам пэўных псіхалагічных праблем людзей, што мы штодня назіраем у фэйсбуку.
Я калісьці ўжо расказваў пра агульнапрызнаную статыстыку, паводле якой з канца 1990-х упершыню ў гісторыі назіранняў (з 1930-х гадоў) IQ чалавецтва стаў паслядоўна зніжацца, і гэта зніжэнне працягваецца ўжо 25 гадоў.
А цяпер задумаемся, ці выпадкова так супала, што гэтае падзенне агульначалавечага ўзроўню інтэлекту пачалося менавіта разам з масавай камп'ютарызацыяй і распаўсюджваннем інтэрнэту.
І ці не з'яўляюцца палітычныя і сацыяльныя працэсы, вынікі галасаванняў у многіх краінах яркім сведчаннем таго самага сярэднестатыстычнага зніжэння ўзроўню інтэлекту? І які ўплыў на калектыўны розум людзей акажа масавае распаўсюджванне штучнага інтэлекту, калі ягоны спажывец ужо не павінен сам нічога думаць і памятаць, а проста задаць пытанне, і верыць атрыманаму адказу?
Каментары
другое: без ЭВМ і глабальнай павуціны шмат якіх дасягненняў проста не было б, да прыкладу ў той же фарматэўтыцы ці лекаванні ракавых пухлін.
луддызм - пройгрышная ідэалогія, спадар Цыганкоў.
Камп'ютар, інтэрнэт, штучны інтэлект дапамагаюць людзям тупець толькі ў адной просценькай умоўнай мадэлі:
калі яны вырашаюць частку задач, якія раней вырашаў чалавек, і з-за таго частка ўменняў чалавека прынцыпова знікае.
Такое справядліва толькі на даволі спецыфічных прыкладах: напрыклад, арыфметыка без калькулятара.
А ўвогуле чалавек пачынае вырашаць іншыя задачы, не менш складаныя: як запраграмаваць той камп'ютар або хаця б проста працаваць на ім.
Гэта ўсё ж трохі складаней за чытанне газеты і бухгалтарскі ўлік на паперках.
Аднак не настолькі, як нам жадаецца - каб чалавек перайшоў на нейкі новы ўзровень на 2 галавы вышэй. Мабыць, адсюль і расчараванне.
2) Сёння доступ да любой кнігі свету ў кожнага ў кішэні.
3) Чалавек не паразумнее, калі прачытае не тую кнігу, а іншая будзе недаступнай. Народжанаму ў СССР варта памятаць пра такую пагрозу.
4) "Пасля гэтага" і "разам з гэтым" не значыць "з прычыны гэтага".
5) Хто сказаў, што чалавецтва дурнее?
Пакажыце мне гэтага разумніка.
6) Нежаданне вучыцца карыстацца дасягненнямі цывілізацыі не падстава знішчаць цывілізацыю.
7) У Швецыі "электронныя носьбіты не так уплываюць"? Гл. п. 6.
Урэшце можна згасіць святло і вучыцца пры свечках, бо няправільнае асвятленне псуе зрок.
Бадай самая лепшая школьная адукацыя ў свеце фінская, дзе адмовіліся ад пісьма рукамі, а французы, здаўна і сёння самыя лепшыя у свеце матэматыкі, ад першае клясы карыстаюцца калькулятарамі без адвечнага савецкага "устного счета".
Паасобныя фрагменты эрудыцыі не больш як фрагменты эрудыцыі, не варта рабіць іх культам ці аргументам "ад усяго".
8) "Я дзесьці чытаў" не значыць "вось вам рэцэпт".