Святлана Алексіевіч: Праз майго тату пачала асэнсоўваць трагедыю цэлага пакалення, эпохі
У размове з Беларускім ПЭНам пісьменніца Святлана Алексіевіч вяртаецца да вобраза чырвонага чалавека і трагедыі пакаленняў, разважае пра боль і надзею, страх і адказнасць, маўчанне і гуманітарную культуру, якая можа не толькі сведчыць, але і зберагчы.

Трагічныя фігуры гісторыі
Калі я працавала над «Часам сэканд-хэнд», то нават мела на ўвазе падзагаловак — канец чырвонага чалавека… Шчыра тады верыла ў гэта. А насамрэч ён не знік. І не проста жыве — ён страляе ва Украіне, піша даносы ў Расіі, запускае наноў сталінскую машыну…
— Гэта значыць, сёмая кніга — працяг тэмы?
Так. Але гэта ўжо не толькі пра мінулае. Гэта пра будучыню. І не толькі пра нашую. Бо з’явіўся новы матэрыял, які не дае спыняцца. Тут і нашая беларуская рэвалюцыя, потым вайна ва Украіне, і наогул усё, што ў свеце зараз робіцца, разам з Трампам ды іншымі. Якоесьці вельмі доўгае рэха ўдалося злавіць вось у гэтай чалавечай прыродзе на развалах, абломках савецкай імперыі.
— Але хіба вобраз чырвонага чалавека не стаў сёння зручным ярлыком? Новае пакаленне нярэдка прыкрывае ім уласныя памылкі, прамашкі: маўляў, рэжым трымаецца на ранейшых пакаленнях… Фактычна нашыя продкі звінавачваюцца. У прыстасаванстве, бязвольнасці, падладжванні. А вы кажаце, што гэта ахвяры.
Яны трагічныя фігуры гісторыі. Гэта куды больш складанае, чым проста абразлівае «прыстасаванцы».
Вось мой бацька. Ён быў сельскім настаўнікам, дырэктарам школы — надзвычай цікавым чалавекам. Вельмі любіў маці, рыбалку, прыроду. Дагэтуль памятаю, як разам хадзілі па лесе, выязджалі на рэчку і заўсёды шмат размаўлялі — мы сябравалі. Ён быў камуністам і калі паміраў, то папрасіў…
— Паставіць помнік з зоркай?
Не: каб у труну паклалі партбілет: хацеў забраць з сабой на нябёсы…
— Якая вера!
Сёння каюся, што з неразумення не аднойчы даводзіла такога блізкага, любімага чалавека да слёз. Гэта было яшчэ да дваццатага года, да дзясятага нават. Абвінавачвала яго пакаленне. Ён вучыўся ў Інстытуце журналістыкі ў Мінску. І калі студэнты вярталіся пасля канікул, то бачылі: многія выкладчыкі знікалі. Аднойчы з усяго складу засталіся толькі двое… Пачула пра гэта і закрычала: «Як вы ўсе маглі тады маўчаць?!» Не адказваў. Маўчаў. А я думала: гэта баязлівасць, якая і нарадзіла ГУЛАГ. Чалавечая баязлівасць велічэзнага памеру.
Ці далей прыехала з Афганістана, з вайны, і таксама пачала з размаху, з разгону: «Тата, твае вучні там забіваюць ні ў чым не вінаватых людзей!» І бацька зноў нічога не адказваў. Сядзеў моўчкі — і раптам заплакаў. Вось калі мне стала так сорамна: відаць, штосьці не разумею, бо хоць мы розных поглядаў, аднак жа любім адно аднаго! Нам жа добра разам! Нават калі проста сядзім моўчкі… Праз тату пачала асэнсоўваць трагедыю цэлага пакалення, эпохі.
Тое і выратавала мяне ад стаўлення, калі ў перабудову дзевяностых да тых людзей прычапіліся зневажальныя слоўцы «савок», «саўкі»… А я ўжо не магла прыняць такога зняважлівага, несправядлівага стаўлення. Бо раней зразумела велізарную ўнутраную трагедыю таго часу. Калі таксама жылі, кахалі, верылі — але заблукалі ў ідэі.
Гэта няпраўда, што бацька «савок». Не! Уступіў у партыю пад Сталінградам, калі на руках памёр сябар, і наступным ранкам перад боем падаў заяву. Ды я не зведала і дзясятай долі таго, што перажыў ён у сваім часе!
Ва ўсім гэткім сучасным стаўленні да чырвонага чалавека вінаватая і літаратура, мастацтва ў цэлым. Вось назавіце хоць адну кнігу з апісаннем дзевяностых! Так, ёсць нешта, як пашукаць, але там неглыбока. Тым апісаннем маладых не ўзрушыць…
Час так хутка ляцеў, так імкліва змяняўся, што мы і самі не паспелі разабрацца са сваім мінулым — і тым больш растлумачыць яго новым пакаленням.
Свята адыходу ад аскезы
— А што кніга пра дзевяностыя мусіць апісваць?
Вось тое, што з намі было. Як усё адбывалася.
— У тым ліку, чаму сталі гаварыць «савок»?
Думаю, ад няведання. Ніхто нічога не расказваў — ні пра ГУЛАГ, ні пра Другую сусветную, ні пра партызаншчыну… Новыя людзі не да канца ведаюць трагедыю, якую перажыў народ.
— Ці ёсць паралель у адчуваннях пакалення вашага бацькі — і найноўшага, якое паспрабавала зламаць сістэму, стала рухальнай сілай 2020 года? У моманце, калі знікла ілюзія заўтрашняй перамогі і раптам паўстала жудасная рэальнасць магчымай расправы?
Мо ў самую апошнюю хвіліну перад здачай новай рэдакцыі «Часу сэканд-хэнд» у друк я паспела ўнесці ў кнігу яшчэ адзін эпізод. Дзяўчына распавядала, што вучылася і ўдзельнічала ў рэвалюцыі дзясятага года. І яна кажа: толькі ў камеры пашкадавала, чаму не прачытала «Доктара Жывага»… Мусіла, але прапусціла — кніжка падалася нуднай і наогул падумалася, што гэта даўняя, непатрэбная ўжо гісторыя… А тут, за дротам, ці не на кожным кроку сустракалася з апісаным Пастарнакам, Салжаніцыным. Напрыклад, любімым здзекам яе следчага было насоўваць цэлафанавы пакет на галаву чалавека, якога дапытваў, каб безабаронная ахвяра задыхалася… Бачыце, калісьці мы рызыкавалі свабодай, каб дацягнуцца да гэтых кніг, а новаму пакаленню яны былі нецікавымі — проста ляжалі на развалах.
— І што замест кніг?
Людзі тады ганарыліся адно перад адным: «Я пральную машыну купіў!», «А я — лядоўню!», «А мне кавамолка дасталася!»… Матэрыяльны аскетызм змяніўся пагоняй за спажывецтвам. І гэта, можа, уратавала. Інакш схапіліся б за зброю. Партыя ж не адыходзіла проста так. Людзі захапіліся ідэяй разбагацець. Ніхто не думаў, што некаму давядзецца і прыслужваць…
Чым больш я тады ездзіла, асабліва па Расіі, тым больш пра гэта думала. І калі ўжо пазней суразмоўцы згадвалі дзевяностыя, то адразу — тагачасныя свае набыткі, а затым ужо закрытыя прадпрыемствы, страчаную працу… Але спачатку, паўтару, было свята адыходу ад аскезы. І нейкім дзіўным чынам усё вось гэта зняло небяспеку грамадзянскай вайны.
— А што з расчараваннем? З гэтым унутраным адчуваннем, што будучыня бязгучная, а адказнасць за ўласныя няўдачы перакладаецца на іншых? Асабліва на «верхніх». Бо, маўляў, мы асабіста ні ў чым не вінаватыя.
Сапраўды, так гавораць. Але тут праблема глыбейшая: няма ідэй. Ні ўнізе, ні наверсе — ідэі проста зніклі. Людзі спрабавалі за іх зачапіцца. Напачатку — за рэлігію. Потым — за прыватнае жыццё. Бо болей няма за што. Памятаю, гадоў дваццаць таму быў час адкрытага цынізму. Сёння — іншы стан. Цынізм саступіў месца страху. І цяпер самотны чалавек можа зачапіцца хіба за другога. Больш няма за што ці каго.
— Тэма гвалту над асобай гэта нейкая беларуская выключнасць — або ўласцівае і Амерыцы, і Еўропе? Ці яно паўсюль, дзе разбураецца давер да будучыні?
Чаму толькі беларуская? Госпадзе, паглядзіце хоць бы на вайну ва Украіне! А што да будучыні, то як катэгорыя яна наогул знікла. Ні прадказаць яе, ні здагадацца хоць пра нешта заўтрашняе ніхто з нас сёння не можа. Ніводзін сур’ёзны мастак не возьмецца пра тое гаварыць. Цяпер нават мінулае нельга прадказаць, не тое што будучыню. Сённяшні момант немагчыма злавіць. А мы — яго сведкі. Здольныя настолькі сведчыць свету, колькі маем сіл.
Што можа вярнуць сэнс
— Вы працуеце над кнігай пра боль 2020-га. У тых гісторыях глыбока асабістыя перажыванні — ці ўсё ж калектыўная траўма?
Гэты боль часта вядзе не вонкі, а ўнутр — у маўчанне, эміграцыю, у адасобленасць. Але сам па сабе боль — не найгоршае. Бяда, калі ён ператвараецца ў культ. Калі ўвага канцэнтруецца толькі на пакутах — гэта пастка. Бо за ёй няма кроку далей, да аналізу і разумення таго, што з намі адбылося. Боль нельга ігнараваць, але яго трэба пераадолець. І шукаць найвышэйшае: пытанне пра сэнс. Навошта чалавек нечакана для сябе спускаўся ў падвал? Што з ім і з намі ўсімі адбылося?
Вось пра што мусіць быць літаратура сёння. Яна мусіць вярнуць чалавеку не толькі праўду — сэнс. А цяпер голас пісьменніка прыдушаны шумам: тэлевізара, Telegram-каналаў, сацсетак. І боль, калі ён застаецца без пытанняў, ператвараецца ў тупік.
— Адчуваеце гэта асабіста?
Вельмі. За сабой заўважаю: калі чытаю ў інтэрнэце — гэта ўсё як бы міма свядомасці. Не так, як калі застаешся сам-насам з кнігай. Ёсць людзі, якіх нясе паток. А ёсць тыя, хто хоча асэнсоўваць сваё жыццё. І для такіх сёння галоўнае — захавацца. Не даць сябе раздушыць, не згубіць сябе ў тым, што адбываецца вакол.
Культура як выратаванне
— І гэта ўжо не пра ідэалогію, а пра культуру, змест асобы?
Так. Пра тое, з чаго ты складаешся як чалавек. Ці ёсць у цябе глеба. Без культуры, без гуманітарнай асновы асоба безабаронная. А сёння гуманітарныя веды скарачаюцца і ў школах, і ў ВНУ. Маўляў, патрэбнае толькі прыкладное. Але толькі гэтага мала. Мне даспадобы здымак, дзе Эйнштэйн грае на скрыпцы. Вось у тым бачу формулу чалавечнасці. Усё трэба агуманітарыць. Навука без культуры не збаўляе.
Нядаўна ляцела ў самалёце і пабачыла кімсьці забытую кніжачку: Абама перапісваўся са сваёй Мішэль, у тым ліку пра кнігі. Развагі дваіх цікавых людзей. Там такі гуманітарны ўзровень, які для нашых цяперашніх лідараў папросту недасягальны. У іх ніякіх антэн няма для ўлоўлівання гэтых гукаў у свеце…
— Ці толькі прэзідэнты, канцлеры, старшыні маюць дэфіцыт глыбіні жыцця? Тут варта згадаць і «глыбінны народ». Які паўсюль: у Беларусі і Нямеччыне, у Польшчы і ў Амерыцы, у Італіі…
Гэта праўда. Згадваю, як у Мінск упершыню прывезлі мошчы. Я жыла тады побач з царквой. І бачыла тыя чэргі — два кіламетры, людзі ў хустках, у цішы, з надзеяй. Настаўнікі дзяжурылі па начах, каб падтрымліваць парадак. І я зразумела: гэта і ёсць той народ, на які робяць стаўку. Але ён — не прачнуўся. Не пазнаў сябе. Магчыма, нават стаміўся ад гісторыі. Як і ўсе мы.
— Аднак мы ўсё ж мусім не страціць сябе, праўда?
Так. Нават калі мы — толькі сведкі. Толькі слабыя галасы ў шуме свету. Але гэта — наш абавязак: сведчыць і жыць. Праз культуру, слова. І праз боль, які трэба пераадолець і пераасэнсаваць.
Каментары