«Гэта як ВІЧ у людзей». Беларуска выратавала бяздомнага ката і спрабуе вылечыць яго ў Польшчы ад цяжкай хваробы
Колю — шэра-белага ката — Ірына знайшла ў Лодзі і выратавала ад маразоў. Тры гады яны пражылі разам, а нядаўна ветэрынар-анколаг паставіў яму дыягназ вірус лейкеміі котак. Цяпер дзяўчына шукае грошы, каб выратаваць пухнатага члена сям’і. Яна падзялілася сваёй гісторыяй з MOST.

Тры гады таму Ірына жыла з хлопцам на ўскраіне Лодзі — у раёне, дзе шматпавярховікі суседнічаюць з прыватнымі дамамі. Аднойчы, у дваццаціградусны мароз, маладыя людзі пачулі на вуліцы плач. Спачатку яны не зразумелі, хто гэта, і сталі распытваць суседзяў. Аказалася, гэта быў кот.
— Спачатку нам сказалі, што гэты кот — хатні, што ў яго ёсць гаспадары і ён тут жыве. А на вуліцу [толькі] выходзіць, — кажа Ірына. — Мы пачалі яго падсілкоўваць і [з часам] даведаліся, што гаспадар напраўду ёсць, але ён трапіў у бальніцу. А тыя, хто яму дапамагаў, забралі двух сабак, а ката кінулі.
«Кот у нас будзе, толькі калі мы будзем жыць у замку»
Ірына працягвала карміць ката. Але ў адзін момант «сэрца не вытрымала», і яна прапанавала хлопцу вылавіць жывёлу і адвезці ў прытулак. Беларуска адзначае, што ў Польшчы бяздомных жывёл не ўсыпляюць, у адрозненне ад Беларусі, таму гэты варыянт здаваўся ёй найлепшым для выратавання ката.
— Я не мела надзеі забраць коціка да сябе, бо мой хлопец быў катэгарычна супраць. Сказаў, што кот у нас будзе, толькі калі мы будзем жыць у замку, у якім будзе асобны пакой для ката. Мы шмат сварыліся на гэтай глебе, бо я вельмі хацела, — прызнаецца Ірына.
У выніку Ірына ўсё ж злавіла ката і прынесла дадому. Хлопец пагадзіўся на часовую ператрымку жывёлы — пакуль для яе не знойдзецца новы дом. А потым растаў: кот стаў праяўляць да яго цікавасць і без страху ішоў на рукі.
— Хлопец сказаў, што гэта наш кот і яму не трэба шукаць гаспадароў, — успамінае беларуска. — Мы купілі яму корм, латок. Так Коля застаўся ў нас.
«Гэта як ВІЧ у людзей»
Ужо на трэці дзень Ірына павяла ката да ветэрынара. На прыёме лекар не выявіў ніякіх праблем, але прапанаваў здаць аналізы — на смяротныя хваробы, шаленства і лейкоз. Вынікі былі адмоўнымі, за выключэннем апошняга — ён паказваў утоеную форму віруса кацінага лейкозу.
— Вірусны лейкоз у катоў — гэта як ВІЧ у людзей. Гэта паганая вірусная хвароба. Перадаецца яна [паміж жывёламі], напрыклад, падчас сумеснага вылізвання альбо ў працэсе нараджэння, — апісвае захворванне Ірына. — Ветэрынар прапанаваў пакалоць інтэрферон (супрацьвірусны імунамадулюючы прэпарат) для прафілактыкі, але мы на гэта не пайшлі. Ветэрынар сказаў, што, можа, імунітэт справіцца і без прэпарату, а гэтая тэрапія — даволі дарагая. Плюс мы не хацелі стрэсаваць ката ўколамі. Таму вырашылі адкласці.
Я села на калені ў калідоры і рыдала»
Тры гады, па словах Ірыны, Коля жыў як нармальны здаровы кот. Але гэтай вясной яму стала дрэнна: увечары суботы кот быў актыўным, а раніцай наступнага дня — ляжаў, не паднімаючыся, адмаўляўся ад ежы і вады. Дзяўчына забіла трывогу і павезла жывёлу ў дзяжурную ветклініку.

— Там зрабілі аналізы і пацвердзілі, што вірус лейкозу ёсць, а да яго яшчэ і лейкацытоз — колькасць белых крывяных клетак фенаменальна высокая. Гэта прамы паказчык, што пачынае ўтварацца рак крыві, — кажа беларуска.
— Мы прыехалі дадому, я села на калені ў калідоры і рыдала. Коля — частка сям’і. Я малілася, каб ён пажыў яшчэ. Было цяжка прыняць, што смерць настолькі блізка і што магчыма будзе патрэбная эўтаназія, каб ён не пакутаваў.
На наступны дзень Ірына звязалася з ветэрынарам, які назіраў Колю. Ён пацвердзіў дыягназ і зноў прапанаваў тэрапію супрацьвірусным прэпаратам. Ірына пагадзілася, але вырашыла пашукаць і альтэрнатыўныя варыянты.
— У Facebook-суполцы коцікаў з лейкозам жанчына-полька расказала пра даволі новы прэпарат, малавядомы ў Еўропе, які лечыць ад гэтай хваробы. Яго пачалі распрацоўваць 15 гадоў таму ў Азіі, але ў продаж ён паступіў толькі ў 2025 годзе. І ёсць выпадкі нават поўнага вылячэння ката ад лейкозу, — Ірына пераказвае інфармацыю і тлумачыць, што ў складзе гэтага прэпарата тры бялкі, якія звязваюць клеткі віруса, перашкаджаюць ім развівацца, і стымулююць касцявы мозг выпрацоўваць больш здаровай крыві.
«Маральна было вельмі цяжка папрасіць дапамогі»
Але некаторыя моманты такой тэрапіі насцярожваюць. Напрыклад, жанчына распавяла, што замовіць прэпарат можна толькі з афіцыйнага сайта. Свабодныя грошы ў жанчыны скончыліся літаральна за два дні: прыём у ветэрынара і аналізы абышліся ў 2 тыс. злотых (480 еўра), а прызначаны доктарам супрацьвірусны прэпарат — яшчэ ў 1 тыс. злотых (240 еўра). На першую дозу інавацыйнага прэпарата, які каштаваў каля 2 тыс. злотых (480 еўра), не хапала.
— Я прадпрымальніца і я заўсёды за тое, каб зарабіць грошы, і маральна мне было вельмі цяжка на гэта вырашыцца (папрасіць дапамогі). Але ўсё ж адкрыла zrzutku (збор сродкаў), — кажа Ірына. — На здзіўленне беларусы адгукнуліся ўсім светам. І адгукнуліся знаёмыя палякі. Спачатку сума збору была 9 тыс. злотых, і палову мы сабралі недзе за пару дзён — на першую дозу прэпарата, на абследаванні і бады.
З таго моманту сума збору павялічылася да 16 тыс. злотых (3840 еўра). Ірына расказвае, што тэрапія аказалася больш складанай і працяглай, чым яна чакала.
— Зараз збор не такі пільны, бо стан Колі стабілізаваўся. Яму лепей, — кажа яна.
Але ў хуткім часе Ірына даведалася, што кату спатрэбіцца пажыццёвая тэрапія. Гэта яе шакіравала. Але яна не адмовілася ад ідэі лячыць ката.
— Пастараюся ўпісаць гэта ў свой бюджэт. Наўрад ці буду рабіць зборы далей, — кажа беларуска.
Ветэрынар: «Лячэнне з’яўляецца эксперыментальным»
Ці варта лячыць ката ад такой хваробы і якія перспектывы такога лячэння, MOST спытаў ветэрынара Яну Жураўлёву.
— Вірус лейкозу котак — на дадзены момант, на жаль, невылечнае захворванне, якое забірае жыцці нашых улюбёнцаў. Гэты вірус належыць да сямейства рэтравірусаў — таго ж сямейства, што і ВІЧ (вірус імунадэфіцыту чалавека).
З даступных на сёння метадаў лячэння для котак — у залежнасці ад сімптомаў і цяжкасці захворвання — выкарыстоўваецца сімптаматычная тэрапія. Існуюць таксама эксперыментальныя пратаколы лячэння, напрыклад з ужываннем прэпарата RetroMad1 (менавіта яго параілі Ірыне), ці RetroMad1 у камбінацыі з інтэрферонам.
Паводле наяўнай інфармацыі, гэтая тэрапія добра пераносіцца катамі, сур’ёзных пабочных эфектаў не выяўлена. Аднак, на жаль, даследаванні праводзіліся на невялікіх групах, таму казаць пра высокую эфектыўнасць пакуль не даводзіцца.
Паколькі лячэнне з’яўляецца эксперыментальным, працягласць курса можа змяняцца — як згодна з новымі рэкамендацыямі падчас даследаванняў, так і з улікам індывідуальных асаблівасцей і патрэб канкрэтнага коціка.
Працягласць першага курса — 90 дзён, пасля чаго варта ацаніць вірусную нагрузку і агульны стан ката.
Мая асабістая думка — варта паспрабаваць хаця б дзеля эксперыменту, і я буду вельмі рада, калі коцік будзе адчуваць сябе лепш і гэта якасна падоўжыць яму жыццё.
Каментары