Свет44

Швецыя апошнім часам змянілася да непазнавальнасці — у новай мадэлі дзяржавы ўсё менш, а капіталізму і рынку ўсё больш

Краіна, дзе дзяржава калісьці дбала пра ўсё — ад школ і бальніц да сістэмы догляду за пажылымі — цяпер усё больш робіць стаўку на прыватны бізнэс, канкурэнцыю і рыначныя механізмы. Эталон калектывізму разварочваецца ў бок суровага індывідуалізму. 

Стакгольм. Фота: Lingxiao Xie / Getty Images

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя Швецыя была адносна беднай аграрнай краінай, але за некалькі дзесяцігоддзяў здолела ператварыцца ў адну з найбагацейшых эканомік Еўропы. Да сярэдзіны стагоддзя яна ўжо ўваходзіла ў тройку самых багатых краін кантынента, прычым тады шведская эканоміка яшчэ не абапіралася на гіганцкі дзяржаўны сектар і звышвысокія падаткі.

Маштабнае пашырэнне сацыяльнай дзяржавы пачалося ў 1960—1970‑я гады, калі сацыял-дэмакраты, што дамінавалі ў палітыцы ў пасляваенны перыяд, сталі хутка павялічваць дзяржаўныя выдаткі, падаткі і сацыяльныя праграмы. У выніку Швецыя паступова ператварылася ў адзін з галоўных сімвалаў скандынаўскай мадэлі ўсеагульнага дабрабыту. Да пачатку 1990‑х дзяржаўныя выдаткі дасягнулі каля 70% ВУП.

Менавіта тады, расказвае The Wall Street Journal, і выявіліся галоўныя праблемы мадэлі. Эканамічны рост запаволіўся, даходы пасля выплаты падаткаў практычна не раслі, павялічыліся дэфіцыт бюджэту і дзяржаўны доўг. Кульмінацыяй стаў банкаўскі крызіс пачатку 1990-х.

Стымуляванне прадпрымальніцтва

Тады пад ціскам інвестараў пачаўся дэмантаж старой сістэмы.

На працягу наступных дзесяцігоддзяў Швецыя паслядоўна скарачала дапамогі па беспрацоўі, прыватызавала дзяржаўныя паслугі і ў сярэдзіне 2000‑х нават адмяніла падаткі на багацце і спадчыну.

Вынік гэтых рэформаў уражвае: паводле звестак WSJ, дзяржаўная запазычанасць краіны складае ўсяго 36% ВУП (у параўнанні са 129% у ЗША), а сукупныя дзяржаўныя выдаткі знізіліся да 24% ВУП, што ніжэй за паказчыкі Францыі ці Італіі.

У выніку багатыя прадпрымальнікі, якія раней уцякалі ад высокіх падаткаў, пачалі вяртацца. З цягам часу ў Швецыі змянілася і стаўленне да багацця. Паводле міжнародных апытанняў, шведы цяпер больш лаяльна ставяцца да багацця, чым французы, немцы, іспанцы ці італьянцы, і больш пазітыўна ацэньваюць рыначную эканоміку, чым жыхары любой еўрапейскай краіны, акрамя Польшчы.

На думку WSJ, менавіта скарачэнне ролі дзяржавы стала адной з прычын шведскага тэхналагічнага буму. За 2015—2024 гады ў краіне прайшло больш за 500 першасных публічных размяшчэнняў акцый (IPO) — гэта больш, чым у Германіі, Францыі, Іспаніі і Нідэрландах разам узятых.

Цяпер Швецыя апярэджвае ЗША па колькасці мільярдэраў на душу насельніцтва дзякуючы квітнеючай сферы стартапаў і гульнявой індустрыі, якая стварыла такія хіты, як Minecraft і Candy Crush.

Сённяшняя Швецыя выглядае ўжо зусім не так, як яе ўяўляюць многія за мяжой. Міністр фінансаў Элізабэт Свантэсан адкрыта заяўляе, што Швецыя хоча, каб капітал заставаўся ў краіне і каб захоўваліся ўмовы для росту бізнэсу. У той час як многія еўрапейскія дзяржавы павышаюць падаткі, шведскі ўрад зніжае іх ужо трэці год запар. Верхняя стаўка падаходнага падатку, якая ў 1980‑я набліжалася да 90%, цяпер складае каля 50%.

Як адзначае WSJ, гэта дазволіла краіне істотна паменшыць памер дзяржаўнага сектара. Сукупныя дзяржаўныя выдаткі ў Швецыі цяпер складаюць каля 24% ВУП. Гэта прыкладна адпавядае ўзроўню ЗША і менш, чым у Францыі ці Італіі, дзе паказчык перавышае 30%.

Паводле прагнозаў МВФ, да 2030 года шведская эканоміка будзе расці на 2% штогод — прыкладна ўдвая хутчэй, чым эканомікі Францыі і Германіі.

Стакгольм

Прыватная медыцына ў Швецыі замяняе дзяржаўную 

Асабліва заўважны новы курс у ахове здароўя. Амаль палова клінік першаснай дапамогі цяпер прыватныя, а многія медыцынскія сэрвісы працуюць як тэхналагічныя кампаніі.

У прыватнай бальніцы Святога Ёрана ў Стакгольме ўжо некалькі гадоў выкарыстоўваюць штучны інтэлект для ранняга выяўлення раку грудзей. ШІ навучыўся бачыць прыкметы хваробы, якія дактары не заўсёды могуць заўважыць самастойна.

Сістэма настолькі хутка аналізуе абследаванні 80 тысяч жанчын штогод, што ў бальніцы істотна скараціліся чэргі. Медыкам больш не трэба працаваць па вечарах і ў выходныя, а сама бальніца пачала прымаць пацыентаў з перапоўненых дзяржаўных клінік, дзе няма такіх сістэм штучнага інтэлекту.

Прыватная канкурэнцыя прынесла карысць усёй галіне (медыцына ў Швецыі фінансуецца дзяржавай). У сярэднім расходы на медыцыну ў Швецыі ў 2014—2024 гадах раслі прыкладна на 1% штогод з улікам інфляцыі. Гэта прыкладна ўдвая менш, чым у Вялікабрытаніі, і ўтрая менш, чым у ЗША.

У медыцыне ўсё большую ролю адыгрываюць і тэхналагічныя кампаніі.

Адзін з самых вядомых прыкладаў — сэрвіс Kry, створаны ў 2015 годзе. Праз гэты дадатак можна запісацца на анлайн-кансультацыю з доктарам, атрымаць рэцэпт або медычную даведку, не выходзячы з дому.

Як піша WSJ, сёння Kry ужо мае ў Швецыі больш карыстальнікаў, чым Netflix. Віртуальныя прыёмы даступныя кругласутачна, а дактары размаўляюць на розных мовах, уключаючы арабскую.

Праўда, як адзначае WSJ, крытыкі сцвярджаюць, што прыватныя клінікі канцэнтруюцца пераважна ў заможных гарадскіх раёнах, дзе лячэнне пацыентаў абыходзіцца танней. Дзяржаўным жа ўстановам застаюцца найбольш складаныя і дарагія выпадкі ў бедных або сельскіх рэгіёнах.

Школа

Падобная дыскусія працягваецца і вакол адукацыі. Сёння кожная трэцяя дзяржаўная сярэдняя школа ў Швецыі кіруецца прыватнымі структурамі, а прыкладна кожны дзясяты падлетак вучыцца ў школах кампаніі AcadeMedia, якая каціруецца на біржы.

Гэтыя школы атрымліваюць дзяржаўныя сродкі ў залежнасці ад колькасці вучняў, але самі вырашаюць, як іх траціць.

У Мальмё школа Bryggeriets, створаная мясцовай скейтбордынгавай супольнасцю, стала прыкладам таго, як можа выглядаць некамерцыйная прыватная адукацыя. Кожны вучань атрымлівае MacBook Air, а ў школе працуюць два выкладчыкі на клас замест аднаго на 25—30 дзяцей, як у дзяржаўнай сістэме. Школа арандуе таннае памяшканне ў будынку былога бровара.

Прыватны статус дазваляе хутка прымаць рашэнні. Калі дзяржаўнае фінансаванне скарацілася, школа аператыўна павялічыла колькасць вучняў і пераразмеркавала класы. У дзяржаўнай сістэме гэта заняло б да года.

Закручаны торс — самая вядомая архітэктурная славутасць Мальмё. Фота: Kentaroo Trymen / Getty Images

Аднак мэр Мальмё непакоіцца, што камерцыйныя школы зацікаўленыя ў эканоміі на якасці дзеля прыбытку. Да таго ж прыватныя школы лепш прыцягваюць самых паспяховых вучняў з багатых сем’яў, а дзяржаўным застаюцца больш праблемныя дзеці, у тым ліку з мігранцкіх супольнасцяў.

Швецыя апошнім часам апусцілася ў міжнародных рэйтынгах адукацыі. Прыхільнікі прыватных школ вінавацяць у гэтым высокую іміграцыю, а крытыкі сцвярджаюць, што раздзяленне моцных і слабых вучняў паміж школамі пагаршае сярэднія вынікі па краіне.

Пераможцы і тыя, хто прайграў

Як адзначае аўтар WSJ, новая шведская мадэль ужо стварыла сваіх пераможцаў і тых, хто прайграў. Найбольш выйгралі прадстаўнікі сярэдняга класа, якія валодаюць уласным жыллём і атрымалі выгаду ад росту даходаў і цэн на нерухомасць.

Адначасова пагоршылася становішча арандатараў і бедных мігранцкіх супольнасцяў, якія гістарычна больш залежалі ад дзяржавы.

Доля шведаў ва ўзросце ад 20 да 27 гадоў, якія жывуць з бацькамі, вырасла з 15% у 1995 годзе да 26% у 2023‑м праз рост цэн на жыллё.

Улады Мальмё і іншых гарадоў скардзяцца, што пасля скарачэння фінансавання ад цэнтральнага ўрада ім усё цяжэй падтрымліваць адукацыю і сацыяльныя сэрвісы.

Пры гэтым недахоп дзяржаўных інвестыцый у інфраструктуру прывёў да праблем на чыгунцы і пагаршэння транспартных паслуг, што асабліва моцна адчулі менш заможныя людзі.

Крытыкі сцвярджаюць, што скарачэнне дзяржавы зайшло занадта далёка. У краіне імкліва расце няроўнасць. У дзясятках прыгарадаў з вялікай колькасцю імігрантаў успыхнуў гвалт банд, што стварыла зоны, дзе мясцовыя крымінальныя сеткі кідаюць выклік дзяржаўнай уладзе і перашкаджаюць працы паліцыі.

Паліцыя ля школы ў шведскім горадзе Эрэбру, дзе загінулі адзінаццаць чалавек, яшчэ пяць былі параненыя. 4 лютага 2025 года. Фота: Nils Petter Nilsson / Getty Images

Нават некаторыя архітэктары рэформаў прызнаюць, што працэс мог зайсці занадта далёка. Таму цяпер у Швецыі зноў пачынаецца дыскусія пра ролю дзяржавы. Напярэдадні парламенцкіх выбараў сацыял-дэмакраты патрабуюць забараніць прыбытак у школьнай сістэме, павялічыць фінансаванне сацыяльнай сферы і крытыкуюць падатковыя льготы для багатых.

Каментары4

  • Цім
    14.05.2026
    Шведскі сацыялізм прывабіў у краіну мільёны трутняў з усяго свету. Вось дзяржаўная сістэма і не вытрымала.
  • Indrid Cold
    14.05.2026
    Некантраляваны Капіталізм - гэта фінансавая піраміда. Спачатку добра, пазней рэсурсы канцэнтруюцца ў руках 1%, які не хоча перамен і прыводзіць да ўлады фашыстаў. Па выніку ўсім дрэнна - сярэдні клас пераўтвараецца ў бедных, бедныя ў галечу, дзяржава губляе падатковую базу. У выніку альбо рэвалюцыя - альбо бананавая рэспубліка, дзе грошы і ўладу трымаюць Сям'я і сябры, а ўсім іншым міска рыса і платная медыцына.
  • Colt 45
    14.05.2026
    Indrid Cold, Вы штосьці блытаеце: фашызм - гэта левая сацыялістычная ідэалогія. Беніта Мусаліні - вядомы сацыяліст.

Цяпер чытаюць

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты26

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння на Гомельшчыну заляцелі мінімум шэсць расійскіх беспілотнікаў

Кліматолагі абмяркоўваюць магчымасць перакрыцця дамбай Берынгава праліва. Навошта?9

Стваральнікі MSQRD закрываюць праект Locals2

Спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» Беларусі папоўніўся яшчэ трыма праектамі2

Пачобут: Турэмныя наглядчыкі святкавалі напад на Украіну савецкімі песнямі50

У Мінску далі назвы васьмі прыпынкам транспарту, адзін перайменавалі2

У мінскім метро памёр чалавек

Стала вядома пра вызваленне палітвязня Уладзіміра Дударава — былога віцэ-мэра Магілёва2

Рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык папярэдзіла пра фэйкавыя паведамленні, разасланыя махлярамі ад яе імя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты26

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць